Як зразумець Алеся Пушкіна? Раскладаем па палічках творчую біяграфію выбітнага мастака 

Веды  |  22.05.2025

 

 

 

Як зразумець Алеся Пушкіна? Раскладаем па палічках творчую біяграфію выбітнага мастака


Веды 
| 22.05.2025

Алесь Пушкін — адзін з самых значных мастакоў сучаснай беларускай культуры. Ён — мастак, чыя дзейнасць выходзіла за межы звычайнага мастацтва і ўяўляла сабой цэлы культурны феномен. Вядомы не толькі сваімі роспісамі храмаў і рэлігійным жывапісам, але і актыўнай культурнай пазіцыяй, Пушкін, у той жа час, з’яўляўся адным з прадстаўнікоў нацыянальнай ідэі ў мастацтве. І як падступіцца для разумення такой вялікай асобы і яго творчага шляха? Спецыяльна для Chrysalis Mag склалі своеасаблівы гайд па творчасці і жыццю Алеся Пушкіна, каб вам было прасцей пазнаёміцца з тым, што ён ствараў і чым жыў

ПАДЗЯЛІЦЦА:

Карані мастацтва. Самы пачатак шляху Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў мястэчку Бобр Крупскага раёна Мінскай вобласці. У тым самым доме, дзе пазней месцілася ягоная майстэрня, прайшло яго дзяцінства, якое ён згадваў праз вобразы мясцовага побыту, сямейнай спадчыны і асаблівых знакаў лёсу. 

Мастак згадваў адну з першых падзей у сваім жыцці як знакавы эпізод, які нібыта прадказаў ягоны лёс. У дзень, калі яго ўпершыню купалі, у дом нечакана зайшоў міліцыянер — ён расследаваў аварыю, што адбылася недалёка ад мястэчка. Пушкін успрымаў гэта як сімвалічнае сутыкненне з дзяржаўнай уладай, якое пазней стане адной з галоўных ліній яго біяграфіі. Паводле народных павер’яў, першае купанне дзіцяці можа неяк вызначыць ягоны лёс, таму традыцыйна да гэтага ставяцца з асаблівай увагай — заклікаюць бабулю і дзядулю, кідаюць у ваду манетку або кладуць пад ванначку кнігу, каб дзіця імкнулася да ведаў. Для самога мастака гэты выпадковы візіт міліцыянта ў момант рытуальнага абмывання быў не проста кур’ёзам, а прадвесцем доўгага супрацьстаяння з сістэмай.

Карані мастацтва. Самы пачатак шляху Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў мястэчку Бобр Крупскага раёна Мінскай вобласці. У тым самым доме, дзе пазней месцілася ягоная майстэрня, прайшло яго дзяцінства, якое ён згадваў праз вобразы мясцовага побыту, сямейнай спадчыны і асаблівых знакаў лёсу. 

Мастак згадваў адну з першых падзей у сваім жыцці як знакавы эпізод, які нібыта прадказаў ягоны лёс. У дзень, калі яго ўпершыню купалі, у дом нечакана зайшоў міліцыянер — ён расследаваў аварыю, што адбылася недалёка ад мястэчка. Пушкін успрымаў гэта як сімвалічнае сутыкненне з дзяржаўнай уладай, якое пазней стане адной з галоўных ліній яго біяграфіі. Паводле народных павер’яў, першае купанне дзіцяці можа неяк вызначыць ягоны лёс, таму традыцыйна да гэтага ставяцца з асаблівай увагай — заклікаюць бабулю і дзядулю, кідаюць у ваду манетку або кладуць пад ванначку кнігу, каб дзіця імкнулася да ведаў. Для самога мастака гэты выпадковы візіт міліцыянта ў момант рытуальнага абмывання быў не проста кур’ёзам, а прадвесцем доўгага супрацьстаяння з сістэмай.

008

Фотаздымак з прыватнага альбома Алеся Пушкіна.

Яго сям’я — карэнныя жыхары Бабра, і сам мастак з гонарам падкрэсліваў: мінімум пяць пакаленняў Пушкіных жылі тут, нягледзячы на войны, рэпрэсіі і сацыялістычныя пераўтварэнні. Менавіта бацька стаў першым, хто заўважыў і падтрымаў мастацкія здольнасці сына. Ён хацеў, каб Алесь стаў «багацейшым», чым працоўны на заводзе, і лічыў, што прафесія мастака можа забяспечыць яму лепшую будучыню.

