Мастацтва на слых: 12 падкастаў, якія навучаць глядзець на сучарт
Падборка, 02.12.2025
Каб пачаць разбірацца ў мастацтве, не абавязкова адразу глядзець доўгія, навуковыя лекцыі. Цяпер, у эру падкастаў, разабрацца ў беларускіх і сусветных з’явах можна нават падчас прагулкі ці пабытовых спраў. Спецыяльна для Chrysalis Mag сабралі 12 падкастаў з базай арт-кантэнту. У сённяшняй падборцы падкасты ад беларусаў (па-руску і беларуску) і замежнікаў (па-англійску), каб лёгка арыентавацца ў арт-жыцці Беларусі і ўсяго свету.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Падкасты ад беларусаў
Пояснительная
Назва гаворыць сама за сябе. «Пояснительная» — гэта падкаст, які тлумачыць, што адбываецца ў беларускім мастацтве. Яго аўтары Алег Абносаў, блізкі да стэндап-сцэны постмадэрніст з Жодзіна, і мастак Андрэй Пічушкін, разбіраюць сучасныя выставы, культурныя ініцыятывы, музейныя праекты і размаўляюць з тымі, хто стаіць за імі.

Скрыншот са старонкі падкаста.
Гэты падкаст стаў мастом паміж прафесійным арт-асяроддзем і шырокай публікай, якая хоча разумець мастацтва, асабліва з беларускім кантэкстам. Асабліва хочацца адзначыць іх апошні падкаст з Дзінай Даніловіч, куратаркай і мастачкай, чыя куратарскія праекты ўжо шмат разоў трапілі ў лісты must see да наведвання ў Мінску.
Далягляд
Гэта падкаст для ўсіх, хто цікавіцца беларускай фатаграфіяй. Ён быў створаны беларускай фатаграфічнай платформай (ФШ1). Яго вядоўцы, беларускія фатографы Яўген Атцецкі і Кацярына Кузьмічова, абмяркоўваюць беларускіх аўтараў, іх творчасць, ідэі і падыходы да працы.

Скрыншот са старонкі падкаста.
Галоўнае мэта падкаста — прыцягнуць увагу да беларускай фатаграфіі, зрабіць галасы фатографаў больш чутнымі і іх працы больш бачнымі. Акурата зараз выходзіць другі сезон падкаста са свежымі размовамі. Сярод творцаў там, напрыклад, можна паслухаць Марыю Карнеенка, Максіма Шуміліна, Ксенію Яблонскую, Віктара Гіліцкага і шмат каго яшчэ.
ОМ (Open Muzej)
Open Muzej гэта адкаст пра тое, як можна думаць пра мастацтва і музеі ў часы, калі ўсё навокал змяняецца. Падкаст з’яўляецца часткай аднайменнай ініцыятывы, якая стварае адкрытую прастору для беларускага сучаснага мастацтва — без сцен, геаграфічных межаў і іерархій.

Лагатып падкаста.
У кожным выпуску ўдзельнікі разважаюць пра тое, што сёння значыць супольнасць, салідарнасць і архіваванне досведу. Гутаркі закранаюць разнастайныя тэмы, якія звязаны з кантэкстам сучаснай беларускай культуры.
слухаць на Apple Падкасты
слухаць на Castbox
слухаць на Google Падкасты
слухаць на Spotify
Гісторыя мастацтва ад 34mag
Працягваем спіс класікай падкастаў пра мастацтва ад 34mag, якую павінен праслухаць кожны беларускі аматар культуры.

Скрыншот са старонкі падкаста.
«Гісторыя мастацтва Беларусі» — гэта аўдыяпадарожжа па беларускім мастацтве ад старажытных часоў да сучаснасці. Восем выпускаў раскрываюць галоўныя этапы развіцця айчыннай арт-сцэны, знаёмяць з мастакамі і іх творамі. Праект натхняе паглядзець на беларускую культуру па-новаму, завітаць у музеі ці адправіцца ў вандроўку па маршрутах Напалеона Орды.
BOWA Digital Podcast
Падкаст, які нарадзіўся з кнігі «She Was: 16 Women Who Became Part of the History of Belarus». У свой час яна была вельмі папулярнай у краіне і прыцягнула ўвагу да жаночай гісторыі ў беларускім полі.

