Мы доўга гэтага чакалі — у беларускай арт-супольнасці з’явілася выдавецтва сусветнага ўзроўню са спецыалізацыяй на мастацтве. Паразмаўлялі з ТАМАКА
Інтэрв'ю, 24.12.2025
Мы доўга гэтага чакалі — у беларускай арт-супольнасці з’явілася выдавецтва сусветнага ўзроўню са спецыалізацыяй на мастацтве. Паразмаўлялі з ТАМАКА
Інтэрв'ю, 26.12.2025
Выдавецтва ТАМАКА публічна запустілася толькі некалькі месяцаў таму, але ўжо паспела прадставіць чытачу дзве кнігі беларускіх мастачак — Машы Святагор і Марыі Карнеенка. Абедзве кнігі ўжо адзначаюць на сусветным узроўні. Напрыклад, зусім нядаўна выдання Святагор трапіла ў спіс 10 найлепшых кніжных навінак сезона з ўсяго свету па версіі апошняга нумара The British Journal of Photography. Выдавецтва такога кшталту мы даўно чакалі ў беларускім культурніцкім полі. Але што менавіта для нас рыхтуе ТАМАКА? На чым яны факусуюцца? Ці могуць творцы дасылаць ім запыты на друк праектаў? І чаму выдавецкая справа ў арт-сферы — гэта яшчэ і сапраўдная культурная дыпламатыя? Публікуем вялікую размову з кафаўндаркамі выдавецтва Аленай Пратасевіч і Аленай Сямёнавай.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Змест артыкула:
Як з’явілася выдавецтва?
СМ: Як з’явілася выдавецтва? І чаму менавіта зараз?
АС: ТАМАКА нарадзілася фактычна з адной невыдадзенай кнігі. Некалькі год таму мы планавалі зрабіць усяго адну кнігу беларускай мастачкі, але праект не адбыўся па розных прычынах. Яшчэ тады мы не збіраліся ствараць выдавецтва і проста марылі пра выпуск адзінай кнігі, бо яе не існавала. Мы доўга над ёй працавалі, рабілі нават вялікі перапынак на паўгады і пасля яго раптам зразумелі — на самой справе, мы ўпёрліся не ў канкрэтную кнігу ці праект, а ў цэлую нішу, якой ў Беларусі пакуль фактычна не існуе, за выключеннем акадэмічных, інстытуцыйных выдавецтваў, якія публікуюць у асноўным класічныя альбомы. А большасць беларускіх арт- і фотакніг, якія ўвогуле існуюць, з’яўляюцца самвыдатам.
АП: То бок, не было ніякага грандыёзнага рашэння стварыць ТАМАКУ ў нейкі адзін момант. Выдавецтва паўстала вельмі натуральна праз асабісты шлях кожнага члена каманды, вялікую зацікаўленасць у стварэнні такіх кніг і любові да мастацтва. Бо, хоць мы афіцыйна запусціліся толькі некалькі месяцаў таму, паўнавартасную працу мы распачалі за доўга да гэтага. Мы працавалі над кнігай Машы Святагор, сайтам выдавецтва і ўсімі ўнутранымі справамі фактычна кожны дзень цэлы год. Усё гэта, каб зрабіць сапраўды якасны прадукт высокага ўзроўню. Таму проста так атрымалася, што запуск ТАМАКІ адбыўся менавіта зараз, калі ёсць адчувальны попыт на выдавецтва і на беларускае мастацтва ўсё больш звяртаюць увагу па-за межамі Беларусі.

Здымак з прэзентацыіі арт-кнігі Everybody Dance! Машы Святагор / Варшава, 2025 / аўтарка фота Кацярына Ігнашэвіч / здымак прадстаўлены выдавецтвам.
СМ: Хто стварае кожную кнігу ў ТАМАКА?
АС: Кожная кніга ў ТАМАКА — гэта вынік супольнай працы некалькіх раўнапраўных удзельнікаў: мастака, дызайнера і выдавецтва. У нашым выпадку ўся каманда працэсу з’яўляецца паўнавартаснымі са-аўтарамі.
АП: І менавіта таму мы часта кажам, што кожная кніга — гэта асобны праект. Тым больш, за рознымі выданнямі стаяць розныя каманды, якія агулам курыруе выдавецтва. Ва ўсіх адбываецца свая «хімія» і працэсы.
СМ: Ці ёсць нешта, што аб’ядноўвае каманды кожнай кнігі? І што для вас важна падчас іх стварэння?
АП: Працуючы над кожнай арт-кнігай, мы разглядаем іх як самастойны мастацкі твор і мастацкі аб’ект, які чалавек набудзе для сваёй калекцыі. Таму, безумоўна, для нас са старта важна ўсё: папера, друк, як кніга раскрываецца і адчуваецца ў руках. Усе тэхнічныя дробязі, матэрыялы і нюансы зборкі крытычна важны.