З шасці гадоў Пушкін пачаў маляваць. Успамінаў, што ў дзяцінстве быў замкнёным, не любіў кампаніі, і замест рэчкі ці кіно выбіраў малюнак. Першы лёсавызначальны крок у мастацтве здарыўся, калі яму было трынаццаць. У раённым конкурсе, які праводзіў Пётр Пятровіч Шарыпа — прадстаўнік мінскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, Пушкін быў заўважаны і запрошаны на другі тур у Мінск.

005

Фотаздымак з прыватнага альбома Алеся Пушкіна.

Ён паспяхова прайшоў адбор і пасля пяці класаў сярэдняй школы ў Бабры паступіў у школу-інтэрнат. Гэтая ўстанова была закрытага тыпу: вучняў выпускалі за межы толькі з дазволу выхавацелькі. Але тут, у строгім асяроддзі і сярод аднадумцаў, Пушкін атрымаў грунтоўную мастацкую падрыхтоўку. Ён згадваў, што ў школе «малявалі цэлымі днямі і начамі», і што яго першым настаўнікам стаў усё той жа Пётр Шарыпа, які пазней курыраваў і яго дыпломную працу «Вясковыя ганчары», натхнёную паездкай у Івянец.

У 1983 годзе Пушкін скончыў вучобу ў школе-інтэрнаце і атрымаў характарыстыку для паступлення ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяперашняя Акадэмія мастацтваў). Гэта стала пачаткам яго прафесійнага шляху ў больш шырокім мастацкім асяроддзі.

009

Фотаздымак з прыватнага альбома Алеся Пушкіна.

Студэнцтва і фармаванне Пушкіна, якога мы ўсе ведаем

Пачатак 1980-х гадоў — канец познесавецкай стабільнасці і старт эры, якую сёння называюць часам «перабудовы». У гэтым гістарычным кантэксце фармуецца асоба Алеся Пушкіна — маладога мастака, для якога студэнцтва становіцца не толькі адукацыйным, але і глыбока экзістэнцыяльным досведам — прасторай грамадзянскай ініцыяцыі, культурнага выбару і палітычнага фарміравання.

Яго шлях — ад вучня Рэспубліканскай школы мастацтваў да студэнта Тэатральна-мастацкага інстытута — пачынаўся, як і ў многіх яго аднагодкаў, з мары стаць прафесійным творцам. Аднак ужо на ранніх этапах выявіліся сутыкненні з культурнай палітыкай дзяржавы: ад моўнай асіміляцыі — «перавучвання на рускую», да сацыяльнага ціску і маргіналізацыі беларушчыны. І ўсё ж — першым арыенцірам для самавызначэння сталі асобныя выкладчыкі і старшакласнікі, што насуперак афіцыйнай лініі даносілі веды пра БНР і нацыянальную гісторыю. Менавіта гэта «падпольная адукацыя​​» і стала падмуркам будучых дзеянняў Пушкіна.

001

Фотаздымак з прыватнага альбома Алеся Пушкіна.

Паваротным момантам для яго стаў удзел у Афганскай вайне — два гады службы ў 40-й агульнавайсковай арміі зрабілі з юнака чалавека, які вярнуўся з досведам гвалту і смерці. Гэты досвед, відавочна, паглыбіў яго рэфлексію над сутнасцю ўлады і чалавечай годнасці. Вяртанне ў інстытут супала з росквітам перабудовы: палітычная вольнасць, хоць і адносная, адкрыла для моладзі прастору выказвання — у мастацтве, у грамадскай дзейнасці, у адкрытым канфлікце з сістэмай.

І менавіта тут, на чацвёртым курсе інстытута, пачынаецца шлях Алеся Пушкіна як мастака, які разумее мастацтва як форму палітычнага выказвання. Для аднаго з універсітэцкіх заданняў замест звыклых эскізаў на тэму «Беларусь сацыялістычная», ён стварае эскіз з бел-чырвона-белым сцягам. Тады гэта было ўспрынята ўніверсітэтам як натуральная гістарычная рэч. І Пушкін пайшоў далей.

З Таццянінага парнатаўскага альбому (Алесь Аркуш)

1980-я, Парнат / Алесь Пушкін знізу злева.

