Новы погляд на знаёмыя тэмы. Як беларускі падаюць свае праекты з незвычайных бакоў

The Line  | Інтэрв'ю,  06.12.2025

Акрамя традыцыйных жанраў мастацтва, беларускі ўпэўнена эксперыментуюць у нестандартных тэхніках, міксуючы паміж сабой візуальнае і тэкставае, каб дасягнуць больш выразнага выказвання. Нехта працуе на тое, каб давесці гледачу аб сваіх эмоцыях, нехта — каб патлумачыць складаныя палітычныя працэсы. Для новага тэксту з серыі The Line паразмаўлялі з чатырма беларускімі мастачкамі, якія не баяцца спрабаваць новае.

ПАДЗЯЛІЦЦА:

«Сёння фатаграфічныя праекты выходзяць за рамкі толькі фатаграфіі». Саша Вялічка

Саша Вялічка — мульцідысцыплінарная мастачка са Слоніма, якая абапіраецца на даследчыя практыкі. У сваіх праектах яна факусуецца на тэмах прапаганды, постпраўды, калектыўнай траўмы і маніпуляцый. У Сашы няма традыцыйнай мастацкай адукацыі: пасля атрымання ступені магістра ў галіне квантавай радыёфізікі, яна звярнулася да мастацтва як да асноўнага інструменту асэнсавання ўласнага досведу і выяўлення шчырай цікавасці да свету.

«Тэхнічная адукацыя навучыла мяне па-свойму структураваць інфармацыю, працаваць з вялікімі аб'ёмамі інфармацыі, бачыць узаемасувязі. Мае праекты вырастаюць у першую чаргу з ідэі, да якой я знаходжу адпаведную форму, абапіраючыся на канцэпт», — гаворыць яна.

photo_2025-10-23 18.04.34

Саша Вялічка / фотаздымак з асабістага архіва мастачкі.

Над першым сур'ёзным праектам State of Denial мастачка пачала працаваць у 2023 годзе і працягвае да гэтага часу — рыхтуючы да публікацыі кнігу. Праект даследуе, як людзі функцыянуюць у лічбавай прасторы, поўнай маніпуляцый з боку прапаганды. Саша сабрала гісторыі затрыманняў у Беларусі і перавяла іх ва ўласныя метафары, поўныя абсурду: у краіне з дыктатарскім рэжымам людзей могуць арыштаваць за колер адзення, букет кветак і нават малітву. На аснове гэтых гісторый яна стварала інсталяцыі, якія потым фатаграфавала. Кожная фатаграфія інсцэніруе канкрэтны выпадак затрымання.

У другой частцы праекта Вялічка сфакусавалася на загалоўках дзяржаўных навін, якія выйшлі ў дні арыштаў. Дванаццаць загалоўкаў на кожны выпадак затрымання служылі промптамі для нейрасеткі, якая генеравала AI-выявы. Мастачка хацела паказаць, як у моманты крызісаў дзяржаўная прапаганда імкнецца схаваць свае злачынствы, ствараючы бясконцую колькасць візуальнага і навінавага смецця, каб адвесці нашу ўвагу ад сапраўды траўмуючых падзей. Згенераваныя выявы адцягваюць гледачоў ад рэальных гісторый затрыманняў.

«Я знаходжуся ў прывілеяваным становішчы — на свабодзе, і раблю свае праекты, каб пра Беларусь ведалі, і жудасная сітуацыя ў краіне заставалася бачнай», — дадае мастачка.

Фотаздымкі з праекта Сашы Вялічка State of Denial / 2025.

У яшчэ адным праекце Called to the Carpet мастачка даследуе механізмы біяпалітычнага кантролю. Саша брала магшоты (фатаграфіі зняволеных, зробленыя ў турме) палітзняволеных беларусак і стварала на іх аснове дываны.

