Жаночая цішыня ў беларускім музеі. Як мастачкі (не)прысутнічаюць у вялікіх культурных інстытуцыях
The Line | Аналітыка, 06.11.2025
У беларускай частцы калекцыі выяўленчага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея ХХ-XXI стагоддзя, па прыкладных падліках за 2023 год, прадстаўлены работы 1340 мастакоў і 940 мастачак. Калі ўлічыць, што да сярэдзіны XX стагоддзя жанчынам прыходзілася пераадольваць куды больш перашкод для прафесійнага станаўлення, то лічбы могуць падацца збалансаванымі. Аднак, калі паглыбіцца ў музейныя сховішчы, і паспрабаваць падзяліць творы па відах мастацтва, становіцца ясна — усё не так проста. У калекцыі музея ў аддзеле жывапісу пераважаюць мужчыны, жанчыны ж часцей сустракаюцца ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Паколькі дэкаратыўнае мастацтва складаней экспанаваць, то глядач бачыць перш за ўсё карціны мужчынскага аўтарства. Менавіта гэта размеркаванне і стварае эфект «жаночай цішыні». Жанчыны-мастачкі ёсць, іх нямала, але прастора, дзе яны гучаць найбольш выразна, знаходзіцца не ў цэнтры музейнай экспазіцыі, а на яе перыферыі. Чаму так? Разбіраемся разам у першым аналітычным тэксце праекта The Line.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Для напісання гэтага тэкста былі выкарыстаны дадзеныя з пяці інтэрв'ю з экспертамі ў сферы музейнай справы і мастацтвазнаўства. Імёны суразмоўцаў не раскрываюцца.
Акадэмія
У Беларусі прафесійная мастацкая кар'ера пачынаецца з Акадэміі мастацтваў. І ўжо тут, па словах аднаго з экспертаў, дзяўчаты сутыкаюцца з першымі цяжкасцямі:
— Кафедры жывапісу, скульптуры, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і графікі кожны год набіраюць па шэсць чалавек на бюджэт і пару платнікаў. Па шчырасці, апошні час жывапіс сваю папулярнасць губляе, ён ужо не "флагман". Адпаведна, колькасць дзяўчат на кафедры расце, бо конкурс меней і хлопцаў прыходзіць меней. Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва і графіка больш прэстыжныя (больш арыентаваныя на практыку і заробак). Там конкурс болей і дзяўчатам ужо складаней паступіць, – адзначае суразмоўца, доктар навук.
Таксама, на думку іншых апытаных экспертаў з музейнай сферы і выкладчыкаў, калі студэнтка сыходзіць у дэкрэт, кафедра рызыкуе страціць фінансаванне – менавіта таму дзяўчат бяруць неахвотна. Такім чынам, у сучаснай Беларусі ўжо на старце жанчын менш у тым полі, якое фарміруе традыцыйны музейны канон.

Архіўны здымак будынку Акадэміі мастацтваў Беларусі. На абарачэнні подпіс: «Менскі фінансавы тэхнікум. 1954 год». Цяпер гэты будынак вядомы як Беларуская акадэмія мастацтваў, а на пачатку 50-х яго пабудавалі як новы корпус фінансавага тэхнікума. Фота - kalektar.org
А як ідзе сітуацыя з атрыманнем мастацкай акадэмічнай адукацыі жанчынамі за мяжой? У параўнанні з Беларуссю, у еўрапейскіх універсітэтаў зусім іншая сістэма адукацыі і фінансавання. Напрыклад, у Швецыі няма “плана набора” па спецыяльнасцям: месцы не размяркоўваюцца з міністэрства, а ўніверсітэты самі вызначаюць, колькі студэнтаў яны могуць прыняць. Акрамя таго, у Заходняй Еўропе ўніверсітэты атрымліваюць мэтавыя гранты на даследаванні, і могуць падтрымлівацца прыватнымі фондамі, кампаніямі і мецэнатамі.
У 2024 годзе, згодна са статыстыкай Statistics Sweden, з 2 900 чалавек, якія пачалі навучанне ў праграмах мастацтва і культуры, 77% — жанчыны, 23% — мужчыны. Пры гэтым з моманту запуску такіх праграм у 2015 годзе амаль заўсёды каля трох чвэрцяў студэнтаў — жанчыны. Таксама ў Швецыі працэнт завяршэння адукацыі ў мастацкай сферы вышэй у жанчын: 83% супраць 74% у мужчын.