На чацвёртым курсе ён вырашыў ператварыць мастацтва ў інструмент публічнай палітычнай прысутнасці і прапанаваў кіраўніцтву інстытута правесці «хадзячую выставу» — акцыю з плакатамі, якую планавалася правесці ў самым цэнтры Мінска, каля помніка Леніну. Ідэя падавалася яму лагічным працягам новай палітычнай атмасферы перабудовы. Але рэакцыя была рэзкай: рэктар забараніў выставу, спаслаўшыся на пагрозу санкцый з боку кампартыйных структур, якія ўсё яшчэ трымалі пад кантролем адукацыйныя ўстановы.

Пушкін не падпарадкаваўся. Ён самастойна выйшаў з плакатамі ў горад, нягледзячы на тое, што яго ўжо выклікалі ў пракуратуру і выдалі афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць супрацьпраўных дзеянняў. Ён успрымаў усё гэта з пэўнай доляй легкадумнасці — як акт грамадзянскага выкліку, які мусіў быць пачуты. У выніку на месцы яго ўжо чакала міліцыя, і адбыўся арышт — так прайшла адна з першых публічных акцый на Дзень Волі, 25 сакавіка 1989 года, у савецкім Мінску.

12. фота Пушкін3 – Алесь на кухні у нашай менскай кватэры. 1989 год.

Алесь Пушкін на кухні ў мінскай кватэры / 1989.

Пры гэтым у сценах Тэатральна-мастацкага інстытута яшчэ існавала адносная свабода — студэнтам дазвалялася ў сваіх працах звяртацца да тэм беларускай гісторыі, у тым ліку да спадчыны БНР. Але варта было выйсці з гэтымі ідэямі ў публічную прастору — і пачыналася рэпрэсіўная рэакцыя. Арышт Пушкіна выклікаў шырокі рэзананс. У інстытуце быў скліканы агульны сход, на які сабраліся 400 студэнтаў, прадстаўнікі адміністрацыі, партыйныя сакратары і нават генерал-маёр міліцыі. Абмяркоўвалася пытанне: ці варты ён заставацца ў шэрагах савецкіх студэнтаў.

Пушкін выступіў з прамовай, ператварыўшы абарону ў наступ. Акторы, ягоныя аднакурснікі, падтрымалі яго — і большасць прысутных прагаласавала за тое, каб ён застаўся. Але пакаранне ўсё ж было прызначана: яго пазбавілі статусу старасты групы, які ён займаў чатыры гады.

фота Пушкін2

Алесь Пушкін.

Віцебск — месца новых мастацкіх кірункаў і галерэі «У Пушкіна»

Пасля завяршэння навучання ў 1990 годзе Алесь Пушкін быў накіраваны ў Віцебск — горад, які ён свядома абраў як месца сваёй творчай рэалізацыі. Не апошнюю ролю ў гэтым выбары адыграла культурная біяграфія Віцебска: тут у розныя перыяды працавалі і Малевіч, і Шагал — постаці, што ўвасаблялі дух авангарду і эстэтычнага нонканфармізму. Гэты кантэкст стаўся для Пушкіна як маральна блізкім, так і творча натхняльны. 

Адразу пасля прыезду ён быў пастаўлены на ўлік у мясцовай міліцыі — сведчанне таго, што яго папярэдняя актыўнасць ужо знаходзілася ў полі ўвагі спецслужбаў. Пачаўшы працу на мастацкім камбінаце, ён атрымаў інтэрнат, але неўзабаве перайшоў да самастойнай практыкі: знайшоў сабе майстэрню, набыў мальберт і распачаў працу над першым буйным праектам. Выстава пад назвай «Сац-арт. Дэкларатыўнае мастацтва» стала спробай сфармуляваць уласную мастацкую філасофію, дзе візуальны вобраз набываў значэнне палітычнай формулы.

23. Віуебск, жаўнеры

Алесь Пушкін у Віцебску / студзень 1998 года.

У межах гэтай канцэпцыі ён распрацаваў маніфест і правёў публічны перформанс, які стаў адным з першых актаў вулічнага мастацтва ў незалежнай Беларусі. Так 25 сакавіка Пушкін ехаў па цэнтры Віцебска, седзячы на асле з голубам у руцэ, пад гукі духавога аркестра. У канцы дзейства мастак адпусціў птушку са словамі: «Ён прынясе нам свабоду!». Як адзначаў Пушкін пазней,  «Нiякiх “дазволаў” на такія мерапрыемствы з боку ўлады тады не існавала». 

