«Раптам трэба бегчы дыстанцыю» Даследчыца і куратарка Таня Арцімовіч пра выпрабаванні для навукоўцаў і асабісты лёс
«Раптам трэба бегчы дыстанцыю» Даследчыца і куратарка Таня Арцімовіч пра выпрабаванні для навукоўцаў і асабісты лёс
Інтэрв'ю | 16.09.2025
У апошнія гады для даследчыцы і куратаркі Тані Арцімовіч навука стала не толькі прафесіяй, але і спосабам заставацца ўнутрана стойкай у часы турбулентнасці. За плячыма — амаль два дзесяцігоддзі куратарскай і мастацкай працы ў Беларусі, а сёння яе шлях — гэта пошук новай ідэнтычнасці, спалучэнне досведу мастацтва і акадэміі, асабістай гісторыі і калектыўнага вопыту жанчын-навукоўцаў. Пагаварылі з даследчыцай пра тое, як гэта трымацца на дыстанцыі і працягваць працаваць у зменлівым свеце.
У апошнія гады для даследчыцы і куратаркі Тані Арцімовіч навука стала не толькі прафесіяй, але і спосабам заставацца ўнутрана стойкай у часы турбулентнасці. За плячыма — амаль два дзесяцігоддзі куратарскай і мастацкай працы ў Беларусі, а сёння яе шлях — гэта пошук новай ідэнтычнасці, спалучэнне досведу мастацтва і акадэміі, асабістай гісторыі і калектыўнага вопыту жанчын-навукоўцаў. Пагаварылі з даследчыцай пра тое, як гэта трымацца на дыстанцыі і працягваць працаваць у зменлівым свеце.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Абнуляешся, і трэба нанова пісаць сябе
— Навука мне дапамагае ў эміграцыі. Па-першае, гэта мая праца, я з яе жыву. А па-другое, гэта падпорка, каб перажываць турбулентныя часы, у якіх мы знаходзімся. Я акурат працую з выяўленнем механізмаў, адказных за эпістамалагічную дыскрымінацыю, што ляжыць у аснове імперскіх наратываў. І такім чынам я таксама маю інструмент — праз навуку супраціўляцца. Гэта мяне падтрымлівае.
Папярэднія гады перааралі маю прафесійную ідэнтычнасць. Мне цяжка адказваць на пытанне хто я. Бо, як і шмат каму з нас, мне прыйшлося б адрэзаць значны кавалак жыцця — маю мастацкую і куратарскую дзейнасць у Беларусі, а гэта амаль што 20 гадоў. Ёсць унутраны канфлікт перанараджэння, прыняцця гэтай трансфармацыі і сваёй новай ідэнтычнасці — даследчыцы з Беларусі.
З іншага боку, я разумею, што мае кампетэнцыі менеджаркі — каштоўныя ў сучаснай глабальнай навуцы. А неменеджарскія кампетэнцыі — то бок мой досвед стварэння мастацкіх прац, мой куратарскі досвед – гэта ўсё таксама было пра вытворчасць ведаў толькі ў фармаце мастацтва. Бо ў Беларусі, як і ў іншых недэмакратычных краінах, тое, што называецца полем контракультуры, акурат было свабоднай прасторай, дзе ствараліся веды.
— Як ты трапіла ў рэзідэнцыю?
— Удзел у рэзідэнцыі Graz International House of Authors (IHAG) мне прапанавалі пасля рэкамендацыі аднаго з папярэдніх удзельнікаў. Арганізатары звярнуліся і да папярэдніх беларускіх рэзідэнтаў — і тыя таксама пацвердзілі маю кандыдатуру. Спачатку мне прапанавалі зімовы перыяд, але праз тое, што я чакала дакументы, удзел перанеслі на вясну. Шчыра кажучы, я не была ўпэўненая, што пра мяне яшчэ памятаюць, таму здзівілася, калі за два тыдні да пачатку атрымала ліст з афіцыйным запрашэннем.
— Што стала галоўным адкрыццём падчас рэзідэнцыі?
