Серыя самых важных падзей у гісторыі беларускага перформанса
Падборка | СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА | ПЕРФОРМАНС | БЕЛАРУСЬ | 1.04.2021
Серыя самых важных падзей у гісторыі беларускага перформанса
Падборка | СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА | ПЕРФОРМАНС | БЕЛАРУСЬ | 1.04.2021
Для кожнага творчага чалавека ягоная дзейнасць часта ўспрымаецца альбо як сродак самавыяўлення, або як магчымасць прыцягнуць увагу да пэўных праблем. Раскрыць тыя рэчы, якія, на думку мастака, з’яўляюцца важнымі і актуальнымі для наваколля.
Складана сказаць, да якой катэгорыі адносяцца мастацкія перформансы, аднак, часта іх ідэя і рэалізацыя прыцягваюць больш увагі, чым манументальныя працы, плакаты альбо скульптуры тых жа самых мастакоў.
Мяркую, шмат хто з чытачоў праз асацыяцыю да слова перформанс мог бы згадаць замежных мастакоў альбо сучасных беларускіх акцыяністаў апошніх гадоў. Але зараз мы хацелі б распавесці пра самыя незвычайныя перформансы ў сучаснім беларускага мастацтва. Некалі мы ўжо рабілі таймлайн беларускіх акцый, але на той момант размова ішла менавіта пра палітычныя перформансы. Зараз гаворка будзе ісці пра акцыі розных фарматаў і зместаў, створаныя за час існавання незалежнай Беларусі.
ПАДЗЯЛIЦЦА:
Людміла Русава
Нядаўна мы выпусцілі асобны матэрыял, прысвечаны мастачцы як пачынальніцы і пэўным сэнсе папулярызатарцы мастацкага перформанса ў Беларусі. На яе рахунку больш за 100 акцый, таму даволі складана вылучыць з іх прынамсі некалькі, якія б мы маглі ўвесці ў катэгорыю асноўных альбо галоўных у жыцці Людмілы Русавай. На жаль, далёка не ўсе з іх былі дакументальна захаваныя і захаваліся да нашых дзён. Напэўна, тут будзе варта згадаць апошні перформанс з яе ўдзелам — «Месца танцаў», які мастачка курыравала ў 2003 годзе пры садзейнічанні фатографаў Сяргея Ждановіча і Аляксея Велікжаніна. Незвычайнасць фотамантажу перадае саму тэматыку дзеяння — прастора кадра падзеленая такім чынам, каб з аднаго боку мы бачылі танцуючую ў пэўна акрэсленай прасторы фігуру, з другога — тая ж прастора падаецца ўжо без яе. Такім чынам, мастачка намагаецца даследваць тэму прысутнасці ці адсутнасці сябе ў свеце з розных пазіцый і ракурсаў.
Алесь Пушкін
Напэўна, самы вядомы беларускі перформер апошніх дзесяцігоддзяў, Алесь Пушкін таксама не мог не стаць героем асобнага інтэрв’ю для Chrysalis Mag. Свае першыя перформансы Алесь пачаў рабіць яшчэ ў Савецкім Саюзе — яны заўсёды былі прысвечаныя як актуальным, так і гістарычным падзеям Беларусі. Ягоныя акцыі былі надзённымі, як па змесце, так і па форме іх перадачы: яны ніколі не мелі адназначнай рэакцыі як у грамадства, так і сярод мастацкай супольнасці. Адназначнай была толькі рэакцыя ўладаына такія «выхадкі» — за свае перформансы Пушкін неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай і нават крымінальнай адказнасці, ягоныя грамадскія акцыі часта зрываліся мясцовымі чыноўнікамі.
Калі ў нашым інтэрв’ю з Алесем Пушкіным мы ў першую чаргу акцэнтавалі сваю ўвагу на ягоных палітычных акцыях, зараз мы хацелі б з паказаць збольшага гістарычныя і сацыяльныя праекты мастака. Як, напрыклад, Дзень Волі-1988: у час, калі мала хто ў тагачасным БССР ведаў пра 71-годдзе з заснавання БНР, Пушкін, зрабіўшы 12 плакатаў, прысвечаных гэтай падзеі, разам са сваімі сябрамі ўладкаваў шэсце вуліцамі Мінска. Пушкін атрымаў вядомасць на ўвесь СССР, а таксама пяць гадоў выпрабавальнага тэрміну, з двума гадамі ўмоўна.