Абстрагаваныя, спрошчаныя вобразы адлюстроўваюць гвалт улады, якая сцірае індывідуальнасць і ператварае жанчын у элементы рэпрэсіўнай сістэмы. Выбар дывана як медыуму не выпадковы: ткацтва традыцыйна было жаночай працай у Беларусі, яно таксама адсылае да постсавецкіх інтэр'ераў, дзе дываны на сценах сімвалізавалі абарону і стабільнасць. Акрамя таго, палітзняволеныя жанчыны вымушаны займацца турэмнай працай і шыюць адзенне, часта без усялякай падрыхтоўкі — Саша таксама вучылася рабіць дываны з нуля.

photo_2025-10-23 18.04.37

Сярод беларускіх каляжанак Саша Вялічка называе Машу Мароз, чые працы заснаваны на антрапалагічных даследаваннях Палесся; Таню Ткачову і яе дакументальныя праекты; Машу Карніенку і Кацю Кузьмічову, якія працуюць у полі сучаснай фатаграфіі; Машу Святагор — яе фатаграфічныя практыкі і калажы.

«Сёння фатаграфічныя праекты выходзяць за рамкі толькі фатаграфіі: мастач:кі ўсё часцей звяртаюцца да праграмавання, архіваў, 3D-тэхналогій, распазнавання твараў і інсталяцый, і гэта бясконца крута!» — гаворыць Вялічка.

«Тыя самыя сэнсы, ад якіх маё сэрца б’ецца хутчэй». Маша Мароз

Маша Мароз  належыць да пакалення беларускіх мастачак, якія працуюць з традыцыяй не як з эстэтычным архівам, а як з жывой прасторай для эксперыментаў. Яе мастацкая мова ўзнікае на скрыжаванні розных медыя: ад графікі і інсталяцыі да моды і ўпрыгожанняў, перформансу і фатаграфіі. У цэнтры ўвагі — архаіка і этнаграфія, але не ў музейным разуменні, а як крыніца новых наратываў.  

«Важная частка маёй практыкі — гэта фатаграфія, у прыватнасці аналагавая. Асобнай важнай формай свайго творчага метаду назвала б фарміраванне і актуалізацыю пэўных наратываў са сферы беларускай традыцыі і архаікі», — адзначае яна.

photo_2025-10-23 18.03.14

Маша Мароз. Фота з асабістага архіва мастачкі 

Апошні год стаў для мастачкі этапным дзякуючы кнізе «Доўгая дарога дамоў», створанай разам з куратаркай Ганнай Карпенка, філосафам Ігарам Бабковым і гісторыкам Валерыем Марозам. Выданне прысвечана Палессю і абагульняе дзесяцігадовае этнасеміятычнае даследаванне краю.

«Разам мы паспрабавалі разгледзець Палессе як шматмерную прастору, паразважаць пра яго бачны і нябачны свет. У гэтай кнізе выражаныя тыя самыя сэнсы, ад якіх маё сэрца б’ецца хутчэй, якія вядуць мяне праз жыццё», — кажа мастачка.

Для яе гэта не проста кніжны праект, а працяг уласнай даследчай працы і спосаб уключыць асабісты досвед у больш шырокі кантэкст. Тут традыцыя выступае не як фальклорны дэкор, а як шматмерная прастора, дзе пераплятаюцца бачнае і нябачнае, асабістае і агульнанацыянальнае. Цяпер рыхтуецца другі наклад, які павінен з’явіцца ў кнігарнях Беларусі.

photo_2025-12-06 15.01.22

Фота з кнігай «Доўгая дарога дамоў» Машы Мароз / здымак са старонкі праекта 

Другі важны для Мароз праект — «РУНЬ» — прэзентаваны ў форме перформансу. Гэта капсула жаночага адзення, створаная на аснове пераасэнсавання традыцыйных строяў і сакральных аб’ектаў Палесся. Тут мастачка працуе з жаночым вопытам праз прызму касмаганічных міфаў:

«Перформанс і калекцыя непарыўна звязаныя з касмаганічнымі міфамі, якія раскрываюць ідэі пра тое, як быў створаны сусвет, якую структуру ён мае. Самае для мяне цікавае, што ў розных этнасаў з розных кантынентаў і моўных груп, міфы вельмі блізкія і падобныя».  

Праца над праектам заняла пяць гадоў:  ад першых эскізаў і пашыву да прэзентацыі. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як мастачка ператварае традыцыю ў мову, здольную гаварыць не толькі пра беларускі вопыт, але і пра агульначалавечыя міфалагічныя структуры. У цэнтры тут жаночае цела і жаночая культура, упісаныя ў касмічную гісторыю.

photo_2025-10-23 18.03.16

Фота з прэзентацыі праекта «РУНЬ» / 2025.