Паралельна з індывідуальнай практыкай Пушкін ініцыяваў стварэнне прыватнай мастацкай прасторы  — «У Пушкіна», якая стала першай галерэяй падобнага тыпу ў Віцебску і адной з першых у краіне. Па асабістых успамінах мастака, за 1993-1995 гады было праведзена восем значных выстаў жывапісу, графікі, скульптуры, сучаснай фатаграфіі, пластычнага перформанса: 

«Усё гэта рабілася на свае заробленыя сродкі — ні Міністэрства культуры, ні арганізацыі і фонды не падтрымалі галерэю. Яна была першай лабараторыяй-эксперыментам апошняга кірунку сучаснага мастацтва ў Віцебску і Беларусі. Куратары-мастацтвазнаўцы галерэі: Ларыса Міхневіч (Віцебск, 1993-1994 гг.), Міхал Баразна (Мінск, 1994-1996 гг.),» — пісаў Пушкін у сваёй аўтабіяграфіі.

Пляцоўка, што размяшчалася на 50 квадратных метрах недалёка ад музея Шагала, праіснавала да 1997 года.

1996-03-23 Арт-прагноз

Арт-прагноз / 23.03.1996 / Алесь Пушкін зправа знізу.

Акрамя гэтага, мастак таксама працаваў сцэнографам у Віцебскім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа і ўдзельнічаў у міжканфесійных ініцыятывах па рэстаўрацыі сакральнай архітэктуры. Кожны тыдзень ён ездзіў у Магілёў, дзе па запрашэнні Беларускай каталіцкай грамады (кіраўніком якой быў Фелікс Янушкевіч) займаўся мастацкім аднаўленнем Кафедральнага касцёла Небаўзяцця Святой Дзевы Марыі — помніка сакральнага барока, які стаў сімвалам духоўнага адраджэння. У межах гэтай працы ён удзельнічаў у рэстаўрацыі фрэсак, арганізацыі выставачных праектаў і рэлігійных фестываляў.

2 у касцёле

 Алесь Пушкін рэстаўруе касцёл св. Станіслава ў Магілёве / 1995.

Закрыццё галерэі і вяртанне ў Бобр

Сярэдзіна 1990-х стала часам пераломаў не толькі ў грамадскім жыцці краіны, але і ў асабістым і творчым лёсе Алеся Пушкіна. Сутыкнуўшыся з нарастаннем цяжкасцяў у Віцебску, дзе ягоная галерэя пачала ўсё больш сутыкацца з адміністрацыйнымі абмежаваннямі, мастак усё часцей задумваўся пра вяртанне на радзіму — у мястэчка Бобр.

У 1995 годзе, прадчуваючы закрыццё сваёй галерэі «У Пушкіна», мастак дазволіў правесці там З'езд Беларускага Нацыянальнага Кангрэса і «гучна хлопнуць дзвярыма». Гэтая падзея стала фармальнай прычынай ліквідацыі галерэі пад выглядам «парушэння статута і не мэтавага выкарыстання памяшкання».

1995c. Алесь Пушкін на тэвээлаўскай канферэнцыі (Ales Arkush)

Алесь Пушкін на тэвээлаўскай канферэнцыі / 1995.

Пасля ўмовы для творчасці і самавыяўлення ў Віцебску зрабіліся невыноснымі. Пад ціскам дзяржаўных структур, што забаранялі выставы і адмаўлялі ў арэндзе памяшканняў, Пушкін вымушаны быў шукаць новае месца для жыцця і працы. Як сімвалічны акт вяртання да каранёў і духоўнага ачышчэння, у траўні 1997 года ён канчаткова пераехаў у роднае мястэчка Бобр.

Яшчэ з 1995 года ў Бабры Пушкін распачаў працу над роспісам новапабудаванай царквы Святога Мікалая Цудатворцы. На працягу двух гадоў ён ствараў унутраны візуальны свет гэтага храма — яго апошні буйны манументальны твор, дзе рэлігійнае мастацтва пераплялося з духоўным перажываннем эпохі. Завяршэнне роспісу супала з асабістым жыццёвым момантам: у жніўні таго ж года мастак абвянчаўся ў царкве, якую распісваў уласнаручна. Так асабістае і мастацкае, сакральнае і грамадзянскае зноў сустрэліся ў адной кропцы жыцця Алеся Пушкіна.

