«Наша гісторыя — гэта белая-белая пляма, якую мы ўсе разам запаўняем». VEHA выдае новую кнігу «Руіны Беларусі»
Інтэрв'ю, 16.12.2025
Фотаздымкі заўжды выкарыстоўваліся, каб захаваць памяць не толькі аб падзеях мінулага, але і пра тых людзей, якія гэтыя падзеі перажывалі. Архіў VEHA, заснаваны Лесяй Пчолкай у 2017 годзе, стаў адным з тых незалежных культурных рухаў, якія імкнуцца збіраць гэтую «паўсядзённую гісторыю» і вяртаць яе ў агульны культурны код. За восем гадоў працы архіў правёў дзясяткі выставаў і выпусціў некалькі значных выданняў: «Найлепшы бок», «Дзявочы вечар», «Апошні фотаздымак» і «Людзі лесу».
Сёлета VEHA разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку выпусцілі новую кнігу — «Руіны Беларусі». Выданне стала чарговым крокам у даследаванні беларускага мінулага праз візуальную памяць і здымкі руін розных рэгіёнаў з архіваў, музеяў і ўласных калекцый людзей. З гэтай нагоды паразмаўлялі з Лесяй Пчолкай.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Як стваралі новую кнігу?
Праца над «Руінамі Беларусі» пачалася яшчэ ў 2023-м, але актыўна матэрыялы пачалі збірацца менавіта ў гэтым годзе. Вялікая колькасць людзей прыняла ўдзел у працэсе стварэнні кнігі, эксперты з розных галін працавалі над пруфрыдынгам, перакладамі (кніга была пеакладзена на тры мовы : беларуская, ангельская і польская).

Знешні выгляд новай кнігі «Руіны Беларусі» ад архіва VEHA / фота прадстаўлена камандай VEHA / 2025.
Стваральніца VEHA, Леся, працавала з фотаздымкамі і з асноўнымі этапамі прэзэнтацыі падрыхтоўкі праекта, яе каляжанка Ася Хмыз працавала з каталагізацыяй фотаздымкаў і таксама пісала ўсе суправаджальныя тэксты да будынкаў. Таксама важную роль займае мастак, які напісаў эссе да гэтай кніжкі — Уладзімір Грамовіч. Як адзначае Леся, ён таксама надыхніў каманду VEHA на працу з гэтай калекцыяй. У сваім тэксце Грамовіч рэфлексуе пра рэлігійныя інстытуцыі і пра спосабы асэнсавання спадчыны, што не да канца захавалася.
Варта заўважыць, што выданне гэтай кнігі адбываецца разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку, і гэта вельмі важная падзея для VEHA, таму што да гэтага яны займаліся толькі самавыданнем.

Здымак з калекцыі VEHA: 1950-я гг., Брэст. Моладзь на амбоне ў касцёле св. Казіміра у Брэсцкай крэпасці (пабудаваны як праваслаўны Свята-Мікалаеўскі сабор, у 1919 г. пераасвечаны на каталіцкі і перабудаваны, пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны, у 1991 г. вернуты праваслаўнай царкве, адрэстаўраваны ў выглядзе, блізкім да першапачатковага). Прадаставіў Яўген Мшар. Архіў VEHA, калекцыя 'Руіны Беларусі'.
Дэталі з сямейных архіваў і першыя адмовы інстытуцый
Галоўным фокусам пры адборы матэрыялаў для «Руін Беларусі» былі фотаздымкі з прыватных сямейных фотаархіваў. То бок негледзячы на тое, што кніжка прысвечана зруйнаваным будынкам, галоўны наратыў усё роўна будуецца вакол людзей і іх гісторый. У гэтым сэнсе кніга паказвае не толькі геаграфію руін, але і геаграфію памяці.
Адказваючы на пытанне пра гісторыі за кадрамі, якія ўражваюць яе найбольш, Леся падкрэслівае, што для яе важны не асобныя прыклады, а ўвесь масіў матэрыялу і тое, як ён працуе ў цэлым.
— Я не магу вылучыць адну ці дзве канкрэтныя гісторыі. Для мяне гэта заўсёды агульны працэс, — тлумачыць яна. — Мы добра ведаем, з чаго звычайна складаюцца сямейныя архівы: праз нашы рукі прайшлі ўжо сотні падборак, і гэтыя схемы часта паўтараюцца: вяселлі, пахаванні, святы, паездкі. Але самае цікавае пачынаецца тады, калі ты назіраеш, як падчас працы з канкрэтнымі матэрыяламі змяняецца першапачатковая канцэпцыя калекцыі, як сама ідэя пачынае трансфармавацца.