Архіўны здымак з групавой выстаўкі “Урокі нядобрага мастацтва”, арганізаванай беларускім мастаком Ігарам Цішыным (тады выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча імя А. Глебава), дзе былі выстаўлены работы выключаных на той час студэнтаў і студэнтак з Беларускай акадэміі мастацтваў і Вучылішча ім. А. Глебава. Фота - kalektar.org
Дом, сям'я, майстэрня
Нават атрымаўшы адукацыю, мастачкі часта сыходзяць з прафесіі. Жывапіс і скульптура патрабуюць пастаяннай працы і асобнай майстэрні, а ў жанчын прыярытэтам становяцца сям'я і побыт. Сацыяльныя ўстаноўкі падтрымліваюць гэты выбар: клопат пра дом і дзяцей кладзецца менавіта на жанчын, тады як мужчыны часцей вызвалены ад гэтай нагрузкі. У выніку многія мастачкі знікаюць з поля зроку — іх унёсак раствараецца ў падтрымцы мужчынскай творчасці.

Зінаіда Астаповіч-Бачарава разам са сваім братам Аркадзем Астаповічам / 1920-я / Раней пра Зінаіду Астаповіч часта пісалі ў параўнанні з братам, а калісьці і ўвогуле абмяжоўваліся ў яе апісанні толькі сямейнай сувяззю з Аркадзем Астаповічам. Аднак з цягам часу мастачцы ўдалося пакінуць свой след у гісторыі беларускага мастацтва. Зараз талент Зінаіды відавочны не толькі яе блізкім, але і крытыкам і мастацтвазнаўцам.
На жаль, статыстыка з гэтай сферы для Беларусі адсутнічае. Аднак дадзеныя даследаванняў з іншых краін пацвярджаюць апісаную карціну. Напрыклад, праведзенае для больш чым 1000 рэспандэнтаў апытанне Balancing Acts у кастрычніку 2019 года выявіла, што ў Вялікабрытаніі 43% жанчын, якія працуюць у сферы мастацтва і маюць абавязкі па догляду за дзецьмі, павялічылі б свой працоўны час, калі б мелі доступ да належных паслуг па догляду за дзецьмі. Па дадзеных апытанняў за 2018 год, 79% жанчын у Вялікабрытаніі называлі сябе асноўнымі апекунамі (супраць 16% мужчын). У даследаванні Artnet (Hardwiring Change) 93,4% мастакоў заявілі, што абавязкі па догляду ўплываюць на іх кар'ерныя рашэнні: 29% кардынальна змянілі форму занятасці пасля нараджэння дзяцей, а 8% адмаўляліся ад кар'ернага росту з-за сямейных абставін. Супаставіўшы дадзеныя, не складана здагадацца, прадстаўнікоў якога полу нараджэнне дзяцей ставіць перад фатальным выбарам паміж кар'ерай і клопатам пра дзіця.

Мэры Кэлі. Пасляродавы пратакол. 1973-1979. Дакументацыя VI: дапісмовая грамата, каментар і дзённік / Experimentum Mentis VI: (Пра ўпартасць літары) (фрагмент), 1978–1979. Крыница выявы: сайт выдавецтва admarginem.ru
Правілы гульні
Важным складнікам у аналізе сітуацыі з'яўляецца разуменне, як у музейныя калекцыі трапляюць работы тых ці іншых аўтараў. Для прыкладу разгледзім механізм закупкі твораў у сучаснай Францыі і Беларусі.
У Францыі працэдура коратка выглядае так:
Сябры камісій, якія разглядаюць прапановы і галасуюць за тую ці іншую работу, прызначаюцца (часткова) міністрам і прадстаўляюць акадэмічныя, куратарскія, калекцыянерскія колы. Хоць крытэрыі «рэгалій / рэпутацыі» і бюджэтныя парогі ўплываюць на рашэнні, узнаўляючы інстытуцыянальную інерцыю, рэгіянальныя фонды (напрыклад, Fondsnational d’art contemporain) і праграмы CNAP мэтанакіравана падтрымліваюць сучасную сцэну, што дае прастору для больш разнастайных набыткаў. Статыстыка для Францыі па суадносінах паміж набытымі работамі і гендарам адсутнічае, аднак у Германіі доля набыткаў работ жанчын-мастачак прыкметна вырасла ў апошні час: у 2012-2016 гадах прыкладна 40% рэгулярных набыткаў былі творамі жанчын, а за 2017-2021 гады гэты паказчык вырас да 59% для рэгулярных закупак і 52% для спецыяльных ініцыятыў (праграма NeustartKultur).