«Мне нецікава думаць пра тое, павінна ці не павінна мастацтва быць даступным для ўсіх». Варвара Суднік

Квір-мастачка Варвара Суднік працуе ў тэхніках інсталяцыі, вышыўкі і лінагравюры. У сваіх працах яна звяртаецца да тэм адчужэння і бачнасці, працоўнай працы, гендару і траўмы.

«Мне нецікава думаць пра тое, павінна ці не павінна мастацтва быць даступным або зразумелым для ўсіх — калі я раблю праект пра ўмовы працы, я не стаўлю мэтай, каб мае калегі з несправядлівых прац яе ўбачылі. Мы разам пражываем гэты досвед і ўсведамляем працу як знясільваючае месца, таму калі выбіраць мэту, то я хутчэй выбіваю сабе месцейка сярод мастацтва пра высокае, каб гаварыць пра нізкае і жаласнае», — гаворыць яна.

Sudnik_portrait

Варвара Суднік. Фота з secondaryarchive.org

Цяпер мастачка робіць праект, прысвечаны працы ў клінінгу. У яго ж яна думае дадаць тэму «хатняга персаналу» агулам — аповедам пра бэбісітынг і службу дастаўкі.

«Мяне цікавяць дынамікі ўлады паміж тымі, хто жыве ў дамах, і тымі, хто працуе ў гэтых жа дамах, а таксама чаканні і патрабаванні тэмпу, няўстойлівасць працоўнага становішча і ўплыў міграцыі на рост такіх вакансій і прапаноў. Доўгі час я збірала дзённікавыя нататкі для праекта, вучылася на курсе па дакументальнай паэзіі, а цяпер спрабую звязаць гэта з візуальнымі вобразамі», — тлумачыць яна.

4_Sudnik

Varvara Sudnik, The Horned Goat Is Coming, embroidery, 2021. Courtesy of the artist.

Беларуска прызнаецца, што новыя тэхнікі часта выбірае амаль выпадкова — ёй проста хочацца навучыцца чамусьці новаму. Даўжэй за ўсё Суднік працавала з вышыўкай, але ў апошні год сфакусіравалася на тэксце, што дазволіла ёй выказвацца больш канкрэтна.

Найбольш уважліва мастачка сочыць за працамі тых каляжанак, якія працуюць інакш або ў іншых тэхніках.

«Мне падабаюцца працы Машы Святагор, Васілісы Палянінай, Кацярыны Мяць. Мая блізкая сяброўка і каляжанка Віка Грабеннікава працуе з фарматам флэш-гульняў (напрыклад, яна зрабіла праект-гульню пра квір-шлюб). Мне таксама хочацца сказаць пра беларускіх пісьменні:ц, якія па-рознаму працуюць з тэкстам: Наста Манцэвіч, Вікця Удовіна, Ганна Отчык».

«Мне надакучыў традыцыйны жывапіс і прыкладное мастацтва». Святлана Петушкова

Святлана Петушкова добра вядомы ў Беларусі мастак-графік. Для яе візуальныя практыкі цяпер — гэта не проста рамяство, а прастора для эксперыменту і міждысцыплінарных даследаванняў. Мастацкая практыка Святланы зараз узнікае на стыку розных медыяў, хаця так было не адразу.

«У Мінску я займалася графікай, але гэта было далёка не ўсё. Я шмат займалася куратарствам і арт-менеджэрствам, у 2019 годзе заснавала Беларускі дом графікі — адзіную ў краіне друкаваную майстэрню, даступную ўсім жадаючым. Акрамя гэтага, мы з мужам арганізоўвалі фестывалі візуальнага мастацтва, рабілі віртуальныя туры па майстэрнях, каб людзі маглі пазнаёміцца ​​з творцамі падчас кавіду. Увогуле, у Мінску шмат часу ў мяне забіраў менавіта гэты арт-менеджмэнт, а не ўласныя працы», — распавядае Святлана.

IMG_8765 копия

Святлана Петушкова. Выява з асабістых сацсетак мастачкі.