Здымак з прэзентацыіі арт-кнігі Rattus Sapiens Марыі Карнеенка з тэкстамі Таццяны Заміроўскай / Варшава, 2025 / аўтарка фота Кацярына Ігнашэвіч / здымак прадстаўлены выдавецтвам.
Пра кнігі, якія ўжо можна набыць: арт-працы Машы Святагор і фотапраект Марыі Карнеенка з тэкстамі Таццяны Заміроўскай
СМ: Як стваралася кніга «Everybody Dance!» Машы Святагор?
АС: Часам мы жартуем, што яе стварэнне было як нараджэнне першынца, бо ўвесь працэс заняў у нас крыху больш дзевяці месяцаў. У выніку мы атрымалі ўнікальны, лімітаваны прадукт. Мастачка спецыяльна прыляцела з парыжскай рэзідэнцыі ў тыпаграфію i літаральна ўручную складала кожную вокладку, таму любы пакупнік атрымоўвае сваю ўнікальную копію «Everybody Dance!», другой такой папросту не існуе.

Арт-кніга Everybody Dance! Машы Святагор / прадметныя фота выдання аўтарства Марыі Карнеенка / здымак прадстаўлены выдавецтвам.
СМ: Ці былі складанасці падчас яе распрацоўкі?
АС: Так, складанасцяў было шмат, асабліва тэхнічных. У працэсе мы сутыкнуліся з большасцю тых праблем, з якімі звычайна сутыкаюцца ў арт-кніжнай вытворчасці. Напрыклад, былі сітуацыі, калі фарба не высыхала, і частку накладу даводзілася перадрукоўваць, каб дасягнуць ідэальнай якасці. Нам нават давялося ісці на некаторыя кампрамісы, якія не відаць воку, але пра якія мы ведаем унутры каманды.
Гэты досвед быў асабліва напружаным, бо гэта была першая кніга, і мы яшчэ не разумелі, як менавіта ўсё будзе адбывацца. Але менавіта праз гэты працэс мы перасталі баяцца наступных кніг і зразумелі, што нават праз складанасці кніга можа знайсці свой шлях у свет.

Арт-кніга Everybody Dance! Машы Святагор / прадметныя фота выдання аўтарства Марыі Карнеенка / здымак прадстаўлены выдавецтвам.
АП: І сапраўды атрымалася так, што «Everybody Dance!» гэта не проста збор работ Машы Святагор. Гэта па-сапраўднаму калекцыйнае выданне, для якога Маша асобна стварыла даволі шмат прац. Апошні раздзел «Кода» цалкам складаецца з новых дыджытал-прац і серыя «Пустыя рамкі» таксама новая — менавіта яна стала асновай раздзяляльных старонак.
І таксама ў кнізе ёсць інтэрактыўная частка! Адна з цэнтральных прац надрукаваная на сцікер-паперы і ўжо разбітая на сцікеры. Так што чытачу прапануецца знішчыць выяву і стварыць нешта новае. Атрымоўваецца такі радыкальны жэст у межах метаду Машы — разбурэнне арыгіналу і стварэнне ўласнай інтэрвенцыі. Гледачу прапануецца дэканструяваць працу Машы, уключыцца ў гэты працэс і, магчыма, стварыць унутры кнігі ўласную інтэрвенцыю, узмацніўшы яе ўнікальнасць.

Праца з арт-кнігі Everybody Dance! Машы Святагор / выява прадстаўлена выдавецтвам.
СМ: Пра што другая кніга ТАМАКА і як яна стваралася?
АС: Другая кніга прысвечана візуальнаму праекту Машы Карнеенка Ratus Sapiens. Ен узнік з яе актывізму і асабістага досведу ўзаемадзеяння з пацукамі — адносінаў, якія выходзяць за межы канцэпцыі «ўласнасці», бо яны не вызначаюцца і не абмяжоўваюцца валоданнем. Для праекта Маша выкарыстоўвае не толькі фатаграфію, але стварае калажы, нацюрморты, надае новыя сэнсы праз апрапрыяцыю, каб паказаць тое, што хаваецца за стыгмай. Але ў гэтым выпадку выданне было пабудаваная як двухгалоссе візуальнай і тэкставай частак. З аднаго боку — візуальны праект Машы Ratus Sapiens, з другога — тэкставы голас Таццяны Заміроўскай.