Ужо ў 1995-м годзе Пушкін здзяйсняе свой гістарычны перформанс «Шляхам святога Язафата» — у ім Пушкін уладкаваў шэсце вуліцамі Віцебска, трымаючы ў руках драўляны крыж. Акцыя прысвечана уніяцкаму біскупу Язафату Кунцэвічу — актыўнаму прыхілніку Берасцейскай уніі, за сваю жорсткасць празваны «душагубам», забітага ў Віцебску мясцовымі жыхарамі ў 1623 годзе.
Ужо ў 1995-м годзе Пушкін здзяйсняе свой гістарычны перформанс «Шляхам святога Язафата» — у ім Пушкін уладкаваў шэсце вуліцамі Віцебска, трымаючы ў руках драўляны крыж. Акцыя прысвечана уніяцкаму біскупу Язафату Кунцэвічу — актыўнаму прыхілніку Берасцейскай уніі, за сваю жорсткасць празваны «душагубам», забітага ў Віцебску мясцовымі жыхарамі ў 1623 годзе.
Віктар Пятроў
Свайго часу Віктар Пятроў быў асноўным каталізатарам публічнай дзейнасці ў беларускім нефармальным мастацтве, будучы актыўным арганізатарам супольнасцей і мерапрыемстваў творчага андэграўнда. Яшчэ на пачатку 1980-х гадоў Пятроў збірае ў сябе нефармальныя мастацкія кватэрнікі, а ў 1987 годзе ініцыюе стварэнне незалежнага творчага аб’яднання «Форма» — аднаго з першых у СССР, а ўжо ў 1990 годзе — супольнасці М-арт.
Пятроў, з’яўляючыся мастаком-перформерам, разам з Артурам Клінавым на працягу 15 год (1999-2014) яго існавання арганізоўвае міжнародны фестываль перформансаў «Навінкі».
На жаль, даволі складана знайсці нейкія дакладныя тлумачэнні ідэям і мэтам персанальных перформансаў Віктара Пятрова. Зрэшты сам мастак так апісвае матывы сваёй творчасці: «Асноўнае жаданне або ідэя, якая заўсёды мяне рухала, — гэта пазнанне ісціны. Што ёсць ісціна? Пытанне, зададзенае Пілатам Ісусу Хрысту застаецца самым фундаментальным пытаннем усіх часоў. Мастак таксама спрабуе адказаць на яго, і ў гэтым шлях маёй творчасці».
Аляксей Велікжанін
За той нетрывалы час, у якім Аляксей Велікжанін займаўся канцэптуальным мастацтвам, ім былі рэалізаваныя акцыя, якія адрозніваліся сваёй ідэйнай натхнёнасцю — тэмы прысутнасці/асяроддзя чалавека ў наваколлі, парадыгмы фармальнага (поп-арта) і нефармальнага ў мастацтве.
Першая акцыя мастака — «Чыстая падлога»: у 1995 годзе, у рамках міжнароднай незалежнай выставы In-formation Велікжанін… вымыў падлогу у Віцебскім мастацкім музеі, пасля чаго развесіў таблічкі на загароджах з назвай праекта на ангельскай мове, такім чынам адкрываючы мерапремства.
У наступным In-formation (1996) мастак, разглядаючы адну з экспазіцый выставы, на працягу сутак разжоўваў жуйку Stimorol, пасля чаго змясціў жуйку паміж дзвюх пласцін чорнага і празрыстага шкла і залітаваў волавам. Пасля пласціны былі змешчаныя ў рамку. У гэтым перформансе прагледжваецца дзве асноўныя лініі. Першая — перажоўваючы жуйку падчас прагляду экспазіцыі, адбываецца працэс апрацоўкі і ўспрыняцця працы менавіта маўленчарухальным (рус. речедвигательным) апаратам: жуйка як бы паглынала адчуванні ад перагляду экспазіцыі. Другая — акцэнт робіцца на Stimorol як своесаблівым элеменце поп-арта: дагэтуль недаступны ў савецкі час прадукт жуйка з часам становіцца паўсядзённым ва ўжытку. У наступным годзе праводзіцца аналагічная акцыя — але ўжо з удзелам глядацтва пры адсутнасці самога мастака.