Скрыншот са старонкі падкаста.
Падкаст працягвае гэтую лінію, кожны выпуск жывыя размова з сучаснымі мастачкамі, якія расказваюць пра свой творчы шлях, прафесійныя выклікі і тое, як жаночыя галасы фармуюць беларускую арт-сцэну сёння.
Англамоўныя падкасты
The Art Angle
Падкаст аднаго з самых уплывовых англамоўных медыя пра сусветнае мастацтва — Artnet. У кожным выпуску аўтары разглядаюць тое, чым жыве арт-свет сёння: рухі на міжнародным арт-рынку, новыя эстэтычныя трэнды, спрэчкі вакол музейных практык і інш.
Вокладка апошняга падкаста на момант публікацыі.
Падкаст падае складаныя тэмы лёгка і інтэлектуальна адначасова, адкрываючы слухачам закуліссе глабальнай арт-сістэмы і яе галоўныя інтрыгі.
Talk Art
Talk Art — жывы, шчыры і натхняльны падкаст пра мастацтва, які вядуць акцёр Расэл Тоўі і галерыст Роберт Даймант. У кожным выпуску яны размаўляюць з вядомымі мастакамі, куратарамі, калекцыянерамі і творцамі з іншых сфер: ад музыкі да журналістыкі. Разам яны даследуюць, што надае мастацтву сілу аб’ядноўваць людзей, выклікаць эмоцыі і натхняць на роздум.

Скрыншот са старонкі падкаста.
The Great Women Artists
Падкаст, які вяртае жанчынам іх месца ў гісторыі мастацтва. Вядоўца і куратарка Katy Hessel, размаўляе з сучаснымі мастачкамі, куратарамі, даследчыцамі і аўтаркамі, адкрываючы іх творчы шлях і ўплыў на культурны дыялог.

Скрыншот са старонкі падкаста.
Выпускі прысвечаны мастацтву, гендэру і бачнасці, якая паказвае, што жаночыя галасы ў арт-свеце гучаць магутна, глыбока і па-сучаснаму. Падкаст узмацняе кантэкст яе папулярнай кнігі The Story of Art Without Men, якая стала бестсэлерам і дазваляе з новага ракурсу ўбачыць гісторыю мастацтва праз прызму жаночага творчага досведу.
The week in Art
The Week in Art — гэта штотыднёвы падкаст ад The Art Newspaper, які прапануе аналітычны погляд на глабальны свет мастацтва. У адрозненні ад аўтарскіх ці інтэрв’ю-падкастаў, ён працуе як культурны агляд, збіраючы галоўныя навіны і тэндэнцыі з усяго свету: ад Лондана і Парыжа да Нью-Ёрка, Дубая і Ганконга.

Скрыншот са старонкі падкаста.
Вядучы журналіст Бэн Люк разам з экспертамі аналізуе выставы, музейныя палітыкі, арт-рынак і скандалы, паказваючы, як мастацтва адлюстроўвае сучасныя грамадскія працэсы. Гэта падкаст ідэальна пасуе для тых, хто хоча не проста слухаць пра мастацтва, а разумець, як яно функцыянуе ў сусветным кантэксце.
A Piece of Work
A Piece of Work гэта падкаст, які лёгка і з гумарам адкрывае свет сучаснага мастацтва. Яго стварыла MoMA разам з радыё WNYC у 2017 годзе, а вядзе акторка і комік Эбі Джэйкобсан. Галоўная сваеасаблівасць гэтага падкасту — адсутнасць складаных тэрмінаў і тэорый, замест гэтага ён прапануе жывое абмеркаванне таго, што мы бачым у музеях: інсталяцыі, перформансы, абстракцыя, канцэптуальнае мастацтва.

Скрыншот са старонкі падкаста.
Вядоўца Эбі Джэйкобсан разам з мастакамі і сябрамі з іншых творчых сфер дапамагае слухачам зразумець, што мастацтва — гэта не нешта недасяжнае, а тое, што можа здзіўляць, смяшыць і кранаць. Хоць падкаст ужо не новы, ён усё яшчэ гучыць свежа і натхняе паглядзець на мастацтва пад іншым кутом.
ArtCurious
Гэта падкаст гісторыка мастацтва Джэніфер Дасал, які разбурае міф пра тое, што гісторыя мастацтва гэта сумныя лекцыі і даты.

Скрыншот са старонкі падкаста.
Дасал распавядае пра дзіўныя, захапляльныя і часам скандальныя сюжэты, што стаяць за вядомымі творамі: чаму некаторыя даследчыкі лічаць, што «Мона Ліза» можа быць падробкай, ці сапраўды Ван Гог застрэліўся сам, і як Караваджа ператварыў злачынствы ў мастацтва. Гэта толькі пару прыкладаў выпускаў, дзе вядзецца невялікае расследаванне, якое адкрывае мастацтва з нечакана боку.
The Lonely Palette
The Lonely Palette — падкаст мастацтвазнаўцы Тамар Авішай, якая ў кожным выпуску выбірае адзін твор і распавядае яго гісторыю, кантэкст і сэнс для нашага часу.

Скрыншот са старонкі падкаста.
Сярод найцікавейшых выпускаў: пра Поля Сезана, «бацьку сучаснага мастацтва», пра Мэры Касат і ролю жанчын у арт-свеце, а таксама пра тое, як абстракцыя стала больш зразумелай, чым здаецца. The Lonely Palette гэта падкаст, які прымушае глядзець на мастацтва не як на музейны экспанат, а як на жывую гісторыю людзей і ідэй.
Падобныя матэрыялы