Арт-кніга Rattus Sapiens Марыі Карнеенка / прадметныя фота выдання аўтарства Марыі Карнеенка / здымак прадстаўлены выдавецтвам.
СМ: Як нарадзіўся дуэт візуальнага праекта Машы Карнеенка і тэкстаў Таццяны Заміроўскай?
АС: Кніга нарадзілася ў працэсе дыялогу. У Таццяны не было гатовых тэкстаў, якія проста «прыкладваліся» да праекта. Яны нараджаліся паралельна працы над візуальнай часткай кнігі, у непасрэднай сувязі з ім, праз доўгія размовы з Машай, абмеркаванні праекту і ўсяго матэрыялу. Так і атрымалася, што тэкст — асобны, важны слой кнігі.
АП: І нават больш за тое! У працэсе працы стала зразумела, што гэты праект эмацыйна закранае ўсіх удзельнікаў, не толькі Марыю і Таццяну. Нават дызайнерка, Аня Налецкая-Мілах, выдання ужо падчас працы ў тыпаграфіі падзялілася асабістай гісторыяй, звязанай з тэмай праекта. Гэта падкрэсліла, што дуэт візуальнага праекта і тэксту не быў штучным — ён склаўся натуральна, праз супольную працу і ўключанасць.

Арт-кніга Rattus Sapiens Марыі Карнеенка / прадметныя фота выдання аўтарства Марыі Карнеенка / здымак прадстаўлены выдавецтвам.
СМ: Ці можна сказаць, што гэта кніга ўжо больш, чым проста мастацкі праект?
АС: Так, можна. Асновай застаецца візуальны праект Машы, але кніга — гэта ўжо нешта больш складанае. Кніга як медыум дае магчымасць з’явіцца новым сэнсам і, нават, іншаму паведамленню, якое можа адрознівацца ад першапачатковага мастацкага праекту.
Асаблівасць гэтай кнігі ў тым, што ўсе наступныя сэнсавыя пласты былі вынесеныя менавіта ў кніжны фармат. Гэта ўжо не проста фіксацыя існага праекту, а новая форма яго існавання, у якой удзельнічаюць некалькі аўтарскіх галасоў — мастачкі, аўтаркі тэксту, дызайнеркі і выдавецтва.

Здымак з праекта Rattus Sapiens Марыі Карнеенка / выява прадстаўлена выдавецтвам.
Першые водгукі на кірмашы ў Катовіцах і ад сусветных профі
СМ: Першыя жывыя водгукі на сваю працу вы атрымалі падчас кірмашу ў Катовіцах. Як гэта было?
АС: Гэта быў вельмі важны досвед, бо кірмаш — прафесійная падзея, дзе рэагуюць і спецыялісты, і калекцыянеры арт-кніг. У Катовіцы мы паехалі з «Everybody Dance!» і трэба сказаць, што адразу адчувалі сябе з ёй дастаткова ўпэўнена. Гэта бездакорная сучасная арт-кніга, дзе спалучыліся і матэрыялы, і дызайн, і даследчы тэкст, і якасць друку. І ў выніку жыўцом мы атрымалі шмат вельмі добрых водгукаў.
АП: Асабліва важна для нас было ўбачыць, як на кнігу рэагуюць людзі, якія раней не ведалі аўтарку і не былі знаёмыя з яе працамі. Выявілася, што яна літаральна зачароўвае чытачоў. Людзі, якія ўпершыню бачылі кнігу, бралі яе ў рукі, гарталі і з цікавасцю паглыналіся ў змест. І, напэўна, гэта самыя важныя водгукі — непасрэдная рэакцыя. Калі кніга працуе сама, без тлумачэнняў, і зразумелая любому гледачу, — гэта для нас найлепшая валідацыя таго, што мы робім важную працу.

Здымак з прэзентацыіі арт-кнігі Rattus Sapiens Марыі Карнеенка з тэкстамі Таццяны Заміроўскай / Варшава, 2025 / аўтарка фота Кацярына Ігнашэвіч / здымак прадстаўлены выдавецтвам.
СМ: А што наконт водгукаў прафесійнай супольнасці?
АП: З ёй мы працуем мэтанакіравана і пасля выдання кнігі. Так, напрыклад, частка тыражу свядома не ідзе ў продаж — яна прызначаная для рэпрэзентацыі аўтара.
Фактычна з гэтага моманту мы пачынаем працаваць як галерэя: прадстаўляем мастака праз кнігу, рассылаем выданне ў буйныя бібліятэкі, інстытуцыі, калекцыянерам, прафесіяналам у сферы сучаснага мастацтва і кніжнай культуры. Мы таксама адпраўляем кнігі на рэв’ю, бо добры прафесійны водгук у выдавецкай справе — гэта вельмі важна. І вось наша першая буйная публікацыя ўжо з’явілася! Кнігу «Everybody Dance!» адзначыў адзін з галоўных часопісаў па фатаграфіі The British Journal of Photography ў спісе 10ці найлепшых кніжных навінак гэтага сезона.

