Жывапіс, графіка ці скульптура? Што ствараюць беларускія жанчыны ў «традыцыйных» відах мастацтва
The Line | Інтэрв'ю, 26.11.2025
Недахоп фінансавання, афіцыйныя патрабаванні да тэматыкі работ і іншыя складанасці складваюцца ў няпростыя ўмовы, у якіх існуе цяпер беларускае мастацтва. Нягледзячы на гэта, творцы працягваюць імкнуцца да тэхнічнай і канцэптуальнай разнастайнасці — як у Беларусі, так і за яе межамі. Паразмаўлялі з артысткамі, якія не баяцца эксперыментаваць з новымі для сябе жанрамі. Чаго не хапае беларускай скульптуры, як можна было б палепшыць нашу графіку і ці існуе падзел на «бачнае і нябачнае» мастацтва? Адказы — у новых інтэрв’ю праекта The Line.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Змест артыкула:
«У Беларусі вельмі не хапае максімальна рознай па выразе, форме, колеры і тэхніцы скульптуры». Вольга Орсік
Адна з нешматлікіх маладых жанчын-скульптараў Беларусі Вольга Орсік займаецца таксама і графікай. Цяпер яна працуе ў асноўным над старымі праектамі, але нядаўна скончыла і новыя работы — тры драўляныя рэльефы.
— Яны звязаны з тэмай вады і плыні, таму што ў дадзены перыяд жыцця мне цікава пагрузіцца ў прыродныя з'явы. Гледзячы на плынь вады, можна фізічна адчуць час — такая ў мяне асацыяцыя, — кажа Вольга Орсік. — І як быццам я магу ў скульптуры гэты час спыніць. Мне блізкія японская культура і філасофія і тое, як японцы ставяцца да прыроды.

Вольга Орсік / фотаздымак з асабістага архіва мастачкі.
Шмат часу ў скульптуры, у адрозненне ад жывапісу, займае не проста фармулёўка ідэі, але і пошук матэрыялу, тлумачыць яна. Зрэшты, стварыць працу не азначае выставіць: у Беларусі не хапае і пляцовак для выстаў, галерэй «катастрафічна мала» — у адрозненні ад таго, што можна назіраць у іншых краінах.
Орсік заўважае, што дзесяцігоддзямі вядуцца размовы аб стварэнні скульптурнага парку, але яго як не было, так і няма. Самой скульптуры ў Беларусі таксама не так ужо шмат:
— Калі, напрыклад, я выязджаю ў Стакгольм або Варшаву, або Італію — там вельмі шмат рознай скульптуры, пачынаючы ад рэалізму, заканчваючы кінэтычнай скульптурай. [У Беларусі] вельмі не хапае максімальна рознай па выразе, форме, колеры і тэхніцы скульптуры. Яна з'яўляецца, але гэта кропкава.



Працы Вольгі Орсік з серыі «Каштоўнасці» / вапняк, палімерных, тканіна / 2024.
Яна дадае: часта ў Беларусі галоўным крытэрыем з'яўляецца тое, што скажа глядач, — і гэта тармозіць развіццё мастацтва. Тым не менш, сярод беларусак яна здольная назваць не адно імя тых, на каго варта звярнуць увагу.
— Напрыклад, Тамара Сакалова, якая працуе з керамічнай скульптурай, або Юлія Цярэшка — наогул вельмі маладая мастачка-манументалістка і яна робіць вельмі класныя мазаікі. Ганна Мядзведзева стварае вялікія керамічныя аб'екты, манументальныя і адначасова простыя. Яшчэ мне вельмі падабаецца дуэт Паліны Піраговай і Васіля Цімашова — і іх аб'яднанне «Рэха», скульптары працуюць пераважна з пляценнем з лазы, — пералічвае мастачка.