Сваю апошнюю акцыю Аляксей Велікжанін арганізоўвае ўжо без глядачоў — у перформансе «У белае.. У Чорнае.. У срэбра.. Золата..» мастак намагаецца перадаць ідэю паглынання сябе ў навакольным асяроддзі, расфарбоўваючы сваё цела пад колер сезонаў года і часу сутак.
У далейшым Велікжанін адыходзіць ад пазіцый канцэптуальнага мастацтва, пераходзіць у манументальны і станкавы жывапіс, над чым і працуе да цяперашняга часу.
Міхаіл Гулін
Пачынаючы з 2008 года Міхаіл Гулін здзяйсняе перформансы, якія можна было б абагуліць як спробу аналізу стыгматызаванасці ў грамадстве, наяўнасці пэўных стэрэатыпаў. Як гэта было — мастак чапляе на сябе таблічку з надпісам «Я не…», але паралельна з гэтым апранаецца ў адзенне, прама супрацьлеглае надпісу. Акцыі аўтарства гэтага мастака трапілі якраз у той час, калі відэафіксацыя такіх падзей стала агульнадаступнай справай.
Адна з такіх з такіх акцый у 2012 годзе, «Персанальны манумент», скончылася затрыманнем супрацоўнікамі АМАПу Гуліна і ягоных паплечнікаў з далейшымі судовымі разбіральніцтвамі — Гулін у розных плошчах горада ўсталяваў скульптуру з з трох ружовых кубоў і жоўтага паралелепіпеда. Сілавікі разгледзелі ў гэтым палітычны кантэкст, людзей затрымлівалі жорстка (адзін з удзельнікаў акцыі быў збіты), але ў далейшым дзеянні группы перформераў на чале з Гуліным былі апраўданыя судом.
Акрамя Гуліна-перформера, мастака варта таксама адзначыць і як жывапісца — ягоныя працы былі таксама намі апублікаваныя. Міхаіл неаднаразова ўдзельнічаў у беларускіх і міжнародных выставах, сам з’яўляўся куратарам выставаў у Беларусі і за мяжой.
Група «Бергамот»
Мастацкі дуэт Вольгі Маслоўскай і Рамана Трацюка існаваў ў перыяд з 1998 па 2014 год. За гэты час група займалася куратарствам мастацкіх праектаў, інсталяцыямі і відэаартам, але ў першую чаргу яны асацыююцца са сваімі перформансамі. У асноўным яны кранаюць тэмы камунікацыі паміж людзьмі як у самім змесце акцыі, так і ў рэакцыі публікі на яе. У далейшым сэнсавыя рамкі перформансаў пашырыліся тэмамі сацыяльнай стэрэатыпіі, самаідэнтыфікацыі і дыскрымінацыі ў грамадстве.
Адметны бок перформансаў групы — у ім маглі ўдзельнічаць як непасрэдна самі мастакі, так і, па задумцы дуэта, іншыя людзі, часам зусім выпадковыя. І наадварот — перформанс маглі прыдумаць староннія людзі, але ажыццяўляў яго «Бергамот».
Да першых акцый групы можна аднесці перформанс з цыклу «Арганічнае жыццё». У ім на працягу 10 хвілін мастакі сядзяць ў кафэ, ядуць і даюць адзін аднаму аплявухі. Усе гэтыя дзеянні здымаюцца на прыхаваную камеру, дакументуючы мастакоў і рэакцыю публікі на гэтыя дзеянні. Апошнія, зразумела, не ведаюць, што гэта перформанс, і намагаюцца ўмяшацца ў працэс, спыніць агрэсію.