36. “Пушкін ў Бабры.

Алесь Пушкін ў Бабры / 2003.

Самая пазнавальная акцыя і «Новае ў Новым веку»

Канец 1990-х і пачатак новага тысячагоддзя сталі для Алеся Пушкіна перыядам супярэчлівага балансу паміж духоўным укараненнем і адкрытым выклікам. Пасля пераезду з Віцебска ў Бобр, мастак быццам вяртаўся ў прастору дзяцінства, дзе кожны краявід і кожная сцежка былі прасякнутыя памяццю і сэнсам. Аднак нават гэтая знешне ідылічная прастора не дала спакою чалавеку, які выбраў шлях сумленнага выказвання і мастацкай адказнасці.

Сімвалічны пачатак новага этапу — 1999 год, калі Алесь Пушкін здзейсніў адзін з самых вядомых сваіх публічных перформансаў: каля дзяржаўнай рэзідэнцыі ён паклаў партрэт кіраўніка краіны на тачку гною з надпісам «За 5-гадовую плённую працу» і працяў яго віламі. Гэтая акцыя, эпатажная і палітычна насычаная, выклікала бурную рэакцыю. Пушкін быў асуджаны ўмоўна па артыкуле за хуліганства. Ён прайшоў праз судовы працэс, псіхіятрычную экспертызу і грамадскае асуджэнне — не толькі з боку ўладаў, але і ўласных землякоў.

фота 1 (Э.Дзв)

Алесь Пушкін / 1994.

Успаміны мастака пра тое, як бабулькі, што раней называлі яго «нашым мастаком», пасля інцыдэнту пачалі выказваць пагарду, адлюстроўваюць трагічны вектар змены грамадскай атмасферы. Тая ж царква, якую ён распісваў з любоўю, пачала ўспрымацца як «падазронае месца» — ягонай прысутнасці там пазбягалі, а творы былі часткова перафарбаваныя.

Але нягледзячы на ўсё гэта, пачатак XXI стагоддзя стаў для Пушкіна часам унутранага пераасэнсавання. Жыццё на малой радзіме вяртала яго да каранёў — літаральна і духоўна. Ён дапамагаў старэнькім бацькам, зноў маляваў краявіды Бабра, збіраў суніцы і жукоў на бульбяных палетках. Але тое, што ў дзяцінстве было звычайнай часткай жыцця, цяпер успрымалася па-новаму — як асэнсаваны выбар застацца Тут, сярод свайго народа, у сваёй прасторы, з верай, любоўю і цярпеннем.

27. на гарышчы

Алесь Пушкін на гарышчы сваёй хаты.

«Новае ў Новым Веку, — пісаў ён, — якраз і ёсць тое, што па-новаму бачыцца і адчуваецца ўсё да болю знаёмае». Такі погляд сведчыў не пра ўцёкі ад рэальнасці, а пра нараджэнне глыбокага духоўнага бачання, у якім асабістае перапляталася з нацыянальным і агульначалавечым.

У гэты перыяд жыццё і творчасць Пушкіна атрымалі міжнароднае прызнанне. У 2005–2007 гадах польскім рэжысёрам Анджэем Фідыкам быў зняты дакументальны фільм «Беларускі вальс», прысвечаны мастаку. Фільм быў паказаны на тэлебачанні Польшчы, Швецыі, Нарвегіі, ЗША, увайшоў у фінал прэміі Emmy і быў прадстаўлены на міжнародным фестывалі «Movies that Matter» у Гаазе. Сам Пушкін быў запрошаны туды як ганаровы госць.

22. На фэсьце сярэднявечнай культуры – 5

Алесь Пушкін на фестывалі сярэднявечнай культуры / Навагрудак / 30.06.2002.

Ад попелу да адраджэння: Алесь Пушкін у 2010-я гады

Пасля бурнага пачатка новага веку, 2010-я сталі для Пушкіна часам складаных выпрабаванняў, але і істотнага духоўнага ўзняцця. Гэта быў перыяд, калі асабістае, нацыянальнае і сакральнае перапляліся ў ягоным жыцці так шчыльна, што ўжо не паддаваліся раздзяленню. 