Здымак з калекцыі VEHA: 1936-1964 гг., Полацк, Віцебская вобл. Жанчына з дзецём на тле руін касцёла св. Стэфана (ў 1936 г. былі разабраныя вежы, у 1964 г. узарваны савецкімі ўладамі). Прадаставіў Вадзім Цітоў. Архіў VEHA, калекцыя 'Руіны Беларусі'.
Напрыклад, падчас працы над праектам «Дзявочы вечар», першапачатковай ідэяй была тэма жаночай камунікацыі і падтрымкі. Але ў фатаграфіях не хапіла таго, што магло б адлюстраваць гэтую ідэю непасрэдна, таму калекцыя была дапоўненая «Апошнім фотаздымкам», і выданне выйшла ў выглядзе двухтамніка — з параўнаннем вясельных і пахавальных рытуалаў. У «Руінах Беларусі» працэс быў падобны: каманда мела пэўныя чаканні, але канкрэтныя кадры, якія дасылалі людзі, змянялі акцэнты і фокусы.
— Праца з гісторыяй паўсядзённасці вучыць глядзець на дэталі і заўважаць тое, што звычайна людзі не заўважаюць. На звычайным групавым здымку можа раптам кінуцца ў вочы, што людзей без абутку ставілі ў другі рад. На паліто могуць быць розныя гузікі, якія сведчаць пра нястачу. Гэтыя дробязі паказваюць сацыяльны стан, складаныя ўмовы жыцця, няроўнасць у доступе да рэсурсаў. Для Беларусі ХХ стагоддзя гэта асабліва адчувальна: колькасць захаваных фатаграфій у параўнанні з суседнімі краінамі значна меншая, таму кожны кадр набывае асаблівую вагу і каштоўнасць, — адзначае Леся.

Здымак з калекцыі VEHA: 1941 г., Рагачоў, Гомельская вобл. Царква Святога Аляксандра Неўскага (пашкоджаная ад артылерэйскага агню, канчаткова cтрачаная пасля 1944 г.). Прадаставіў Уладзімір Грамовіч. Архіў VEHA, калекцыя 'Руіны Беларусі'.
Акрамя сямейных архіваў у новым выданні VEHA таксама задзейнічалі рэсурсы беларускіх і замежных інстытуцый з Польшчы, Літвы і Расіі. І тут, разам з унікальнымі знаходкамі, каманда атрымала першы досвед адмоваў ад супрацы.
— Мы звярталіся ў архіў Расіі: у іх ёсць уласны фотаздымак Каложскай царквы з чалавекам, даволі вядомы, але ён знаходзіцца ў іх калекцыі. Падчас доўгіх перамоваў нам паставілі такія ўмовы, з якімі мы не маглі пагадзіцца, — дзеліцца Леся.
У іншым выпадку музей у Любліне папрасіў аплату за выкарыстанне фатаграфій, хоць раней яны былі даступныя бясплатна, а інстытуцыя ў Літве адмовіла нават у просьбе на адзін кадр і папрасіла больш не звяртацца. Негледзячы на гэтыя складанасці, каманда і далей плануе звяртацца да еўрапейскіх архіваў для наступных работ, проста, як адзначыла Леся, яны буду больш гатовыя да такіх выпадкаў.

Здымак з калекцыі VEHA: 1960-я гг., г. Брэст. Зінаіда, Віктар і Генадзь Беразоўскія на руінах Брэсцкай крэпасці (моцна пацярпела ў Першую і Другую сусветныя войны, з 1971 г. месціць музейны комплекс з часткова закансерваванымі рэшткамі крэпасці). Прадаставіла Дзіяна Пінчук. Архіў VEHA, калекцыя 'Руіны Беларусі'.
Геаграфія кнігі
Асаблівасцю «Руін Беларусі» Леся таксама называе геаграфічную няроўнасць архіўнага поля. Па словах заснавальніцы VEHA, усходнія рэгіёны краіны застаюцца найбольш праблемнымі.
— Магілёўская вобласць — гэта боль. Гомельская таксама мае вельмі абмежаваную колькасць крыніц. Віцебская выглядае крыху лепш, але матэрыялу ўсё роўна недастаткова. У той жа час Брэсцкая і Гродзенская вобласці даюць багаты візуальны пласт: там лягчэй знайсці як архіўныя, так і сямейныя фатаграфіі.

Канец 1940-ых - пачатак 1950-ых гг., Магілёў. Дзяўчыны на тле руіны Богаяўленскай царквы (з 1920-х гадоў у будынку месціўся цэнтральны архіў БССР, канчаткова знесеная пасля Другой сусветнай вайны). Прадаставіла Людміла Грышанава; з сямейнага альбома Л.І. Якубоўскай, фонды царкоўна-архіялагічнага кабінета ДАЦ Магілёўскай епархіі. Архіў VEHA, калекцыя 'Руіны Беларусі'.
У гэтай сітуацыі VEHA спрабуе стаць альтэрнатыўнай базай дадзеных, да якой могуць звяртацца даследчыкі, мастакі, журналісты. Але архіўная праца магчымая толькі тады, калі людзі гатовыя падзяліцца матэрыяламі. На працягу ўсяго інтэрв’ю Леся падкрэслівае, што важна разумець значнасць уласных архіваў.
— Для VEHA не прынцыпова, каб усе фотаздымкі перадаваліся ў архіў: важна, каб яны наогул не знікалі. Людзі могуць самастойна сканаваць і выкладаць здымкі ў тэматычныя групы, на лакальныя старонкі, у адкрытыя супольнасці. Галоўнае — усведамленне таго, што нават адзін кадр можа мець значэнне для агульнай гісторыі. Варта проста акрэсліць — тое, што людзі маюць зараз, гэта важна. Таму хай яны хоць не губляюць, не выкідваюць гэтыя архівы і памятаюць аб тым, што іх здымкі калісьці будуць вельмі каштоўнымі.