1 — Працы Тамары Сакаловай з персанальнай выставы Some Are Like This, Others Are Like That у Музеі Азгура, Мінск / фота аўтарства Siarhiej Ždanovič, здымак ўзят з secondaryarchive.org / 2014.
2 — Юлія Цярэшка — «Химерический образ» / смальта / 62x77 см / выява ўзята з сайта artcenter.by / 2023.
3 — Паліна Пірагова і Васіль Цімашоў — Абдымкі / 360x480x250 см / выява ўзята з сайта artcenter.by / 2016.
Цяпер, па яе назіраннях, сыходзіць той час, калі лічылася, што скульптура — справа не для жанчын.
— На аддзяленне металу ў той час, калі вучылася я, было тры дзяўчыны, гэта не асацыявалася з жаночай працай. Але стэрэатыпы паціху сыходзяць, і мы можам назіраць, як робяцца велізарныя скульптуры, скажам, з воску або з тканіны. Змываюцца межы [паміж формамі] — скульптура гэта ці габелен. І гэтак жа сыходзіць ідэя аб тым, што скульптура — не жаночая справа. Жанчын-скульптараў у Беларусі становіцца больш, — кажа Орсік.


Праца Вольгі Орсік «П'едэстал » / вапняк, бетон / 2025.
«Тое мастацтва, якое адобрана афіцыёзам, уяўляе сабой паслухмяны кітч». Таццяна Кандраценка
Пасля пераезду патрэбны час і сілы, каб уліцца ў новае асяроддзе, разважае мастачка Таццяна Кандраценка, якая зараз жыве ў Польшчы і нядаўна зрабілася гераіняй адной з публікацый польскага Vogue. Нядаўна ў яе адкрылася персанальная выстава ў Даніі. Праходзіць яна ў галерэі Kirk горада Ольбарг, з якой беларуска супрацоўнічае ўжо два гады.

Таццяна Кандраценка. Фота з асабістага архіва мастачкі
Другая выстава, у Варшаве, адбылася ў сакавіку сумесна з калегам Яўгенам Шатко. Яе арганізавала Borowik Art Foundation, уладальнік якой — куратар і калекцыянер маладога польскага мастацтва Міхал Баравік.
— З ім мае работы ўжо гады тры. Адразу пасля пераезду я паўдзельнічала ў аўкцыёне, Міхал пабачыў мае работы і звязаўся, сыграў ролю свайго роду настаўніка ў новым асяроддзі. Бо ў іншай краіне табе яшчэ трэба разабрацца, — кажа Кандраценка.
Па словах мастачкі, пераезд у іншую краіну аказаўся складаным вопытам, у нейкім сэнсе «фатальным» — праз яго абарваліся старыя сувязі, замест якіх патрэбна нарасціць новыя. У першы год у Варшаве яна наведвала шмат выстаў і галерэй, але ўсё роўна адчувала сябе «зусім як бы недарэчна».

Таццяна Кандраценка — «Upside down» / 150x140 / выява з архіва мастачкі.
Тым не менш, акрамя бягучай выставы, у наступным годзе мастачка плануе ўдзел у восеньскім кірмашы ў Швейцарыі і буйным кірмашы ў Капенгагене ў снежні з галерэяй Kirk. Асаблівае месца займае яе «сентыментальны план» — стварэнне праекта ў Варшаве з Кацярынай Пашкевіч.
— На свае грошы і сваімі сіламі паказаць корпус работ на паперы, фрагменты скетчбукаў — як два дзённікі. Такая інтымная гісторыя двух сябровак, люстэрка адна для адной і дапамога ўспрымаць сябе на новым полі. Яшчэ ёсць кантэкст: яна мая вучаніца, я выкладала ў Акадэміі, — кажа Кандраценка. — Гэта некамерцыйная, неамбіцыйная ідэя.
Амбіцыйная ж мэта — пасля цяперашняй выставы ў Варшаве, якая ідзе сумесна з іншым мастаком, зрабіць сваю персанальную. Яна магла б складацца не проста з актуальных работ, а быць выкананай у праектным падыходзе, што мастачка робіць не так часта.