Так адным з пераломных момантаў тых часоў стаў 2011 год. Пажар у царкве вёскі Бобр, якую некалі распісваў сам Пушкін, нанёс не толькі матэрыяльную шкоду, але і стварыў моцны духоўны разлом. Менавіта ў гэтай царкве мастак адлюстраваў спрэчны вобраз прэзідэнта ў кантэксце «Страшнага суда». Вясковая супольнасць пачала шэптам вінаваціць Пушкіна: «царква згарэла з-за яго». Але пасля менавіта яму было даручана аднаўленне царквы. Так пачаўся новы этап — пераход ад трагічнай страты да канструктыўнага адраджэння. Як сам адзначаў Пушкін у інтэрв’ю таго часу, перад ім стаялі тры варыянты: адмовіцца ад творчасці, з’ехаць у эміграцыю ці прыняць выклік. Ён выбраў апошняе.

2011-4

Алесь Пушкін / 2011 / здымак з Facebook.

Ужо ў красавіку 2011 года Пушкін падае афіцыйны праект іканастаса, які абапіраўся на архітэктурныя і духоўныя каноны, што існавалі ў храме да 1936 года. Праект быў не проста аднаўленнем — гэта была спроба вярнуць храму яго аўтэнтычнае беларускае аблічча. Асаблівую ўвагу мастак надае выкарыстанню ўнікальнай для Беларусі тэхнікі — стварэнню іканастаса з саломы. Да працы ён прыцягвае народных майстроў Веру і Аляксандра Салдатавых, што дазваляе ўвасобіць традыцыю, якой не існавала ні ў Расіі, ні ў іншых праваслаўных краінах.

Як казаў сам Пушкін, саламяны іканастас стаў не проста мастацкім рашэннем, а сімвалам адраджэння беларускай духоўнасці праз нацыянальныя формы. Гэта быў адказ не толькі на трагедыю, але і на тыповую праблему беларускага сакральнага дойлідства — знішчэнне аўтэнтыкі праз «сучасны гламур» і безгустоўныя заменнікі.

фота Гальшаны

Алесь Пушкін у Гальшанах.

Пасля Бабра ён працягвае працаваць над ключавымі сакральнымі аб’ектамі Беларусі. У 2012 годзе Міністэрства культуры прызначае яго навуковым кіраўніком рэстаўрацыі касцёла Дзевы Марыі ў Вішнева — помніка другой катэгорыі, алтар якога мае больш чым трохсотгадовую гісторыю. Гэтае прызначэнне сведчыць пра высокі ўзровень даверу і прызнання яго кампетэнцыі нават з боку дзяржаўных структур.

Зусім хутка — новы этап: рэстаўрацыя Сынкавіцкай абароннай царквы, адной з найстарэйшых у Беларусі, звязанай з імем Вітаўта. Катэгорыя значнасці гэтага помніка супастаўная з ансамблямі ў Міры, Нясвіжы, Свята-Еўфрасіннеўскай царквой у Полацку. У выніку Пушкін выконвае сваю працу без кампрамісаў і зыходзіць з думкі: не мастацтва павінна падпарадкоўвацца выпадковаму густу, а густ — ісці следам за гісторыяй.

463481712_8988815034476446_2020765698225255545_n

Алесь Пушкін у Сыгкавічах / 2012 / фотаздымак з Facebook.

Пры гэтым мастак бачыць сябе часткай грамадства, якое павінна браць адказнасць за нацыянальную спадчыну. Ён адкрыта рэагуе на тыповыя памылкі: калі святары ці мясцовыя ініцыятывы «абшываюць» храмы сайдынгам, усталёўваюць «залатыя цыбуліны» або прывозяць з Польшчы штучны дэкор. У гэтым Пушкін паводзіць сябе як мысляр і рэфарматар.

У гэты ж перыяд ягонае асабістае жыццё становіцца часткай адкрытага дыялогу з грамадствам. Мастак распавядае пра старэйшых дачок, якія нарадзіліся па-за шлюбам. Але замест звычайных апраўданняў — адкрытасць і прызнанне адказнасці. Пушкін настойвае: «галоўнае — гэта дзеці, а не фармальнасці». 

453166500_2440473352830001_1989625966752117534_n

Алесь Пушкін / 2013 / фотаздымак з Facebook.