Пераезд у Літву стаў пераломным момантам для мастачкі. Першапачаткова яна збіралася прадоўжыць праект з Домам графікі ў Літве, але не змагла знайсці патрэбнае месца і вырашыла сканцэнтравацца на ўласнай творчасці. За пяць гадоў эміграцыі мастачка паспела правесці некалькі персанальных выстаў, стаць сябрам Літоўскага саюза мастакоў, папрацаваць у архіве літоўскай графікі, стварыць друкаваны станок Гутэнберга для пастаяннай экспазіцыі віленскага Музея энергетыкі і адвучыцца ў Віленскай акадэміі мастацтваў на магістратуры.

Магістратура дазволіла Святлане перагледзець сваё ўяўленне графіцы і беларускіх падыходах да сучаснага мастацтва. «Беларуская акадэмія больш вучыла серыйнасці і прыкладным тэхнікам, у Літве ж мяне вучылі праектнаму мысленню і канцэптуальнай працы. Тут я зразумела, што графіка — гэта не толькі друкаваныя тэхнікі на паперы, а форма, якую можна запоўніць любым матэрыялам. Скульптуры і аўдыёінсталяцыі таксама могуць быць графікай, калі пакідаюць след і перажываюцца гледачом», — зазначае мастачка.

з серыі артэфакты Святлана Петушкова

Працы з серыі «Артэфакты» Святланы Петушковай / фота з выставы пасля навучальнага семестра ў Віленскай акадэміі мастацт / 2025.  

Цяпер праекты Петушковай хутчэй міждысцыплінарныя: «Я лічу, што важна не абмяжоўваць сябе матэрыялам ці тэхнікай. У сучасным мастацтве галоўнае ідэя і канцэпцыя. Можна спалучаць неспалучаемае, выкарыстоўваць графіку, гук, відэа — усё як інструмент для выказвання задумы. Мне надакучыў традыцыйны жывапіс і прыкладное мастацтва, якое пераважае ў Беларусі. Цяпер мяне натхняюць канцэптуальныя праекты, міждысцыплінарныя даследаванні. Я люблю хадзіць па музеях, глядзець, што робяць мастакі ў розных краінах. Гэта пашырае светапогляд і натхняе».

Чаму тады мастацтва ў Беларусі больш ілюстрацыйнае і часта не грунтуецца на мастацкіх даследаваннях? На думку Святланы, прычына можа быць у адсутнасці інстытуцыйнай падтрымкі.

«Калі мастакі працуюць толькі на свае грошы, няма магчымасці даследаваць новае, займацца сучасным мастацтвам. У Беларусі няма інстытуцыйнай падтрымкі, але ёсць таленавітыя людзі, якія ствараюць тое, што прыносіць прыбытак. А маладым мастакам можа быць і таго больш складана, калі дыпломную працу ў Акадэміі даводзіцца рабіць па зацверджаных тэмах аб радзіме, шматдзетных сем'ях і гэтак далей. Гэта проста абмяжоўвае патэнцыял».

ПАДЗЯЛIЦЦА:

Падобныя матэрыялы

Ад утопіі да ўразлівасці: жаночае цела ў беларускім мастацтве XX-XXI стагоддзяў
The Line | Аналітыка, 19.11.2025
Беларускі арт-калектыў трапіў на буйную выставу ў Музеі сучаснага мастацтва Варшавы, прысвечаную жаночаму мастацтву
Навіна, 22.11.2025
Праект «Краіна Оз» шукае мастакоў-валанцёраў. Творцаў запрашаюць размаляваць сцены псіханеўралагічнага інтэрната для дарослых
Навіна, 18.11.2025

 

 

КАНТАКТЫ

 

САЧЫЦЕ ЗА НАМI

INSTAGRAM       TELEGRAM       TIKTOK       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2026
Выкарыстанне матэрыялаў або фрагментаў матэрыялаў
магчыма толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. 

 

 

 

 

 

 

 

КОНТАКТЫ

 

СЛЕДИТЕ ЗА НАМИ

INSTAGRAM       TELEGRAM       TIKTOK       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2024
Использование материалов или фрагментов материалов
возможно только с письменного разрешения редакции.