Кацярына Пашкевіч — «Абрад ініцыяцыі» / 140х160 / палатно, алей / выява з сайта галерэі DK / 2022.
Абмяркоўваючы сваю творчасць у Беларусі, яна ўспамінае сумесныя выставы і кватэрнікі — невялікія паказы ў камерных умовах. Хаця многія з'ехалі, але ў Беларусі па-ранейшаму застаецца і працуе шмат добрых мастакоў, і яны часта забароненыя да паказу, а таму не могуць экспанаваць свае працы ні на дзяржаўных, ні на прыватных пляцоўках, тлумачыць Кандраценка.
— Не хачу нікога пакрыўдзіць, але там добра не будзе. Тое мастацтва, якое адобрана афіцыёзам, уяўляе сабой паслухмяны кітч. Яго бачаць гледачы, студэнты, на сценах, у галерэях як тое, на што трэба раўняцца. Так што ў Беларусі — глыбокі раскол паміж афіцыйным і нябачным, і тым, што жывое, схаванае і ўяўляе сабой каштоўнасць, — кажа яна.
Сярод замежных мастачак яе натхняюць амерыканкі Жаклін Конлі з яе тэхнікай калажу і Сэсіль Браўн — спецыялістка ў брутальным буйнафарматным жывапісе. А таксама Дамініка Кавінія з Польшчы, якая актыўна выступае за прысутнасць жанчын-мастачак у выкладанні.
— Бо на жывапіс паступаюць у асноўным дзяўчаты, але яны бачаць перад сабой выкладчыкаў-мужчын. У іх няма гэтага ўзору паспяховай кар'еры жанчыны-мастачкі, — кажа Кандраценка.

Таццяна Кандраценка — «No bodies» / выява з архіва мастачкі.
«Усе мастакі па-рознаму натхняюцца традыцыяй». Марыя Сыракваш
Мастачка Марыя Сыракваш праз жывапіс і графіку часта звяртаецца да традыцыйнай культуры, змяшчае яе ў сучасны кантэкст. У яе працах можна пабачыць сланечнікі, жбаны, жаночыя хусткі і пазнавальныя беларускія пейзажы.

Марыя Сыракваш. Фота з асабістага архіва мастачкі
Тэндэнцыю да выкарыстання традыцыйных матываў яна заўважае і навокал — але, прызнаецца, што за канкрэтнымі аўтарамі ў гэтай сферы не сочыць. З іншымі мастакамі Сыракваш сябе не параўноўвае.
— Хутчэй улоўліваю агульную хвалю, чым адсочваю канкрэтных асоб. Бо ўсе мастакі па-рознаму натхняюцца традыцыяй, хтосьці бярэ за аснову дэкаратыўны падыход, хтосьці агулам тэматыку, а хтосьці пераасэнсоўвае толькі асобныя вобразы ці сімвалы. Не ў стане параўноўваць сябе з кімсьці, для мяне ўсе такія розныя, — кажа яна.

Сыракваш Марыя — «Сівілы» / Папера, лінарыт / 180x225 / 2023.
У гэтым рэчышчы беларуска прапануе звярнуць увагу на графіку Марыі Кошалевай-Ліхоты, работы Сяргея Ашука, які стварае карціны і дэкаратыўныя дываны, а таксама на аўтарку мяккіх скульптур з воўны і тэкстылю Мілу Землякову.


1 — Марыя Кошалева-Ліхота — «За шторкай» з серыі «Сведкі часу» / лінагравюра / 102x73x1 / выява з сайту artcenter.by / 2023.
2 — Міла Землякова — «Магутны зубр» / Лямец, тэкстыль, пілавінне / 100x60x50 / выява з сайту artcenter.by / 2020.
Сама мастачка апошнім часам шмат эксперыментуе з кнігамі і афортным станком.
— Мяне таксама захапіла шыццё кнігі, сам працэс планавання, дзе што будзе, і розныя віды зшыўкі. Цяпер я працую над кнігай паводле балады Міцкевіча пра Свіцязь, у якой жыхары ператварыліся ў кветкі. Ідэя ўзнікла менавіта падчас маіх эксперыментаў са станком. Таму апошні час займаюся манатыпіяй: адбіваю раслінкі, гэта вельмі цікава і калярова.
Складанасці такой тэхнікі, дадае Сыракваш, у непрадказальнасці: шмат адбіткаў раслін атрымліваюцца няўдалымі, запланаваць вынік немагчыма.
У будучыні мастачка хацела б сябе паспрабаваць у анімацыі і стварэнні татуіровак.