— Спачатку я моцна хвалявалася і не разумела, як тут усё ўладкавана. Мяне пачалі знаёміць з іншымі ўдзельнікамі са Швейцарыі і Малі, і адразу пачаліся першыя прэзентацыі майго праекта. Узровень маёй англійскай быў недастатковы, але я рыхтавалася і з кожнай прэзентацыяй станавілася лепш. Потым адбыліся сустрэчы з галерэямі і куратарамі — я не чакала такой моцнай рэакцыі. Ідэю, якую я хавала ў сваіх працах, зразумелі адразу — гэта ўразіла. Я ўпершыню чула столькі шчырых і глыбокіх водгукаў. Асобна здзівіла зацікаўленасць да кантэксту Беларусі: людзі сапраўды цікавяцца сітуацыяй і шукаюць спосабы ўплываць.
Першая пара тыдняў была пераломнай — я прыехала эмацыйна знясіленай, нягледзячы на адкрыццё выставы. У рэзідэнцыі я ўпершыню апынулася ва ўмовах, дзе магла аднавіцца: заняцца сабой, спыніцца, падумаць, даць сабе час. Я працавала над праектам: пісала тэарэтычную частку, рыхтавала прэзентацыю, прадумвала экспазіцыю, таксама выступала перад студэнтамі мастацкай школы. Упершыню я стварала не з болю, а з поўні, з унутранага спакою — гэта было зусім новае адчуванне.
Лекцыя Агаты Адамецкай-Сітэк у межах выставы «ЛЮДМІЛА РУСАВА. ТАТАЛЬНЫ ПЕРФОРМАНС», Мінск, 2015 год.
Фемінісцкі фокус і пераасэнсаванне гісторыі мастацтва
— Цікавасць да гендэрнага аспекту з’явілася ў мяне яшчэ ў Беларусі. Я была су-рэдактаркай часопіса «pARTisan» і потым «Калекцыі pARTisan», серыі каталогаў выбітных мастакоў і мастачак, недаацэненых афіцыйнай культурай. Акурат у гэты перыяд, пачатак 2010-х, пачаліся дыскусіі вакол мастацтва і фемінізму, актыўна абмяркоўвалася забытасць беларускіх жанчын-мастачак, іх недаацэненнасць, фарміраваўся феміністычны дыскурс у нашым мастацкім асяроддзі. Відавочна гэта ўплывала і на мой фокус, і таму я ўжо свядома напрыклад ацэньвала: колькі публікацый, прысвечаных жанчынам-мастачкам, змяшчае часопіс, якія працы друкуюцца? І калі з’явілася магчымасць уплыву на змест «Калекцыі pARTisan», я настойвала на абавязковым уключэнні жанчын-мастачак. Зразумела, існуе шмат недаацэнненых беларускіх творцаў, але гэты момант быў для мяне прынцыповы. Я рада, што ў серыі выйшлі каталогі Людмілы Русавай і Вольгі Сазыкінай.
Я ўдзельнічала ў шматлікіх дыскусіях пра ролю і месца жанчыны ў мастацтве, назірала, як фарміруецца феміністычны дыскурс у нашым мастацкім асяроддзі. Паралельна адбываўся працэс самарэфлексіі, разумення механізмаў дыскрымінацыі, праз якія я як жанчына праходзіла ў мінулым.
Прэзентацыя каталога Вольгі Сазыкінай у межах "Калекцыі Партызана", Минск, 2019 год.
Новыя даследаванні і траўматычны досвед жанчын у навуцы
— На рэжысёрскім аддзяленні ў Акадэміі мастацтваў кожны дзень даводзілася даказваць, што я мужчына, бо выкладчыкі нагадвалі нам, што «гэта мужчынская прафесія». Адкрываліся і новыя сферы дыскрымінацыі жанчын у беларускім грамадстве. Вядома, усё больш мужчын пачынае падзяляць абавязкі, але лічбы кажуць, што савецкая мадэль застаецца прыярытэтнай – жанчына рэалізуецца прафесійна з поўным працоўным днём, але яна павінна быць яшчэ і супер-маці, і супер-жонкай. Такі бясконцы працоўны дзень.