Алесь Пушкін: мастак, які не спыніўся нават перад арыштам

Нягледзячы на шматлікія перашкоды і палітычныя рэпрэсіі, Алесь Пушкін працягваў сваю творчасць і прафесійную дзейнасць як рэстаўратар. Па ўспамінах мастака, пяць дзён на тыдзень ён працаваў у Мінску, а на выходныя вяртаўся ў родны Крупскі раён, дзе займаўся аднаўленнем унікальных роспісаў Бальнай залы палацу Пуслоўскіх — помніка архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Але нават такая дзейнасць не абараняла Пушкіна ад пераследу.

У 2021 годзе на выставе ў Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця быў прадстаўлены яго партрэт Яўгена Жыхара — антысавецкага падпольшчыка, які выклікаў абурэнне ўладаў. Генпракуратура распачала крымінальную справу па абвінавачванні мастака ў «рэабілітацыі нацызму». Адначасова быў затрыманы і арганізатар выставы Павел Мажэйка.

А, Пушкін – 1

Пра крымінальную справа супраць сябе Пушкін дазнаўся ў Кіеве. Але, нягледзячы на патынцыйную небяспеку ўсё адно не адмяніў запланаванае вяртанне ў Беларусь. З Кіева ён вылецеў у Мінск. Праз некаторы час мастака затрымалі.

У сакавіку 2022 года суд прызнаў Пушкіна вінаватым у рэабілітацыі нацызму і надруганні над дзяржаўнымі сімваламі. Мастак атрымаў пяцігадовы тэрмін у калоніі строгага рэжыму. У ліпені 2023 года Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі ад наступстваў прабоднай язвы страўніка, яму не было своечасова аказана медыцынская дапамога ў турме.

ales-pushkin-cover (1)

Алесь Пушкін падчас інтэрв'ю Chrysalis Mag / 2020.

Што засталося пасля?

Аналізуючы творчасць Пушкіна, беларускія мастацтвазнаўцы выдзяляюць яго як адну з ключавых фігуру ў развіцці сучаснага беларускага мастацтва. Яго творы — не толькі мастацкія аб’екты, але і сацыяльныя маніфесты, якія разбураюць забароненыя тэмы і табу. Важна, што Пушкін не проста выступаў супраць чагосьці, ён змяняў парадыгму беларускага мастацтва, пераносячы акцэнты з закрытых перформансаў на адкрытыя акцыі.

Зараз працы Алеся Пушкіна захоўваюцца ў Беларускім музеі ў НьюЁрку, Музеі сучаснага мастацтва г. Кальмар (Швецыя), Музеі збраёўні замка Ліў (Польшча), а таксама ў прыватных зборах Беларусі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, ЗША, Фінляндыі, Расіі, Францыі, Нарвегіі, Швецыі, Бельгіі.

Усе матэрыялы з тэкста прадстаўлены праектам PushkinArt па захаванню мастацкай спадчыны Алеся Пушкіна.

Познаёміцца з праектам бліжэй можна на іх афіцыйным сайце і старонцы Instagram 

Калі вы заўважылі памылку ці жадаеце прапанаваць дадатак да апублікаваных матэрыялаў, просім паведаміць нам.

 

Усе матэрыялы ўзяты з асабістых архіваў мастачкі.

Перадрук матэрыялу або фрагментаў матэрыялу магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Калі вы заўважылі памылку ці жадаеце прапанаваць дадатак да апублікаваных матэрыялаў, просім паведаміць нам.

ПАДЗЯЛІЦЦА:

Чытаць таксама:

Алесь Пушкін — аблічча беларускага перфарматыўнага мастацтва
Iнтэрв'ю, 6.11.2020 | СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА
Серыя самых важных падзей у гісторыі беларускага перформанса
Падборка, 1.04.2021 | СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА | ПЕРФОРМАНС
Время действовать: акционизм, перформанс, активизм. Часть 1
Знание, 2.09.2021 | СОВРЕМЕННОЕ ИСКУССТВО | АКЦИЯ | ПЕРФОРМАНС | АКТИВИЗМ

 

 

КАНТАКТЫ

 

САЧЫЦЕ ЗА НАМI

INSTAGRAM       TELEGRAM       TIKTOK       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2026
Выкарыстанне матэрыялаў або фрагментаў матэрыялаў
магчыма толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. 

 

 

 

 

 

 

 

КОНТАКТЫ

 

СЛЕДИТЕ ЗА НАМИ

INSTAGRAM       TELEGRAM       TIKTOK       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2024
Использование материалов или фрагментов материалов
возможно только с письменного разрешения редакции.