Сыракваш Марыя — «Спадчына».
«Галоўнае, каб я магла выказаць тое, што я адчуваю». Ганна Мядзведзева
Асноўная тэхніка Ганны Мядзведзевай — ручная лепка з керамічных мас. Да пераезду з Беларусі мастачка працавала з фарфорам, але ён патрабуе сур'ёзных умоў у майстэрні і больш высокай тэмпературы для абпалу.
— У скульптуры для мяне галоўнае, каб я магла выказаць тое, што я адчуваю. Гэта не нейкія канцэпцыі складаныя з абстрактнымі спосабамі самавыяўлення. Я не ўкладаю моцна сур'ёзных канцэпцый. Не тое, што дзесьці на парадку дня павінна быць, лічыцца модным і гэтак далей. Я кажу ў асноўным пра свае пачуцці. І мае пачуцці ў асноўным звязаны з тым, як я сябе адчуваю ў нейкіх пэўных месцах, — расказвае яна.

Ганна Мядзведзева каля сваёй скульптуры The Hot-Cold War у Музеі Ротка (Латвія) / фота Didzis Grodzs and Asia Vakhmistrova, выява з асабістых сацсетак мастачкі / 2025.
Год таму ў латвійскім музеі Ротка беларуска выстаўляла серыю сваіх прац, звязаных з пейзажамі. Для мастачкі гэта быў важны досвед.
— Мне вельмі падабаецца прастора музея Ротка як выставачная пляцоўка. І вельмі падабаюцца прафесіяналы, якія там працуюць. Таму там атрымалася рэалізаваць менавіта тую выставачную [задуму], якую я адчувала, што яна пакажа мяне як мастака аптымальна.


Фота з персанальнай выставы «Landscapes» Ганны Мядзведзевай у Музеі Марка Ротка (Латвія) / выявы з асабістых сацсетак мастачкі / 2023.
У 2025 годзе керамістка выйграла прэстыжную прэмію «Фаенса». Гэта дазволіла мастачцы стаць больш прыкметнай і атрымліваць больш запытаў да супрацоўніцтва і запрашэнняў на рэзідэнцыі. Апошніх у мастачкі цяпер шмат па ўсім свеце, пра дзве з іх яна расказвае больш падрабязна.
— Першая — у Японіі, куды я вельмі хацела трапіць. Гэта мара любога кераміста. Таму што гэта такое месца вельмі спецыфічнае, якое можа быць толькі там. Гэта традыцыйны цэнтр керамікі, які пасля быў перароблены ў сучасны цэнтр мастацтва. І там проста наслаенне вось гэтых і традыцый шматвяковых, і падыходу сучаснага — яно проста касмічнае. Такога сабе не магу ўявіць больш нідзе. І магчымасці самой рэзідэнцыі таксама фантастычныя, таму што яны маюць велізарны парк печаў. Кожнаму керамісту цікава паспрабаваць сябе ў нейкай новай тэхніцы, вельмі шмат у нас залежыць ад абпалу.
Другая важная для мастачкі рэзідэнцыя была ў мінулым годзе ў Нарвегіі. Там студыя была разлічана для працы з вялікімі маштабамі.
— Я ніколі да гэтага не працавала з аб'ёмамі, якія суадносныя з маім уласным ростам. Мне гэта здавалася немагчымым. І тут я наважылася, таму што ўсё спрыяла таму, каб паэксперыментаваць з новым маштабам. Я вельмі задаволена вынікам, таму што я ўбачыла, што тыя формы, якія я раблю, вельмі добра глядзяцца ў вялікім фармаце таксама.
Цяпер Мядзведзева плануе зрабіць выставу з працамі вялікіх фарматаў, для гэтага керамістка шукае новыя рэзідэнцыі і выставачныя прасторы.
Падобныя матэрыялы