Кніга «Everybody Dance!» у спісе 10ці найлепшых кніжных навінак гэтага сезона па версіі The British Journal of Photography / фота часопіса прадсаўлена выдавецтвам ТАМАКА.
АС: Таксама ўжо пачалі з’яўляцца і іншыя гісторыі звязаныя з гэтай кнігай. Нядаўна да нас звярнуліся з Нідэрландаў з прапановай удзелу «Everybody Dance!» ў выставе LOST TERRITORIES: TRACING IMPERIAL VIOLENCE. У экспазіцыі прадстаўлены каля 30 кніг з усяго свету, аб’яднаных посткаланіяльнай тэмай.
Куратарка ўбачыла кнігу Машы самастойна і палічыла, што яна дакладна пасуе да гэтай экспазіцыі. Мы самі не прыкладалі ніякіх намаганняў, каб трапіць на выставу, і ўсё скалася абсалютна натуральна. Смешная гісторыя ў тым, што на той момант куратарка не магла набыць кнігу, бо ў нас яшчэ не было дастаўкі ў Нідэрланды. Таму гэта яшчэ пра тое, як мы ў экстранным парадку арганізавалі дастаўку ў Нідэрланды і ўсё склалася.
Для нас гісторыя з выставай яшчэ адно пацвярджэнне таго, што праца з кнігай не заканчваецца ў момант яе выхаду. Кніга — адзін з самых магутных інструментаў рэпрэзентацыі мастака і, калі яна трапляе ў рукі прафесіяналу, яна пачынае працаваць сама далей. Таму мы разумеем сваю ролю не толькі як выдаўцоў, але і як культурных амбасадараў. Наша задача — захаванне, папулярызацыя і прадстаўленне беларускага сучаснага візуальнага мастацтва. І сапраўдная перамога, калі пасля нашай працы мастакоў запрашаюць на выставы, у рэзідэнцыі, а іх творы набываюць у калекцыі і фонды. Гэта і ёсць знак таго, што кніга пачала жыць у свеце.

Здымак з прэзентацыіі арт-кнігі Everybody Dance! Машы Святагор / Варшава, 2025 / аўтарка фота Кацярына Ігнашэвіч / здымак прадстаўлены выдавецтвам.
Чые кнігі чакаць далей? І ці можна мастакам таксама зрабіць свой арт-бук разам з ТАМАКА?
СМ: Каго далей мы можам чакаць у вашым выдавецтве?
АС: Цяпер у Тамака ёсць план на тры кнігі наперад. Наступнай плануецца выданне кнігі Мілы Коткі. У нас ўжо падпісаныя дамовы з дзвюма мастакамі, і працэс падрыхтоўкі выданняў ідзе на розных этапах. Мы пакуль не гатовыя раскрываць усе імёны, але можам сказаць, што некаторыя могуць стаць сапраўдным адкрыццём.

Беларуская мастачка Міла Котка / здымак аўтарства Кацярыны Ігнашэвіч / выява з асабістага інстаграма творцы.
СМ: Ці можа да вас прыйсці мастак, каб разам з ТАМАКА зрабіць сваю кнігу?
АС: Пакуль, на жаль, не. Мы атрымліваем шмат запытаў на супрацу, але рэальна ацэньваем свае сілы. Больш за шэсць праектаў адначасова пацягнуць немагчыма, таму мы не можам нешта абяцаць аўтарам.
АП: Зараз каманда працуе над распачатымі праектамі, але на наступны год мы плануем зрабіць Open Call. Здаецца, гэта добры шлях убачыць поўную карціну па беларускаму мастацтву, выйсці за межы сваіх знаёмств і адчуванняў. Спадзяемся, гэта дапаможа сфармаваць выдавецкі план на наступны год і мы пры адборы будзем праводзіць сапраўдную куратарскую працу па ацэнцы струкутры, мастацкай мовы і цэласнасці выказвання аўтара.

Алена Пратасевіч (на фота зправа) — арт-дырэктарка і кафаундэрка выдавецтва ТАМАКА.
Апошнія пятнаццаць гадоў працавала ў галіне мастацтва і фатаграфіі, куратарка, выкладчыца, візуальная мастачка.
Алена Сямёнава (на фота злева) — галоўная рэдактарка і кафаундэрка выдавецтва ТАМАКА.
Пятнаццаць гадоў працавала ў маркетіынге і PR. Кіравала дыджытал-агенцыяй, працавала creative writer для некалькіх агенцый ААН. Займалася арт-журналистыкай — пісала артыкулы для часопіса Мастацтва і тэксты для арт-выстаў.
Аўтарка тэкста: Паліна Юргенсон
Падобныя матэрыялы