Здымак з калекцыі VEHA: 1915 г., Быцень, Івацэвіцкі р-н, Брэсцкая вобл. Інтэрьер царквы св.Іасафата (узарваная адыходзячымі рускімі вайскамі ў Першую сусветную вайну, канчаткова зруйнаваная пасля Другой сусветнай вайны). Прадаставіў Яўген Мшар. Архіў VEHA, калекцыя 'Руіны Беларусі'.
Руіны як мова асэнсавання
У прадмове да кнігі гаворыцца, што руіны могуць стаць метафарычным падмуркам для новых беларускіх інстытуцый. У гэтым кантэксце Леся тлумачыць, што гаворка ідзе не пра перайманне гатовых мадэляў, запазычаных у іншых краін, а пра асэнсаванне ўласнага досведу, такога, які склаўся гістарычна. На яе думку, менавіта гэта і можа стаць асновай для далейшага руху без спробаў даганяць ці капіраваць чужыя формы.
— Для мяне канцэпцыя руін — гэта не нешта дрэннае. Усе яны сталі часткай нашай культуры, і гэта не значыць, што мы горшыя за тыя краіны, да якіх, напрыклад, не даходзілі войны. Руіны таксама фармуюць нас і, магчыма, нават вельмі моцна адрозніваюць ад іншых краін.

Знешні выгляд новай кнігі «Руіны Беларусі» ад архіва VEHA / фота прадстаўлена камандай VEHA / 2025.
Калі гаворка заходзіць пра тое, як гэтая кніга ўплывае на ўспрыманне беларускай ідэнтычнасці, Леся ўхіляецца ад гучных формул. Яна падкрэслівае, што VEHA не з’яўляецца акадэмічнай гістарычнай установай і не прэтэндуе на статус канчатковага голасу пра мінулае. Хутчэй, архіў прапануе адзін з магчымых спосабаў убачыць гісторыю – праз фатаграфіі, якія паказваюць, як беларусы ў розных эпохах суадносілі сябе з прасторай.
— У гэтым сэнсе «Руіны Беларусі» не толькі кніга пра тое, што знікла. Гэта выданне пра тое, што яшчэ можа быць названа, убачана і вернута ў агульную памяць. І пра тое, як супольная праца з уласнымі архівамі паступова ператвараецца ў новую мову, якой Беларусь расказвае пра сябе.
Тады якія галоўны колер новай кнігі VEHA і ўвогуля нашай гісторыі руін? На гэта Леся адказвае:
— Наша гісторыя — гэта белая-белая пляма, якую мы ўсе разам запаўняем.

Знешні выгляд новай кнігі «Руіны Беларусі» ад архіва VEHA / фота прадстаўлена камандай VEHA / 2025.

Леся Пчолка — візуальная мастачка, народжаная ў Беларусі,
у цяперашні час жыве і працуе ў Берліне (Германія) і Бельску Падляскім (Польшча). Заснавальніца і дырэктарка архіва VEHA.
Практыка Пчолкі спалучае архіўныя метады, калектыўную памяць і гістарычную пераемнасць, каб паказаць, як мінулае фарміруе сучаснае жыццё ў Беларусі і за яе межамі. Праз фатаграфію, відэа і інсталяцыю яна даследуе напружанасць паміж афіцыйнымі наратывамі і недакументаванай гісторыяй, засяроджваючыся на галасах, якія часта замоўчваюцца. Яе праца размяшчае Беларусь у больш шырокім параўнальным кантэксце, прасочваючы паралелі з іншымі аўтарытарнымі кантэкстамі, а таксама даследуючы прасторы супраціву. Выгнанне завастрае яе ўвагу да перамяшчэння, прыналежнасці і далікатнай памяці, а гендэрныя перспектывы фарміруюць яе адчувальнасць да ўвасобленага досведу і ўлады. Мабілізуючы грамадскія архівы і падыходы ў эксперыментальным апавяданні, Пчолка стварае шматслаёвыя наратывы, якія рухаюцца паміж асабістым і палітычным, прыватным і калектыўным — пераасэнсоўваючы, як можна памятаць гісторыю і супраціўляцца ёй.
На вокладцы здымак з калекцыі VEHA: 1960-я гг., г. Брэст. Зінаіда, Віктар і Генадзь Беразоўскія на руінах Брэсцкай крэпасці (моцна пацярпела ў Першую і Другую сусветныя войны, з 1971 г. месціць музейны комплекс з часткова закансерваванымі рэшткамі крэпасці). Прадаставіла Дзіяна Пінчук. Архіў VEHA, калекцыя 'Руіны Беларусі'.
Падобныя матэрыялы