Fondsnational d’art contemporain – Paris Collections / Фотаздымак з сайта fondsartcontemporain.paris.fr
Для Беларусі працэдура вельмі спрошчана выглядае так: паколькі ў дзяржаўнага музея ўласных сродкаў няма, то работа трапляе ў музей пасля таго, як фондава-закупачная камісія, якая складаецца з музейных экспертаў, складае прапанову аб закупцы для Міністэрства культуры. Пры гэтым механізмы абрання ў музейную камісію і працэдура галасавання схаваны, і рэгулююцца ўнутранымі дакументамі музея. Вырашальны голас пры закупцы застаецца за Міністэрствам культуры – камісія толькі фарміруе прапанову (Закон Рэспублікі Беларусь 13 ліпеня 2012 г. № 419-З Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)). І паколькі для чыноўнікаў важней званні і заслугі мастака, а жанчыны радзей дасягаюць высокіх рэгалій, то нават пры добразычлівасці музейных спецыялістаў жаночыя імёны ў калекцыі з'яўляюцца радзей.
Таксама мы не можам дакладна сказаць, колькі твораў жанчын і мужчын было куплена ў калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея. На момант публікацыі тэксту ні музей, ні Міністэрства культуры не публікуюць пратаколы закупак твораў мастацтва на сваіх афіцыйных сайтах.
Такім чынам, у Беларусі камісія ўнутры музея фармальна падпарадкавана Мінкульту; у Францыі камісіі маюць прафесійную аўтаномію, а дзяржава абмяжоўваецца фінансаваннем і агульнымі правіламі закупкі.

Заля Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі / Фота з памяшкання прысвечанаму беларускаму мастацтву ХІІ — XVIII стст. / Крыніца: сайт Нацыянальнага мастацкага музея.
Парадаксальна, але жаночы вобраз у залах музея прадстаўлены шырока — як мадонна, маці, муза, алегорыя прыроды. Аднак жанчына застаецца хутчэй аб'ектам выявы, чым аўтарам. Яе можна ўбачыць на палотнах, але радзей прачытаць яе імя на подпісе да карціны. Яшчэ ў 1989 годзе Guerrilla Girls (амерыканская група ананімных актывістак) канстатавалі: «менш за 5% мастакоў у раздзелах сучаснага мастацтва — жанчыны, але 85% аголеных цел — жаночыя». У 2012 статыстыка засталася прыкладна такой жа: «менш за 4% мастакоў — жанчыны, але 76% аголеных цел — жанчыны».

Пракат Guerrilla Girls «Ці павінны жанчыны быць голымі, каб патрапіць у Метрапалітэн-музей?» / 1989 / Музей Бентана набыў выяву ў 2016 годзе / Крыніца: benton.uconn.edu
Грошы і міжнародны кантэкст
Адной з ключавой прычын жаноцкага маўчання з'яўляецца таксама фінансаванне культуры па рэшткавым прынцыпе.
Калі разглядаць беларускі бок, у Нацыянальнага музея не хапае абсталявання, каб экспанаваць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (дзе жанчын больш за ўсё), а плошчы для пастаяннай экспазіцыі не пашыраюцца. У той час як у іншых сусветных музеях, такіх як Цэнтр Пампіду або галерэя “Тэйт Модэрн”, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і сучаснае мастацтва рэгулярна атрымліваюць асобныя залы і выставачныя праекты.
Таксама і ў Акадэміі мастацтваў недастаткова сродкаў, каб гнутка рэагаваць на паўзы ў вучобе. Магчыма, таму для “перастрахоўкі” месцы аддаюцца мужчынам, якія сыходзяць у дэкрэтны адпачынак значна радзей. Па ўспамінах выкладчыкаў, жанчыны "выйдуць у дэкрэт і будуць займацца дзецьмі і сям'ёй, а не мастацкай кар'ерай". Гэта пацвярджаецца статыстыкай: у Беларусі ў 2020 годзе з агульнай колькасці работнікаў, якія знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзіцем, 0,6% складалі мужчыны, у 2025 годзе Мінпрацы паведаміла, што “у дэкрэтны адпачынак выходзіць мужчына ў кожнай сотай беларускай сям’і”. У той жа час у Швецыі ў 2025 годзе мужчыны склалі каля 30% ад агульнай колькасці грамадзян, якія ўзялі дэкрэт. Так “эканамічная логіка” падштурхоўвае да гендарнай перавагі на карысць мужчын.