У другім перформансе, здзейсненым мастакамі, праз свае дзеянні яны намагаюцца перадаць пераадоленне уяўленняўпраб сапраўдных мужчыну і жанчыну. Так, Вольга Маслоўская спілоўвае абцасы сваіх туфляў, а Раман Трацюк склейвае клеем «Момант» падэшвы сваіх чаравікаў напроўст на нагах, пасля чаго Вольга, пакульгваючы ў туфлях без абцасаў, сыходзіць з памяшкання, цягнучы нерухомага Рамана за сабой.
У наступную групу перформансаў дуэт далучае замест сябе іншых людзей. Мастакі вырашылі паўтарыць свой даўні перформанс са шклом, але для гэтага былі задзейнічаныя выпадковыя людзі — у акцыі згадзіліся паўдзельнічаць бяздомны і хатняя гспадыня. Яны трымалі шкло 70×70 см, сціснуўшы яго паміж далонямі. Трымаць яго патрэбна было як мага даўжэй, і ўжо праз 20 хвілін, паколькі трымаць больш ужо немагчыма, яно падае і разбіваецца.
Яшчэ адна акцыя падобнага фармату — да адкрыцця выставы Vogue «Бергамот» прыдумаў акцыю, прысвечаную тэме мужчынскай сексуальнасці. Дзеля гэтага яны замовілі стрыптызёра, які выканаў свой стрыптыз-нумар «Джэймс Бонд» перад вялікім люстэркам.
У трэцюю групу перформансаў ўваходзяць перформансы «Бергамота», зробленыя іншымі людзьмі. Дзеля гэтага яны ў 2011 годзе арганізавалі конкурс на лепшую ідэю для перформанса.
Лепшай выявілася ідэя зрабіць імітацыю тэлевізійнай праграмы БТ пра становішча сексуальных меншасцяў ў Беларусі, вядучымі ў ёй павінны былі стаць самі мастакі. Сюжэт меў адлюстраваць самыя цікавыя здарэнні, актывістаў і акцыі.
Ірына Ануфрыева
Харэографка і мастачка Ірына Ануфрыева ў сваёй творчасці паядноўвае гэтыя дзве сферы свайго жыцця, што і знаходзіць свае адлюстраванне ў ейных перформансах.
Хоць сама Ануфрыева і не лічыць сябе перформеркай, паяднанне візуальнага і цялеснага ў творчасці мастачкі — наватарства ў гісторыі беларускага перформанса — дагэтуль такога не рабіў ніхто. Асноўны канцэпт Ірына ставіць на паняцце цела як формы творчага выказвання, філасофскую ідэю і прастору ў суадносінах з іншымі аб’ектамі наваколля.
Найбольш адметны перформанс мастачкі — бута-перформанс «У пустэчы». Бута — танец, які з’явіўся ў Японіі, галоўная ўвага ў якім надаецца не форме, а спосабам руху; танцор у ім як бы намагаецца адхіліцца ад сацыяльнага боку сваёй асобы. Са словаў Ірыны: «У гэтай працы я даследую ўразлівасць любой жывой істоты, пастаўленай на грань свайго існавання, якая сутыкаецца з рэальнасцю і праяўляе сябе ў экстрэмальнай сітуацыі».
Яшчэ адзін перформанс — «Замест танцаў», праведзены ў 2018 годзе ў галерэі «Ў». Ён быў натхнёны творчасцю Людмілы Русавай, якая сваім часам аказала вялікі ўплыў на Ірыну Ануфрыеву; ёй жа і была прысвечана праца, якая, па сутнасці, з’яўляецца адгалоскам да апошняга перформанса Русавай «Месца танцаў».
У сваім перформансе Ануфрыева на працягу пяці гадзін нерухома ляжала ў цэнтры чорнага квадрата, галава яе была акутаная чорнай тканінай. Асноўныя тэмы перформанса: туга, паражнеча, якая застаецца пасля перажытага адчаю, захаванне сябе самога яшчэ да таго, калі адбываецца фізічная смерць.
Фота на вокладцы: Максiм Шумiлiн
Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Сяргея Шабохінa і даследчай платформы беларускага сучаснага мастацтва KALEKTAR.
Перадрукоўка матэрыялу або фрагментаў матэрыялу магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Калі вы заўважылі памылку або хочаце прапанаваць дадатак да апублікаваных матэрыялах, просім паведаміць нам.
Падобныя матэрыялы