Ядвіга Раздзялоўская (Jadwiga Rozdzialowska) - мастачка польскага паходжання, якая лічыцца адной са знакавых асоб для Маладзечна. Крыніца сдымкаў: zamosciopedia.pl
Яе можна вылучыць як прыклад жанчыны, якая, паводле звестак польскіх даследчыкаў, так і не змагла скончыла акадэмію з-за недахопу грошай. Тым не менш, для гісторыі беларускага мастацтва Раздзялоўская адыграла важную ролю. Яна адчыніла ў Маладзечне прыватную мастацкую школу, якая стала цэнтрам прыцягнення для таленавітай моладзі. Многія мясцовыя мастакі лічаць яе сваёй першай настаўніцай.
Варта адзначыць, што ў грашовым плане беларуская сітуацыя хутчэй упісваецца ў глабальны трэнд. Згодна з даследаваннем Artnet, у 2008-2019 гадах на сусветных аўкцыёнах сучаснага мастацтва было выдаткавана амаль 197 мільярдаў даляраў. З гэтай сумы толькі 4 мільярды прыйшліся на творы жанчын — каля 2%. Для параўнання, за той жа перыяд работы Пабла Пікаса прынеслі на аўкцыёнах 4,8 мільярда даляраў, што перавышае агульную суму, выдаткаваную на ўсіх мастачак (з выбаркі) разам узятых — а гэта амаль 6000 жанчын. Па дадзеных на сайце Feminist Art Maps, у пастаяннай экспазіцыі Луўра з больш чым 35 тысяч экспанаваных работ выстаўляюцца 15 твораў жанчын. Гэта складае толькі 0,04% ад усіх работ, прадстаўленых у экспазіцыі.
Хутчэй, чым у музеях, сітуацыя мяняецца ў галерэях сучаснага мастацтва: напрыклад, у новым корпусе Лонданскай галерэі Tate Switch House, які адкрыўся для наведвальнікаў у 2016 годзе, жанчыны-мастачкі складаюць 36% ад агульнай колькасці (супраць ранейшых 17%). Гэтыя лічбы паказваюць, што інстытуцыі працягваюць узнаўляць звыклы канон, дзе вядучыя пазіцыі займаюць мужчыны.

Сума прададзеных твораў мастацтва ў свеце за перыяд студзень 2008 - травень 2029 і доля прададзенага жаночага мастацтва ад агульнай колькасці / Інфаграфіка Artnet.
Замест заключэння
«Жаночая цішыня» ў беларускім музеі хутчэй не вынік злога намеру, а сістэмная праблема, следства спецыфічных фільтраў, стэрэатыпаў і хранічнага недафінансавання. Наша сітуацыя вельмі падобная на тое, як англійская пісьменніца і даследчыца Жэрмер Грыр тлумачыла назву сваёй кнігі пра жанчын-мастачак «Гонка з перашкодамі» (1979): «Не многія з гэтых мастачак могуць лічыцца знакамітымі. Яны не з тых, каго публіка лічыць «вялікімі». Не прабягаюць чатыроххвілінную мілю. Замест гэтага яны прабіраюцца праз балоты і паўзуць па ўпадзінах».
Важна сказаць, што мы ўсё яшчэ назіраем з'яўленне жаночых імёнаў у сценах музея. На прыкладзе карцін Зоі Літвінавай і Валерыяны Жолтак у пастаяннай экспазіцыі або ў часовых, персанальных выставах мастачак (з апошняга — рэтраспектыўны праект дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Людмілы Мягковай, мастачкі, якая нарадзілася ў Ленінградзе, але доўгі час працавала на беларускім шклозаводзе «Нёман»).

Працы Людмілы Мягковай / заглаўны фотаздымак выставы мастачкі, якая працавала на беларускім шклозаводзе «Нёман» / фота з сайта Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Зараз для змены сітуацыі з «жаноцкім маўчаннем» мы можам хадзіць у музеі, наведваць выставы, вывучаць і аналізаваць убачанае з розных пунктаў гледжання – і шмат чытаць. Беларускаму мастацтвазнаўству патрэбны даследаванні, аналагічныя даследаванню Грыр, якія дазволяць вярнуць у поле зроку забытыя, няправільна атрыбутаваныя і знішчаныя карціны, напісаныя жанчынамі.
Падобныя матэрыялы