Я даследавала гэту праблему ў дысертацыі. Зараз пачынаю новае даследаванне, у межах калектыўнага навукога праекта Protecting Academia at Risk: Towards a New Policy Agenda for a Thriving Culture of Higher Education, падтрыманым Gerda Henkel Foundation (гэта інтэрв'ю праходзіла восенню 2024 года, таму на момант публікацыі праца знаходзіцца на іншым этапе, прым. рэд.). Мая частка — гісторыі жанчын-вучоных у вымушанай эміграцыі.
Гаворка пра экстрэмальны траўматычны досвед. Людзям без яго складана зразумець гэтую штодзённасць — тут у цябе няма блізкіх людзей, якія могуць, напрыклад, дапамагчы з дзецьмі. А ў асноўным жанчына па-ранейшаму застаецца з дзецьмі (альбо з прычыны разводу альбо, напрыклад, праз вайну).
Презентацыя журнала "pARTisanka", Брест, 2020 год.
Падтрымка для навукоўцаў з дзецьмі
— Калі я шукала праграму дактарантуры, адным з крытэрыяў была падтрымка дактарантак/ў з дзецьмі, на той момант у мяне ўжо быў трохгадовы сын. Такая праграма знайшлася ў International Centre for the Study of Culture (Justus Liebig University). Як я потым даведалася, у нямецкіх універсітэтах такая падтрымка існуе на інстытуцыянальным узроўні.
Ад самага пачатку ў мяне была кансультантка, якая дапамагала з побытавымі рэчамі. Напрыклад, знайсці садок для дзіцяці. Без гэтага пачынаць даследаванне было б немагчыма: побач ужо няма бабулі, якая б дапамагала з дзіцем, блізкіх сяброў.
Калі надышоў лакдаўн падчас другой хвалі каранавіруса, было абвешчана, што толькі дзеці, у якіх бацькі выходзяць на працу, змогуць наведваць садок. І мой цэнтр напісаў адмысловы ліст, што навуковая дзейнасць – гэта праца, нават калі робіцца аддалена.
Было разуменне з боку выкладчыкаў, калі я не магла наведваць калоквіум, бо ён пачынаўся, калі трэба было забіраць дзіця з садка. Кожная і кожны ішлі насустрач. Гэта каштоўны досвед — таго, як можа быць.
Такім чынам ствараецца інфраструктура, каб навукоўцы з дзецьмі не баяліся працягваць навуковую кар’еру. Бо лічбы паказваюць: нават у Германіі адсотак жанчын пасля 30, то бок у веку, калі плануецца сям’я, пачынае рэзка скарачацца ва ўніверсітэтах.
Ідзе гаворка пра тое, каб дактаранскія праграмы ўлічвалі факт, што гэта той век, калі жанчына можа захацець нарадзіць дзіця. Жанчынам прасцей паверыць, што не трэба выбіраць — сям’я альбо кар’ера — калі ёсць праграмы падтрымкі, якія дазваляюць браць дзіця ў даследчыя паездкі альбо на канферэнцыі, прапануюць адмысловы догляд і навуковыя рэзідэнцыі без пераезду на тры месяцы ў іншую краіну. Апошняе — асаблівы пункт для вучоных з мігранцкім досведам, адарваных ад свайго асяроддзя. У эміграцыі вы са сваім дзіцем заўсёды прывязаныя адно да аднаго. Гэта нялёгка. Але плюсаў можа быць нашмат болей, калі паверыць у сябе.
Сістэма павінна станавіцца больш інклюзіўнай. Пра гэта таксама маё даследаванне.
Таня Арцімовіч на канферэнцыі "Re-Thinking Post-Socialist War(s)", Гіссэн, 2024 год.
Культура працы і акадэмічныя стандарты
— Калі мне казалі, маўляў, як я магу кожны дзень сядаць і працаваць, я адказвала, што у мяне няма прывілею гэтага не рабіць. Дзеці дысцыплінуюць, і бацькоўства дазваляе шмат чаго зрабіць у абмежаваны перыяд часу.
У гэтым плане мне пашчасціла: ёсць матывацыя, якая не дазваляе не падымацца раніцою з ложка ці правальвацца ў дэпрэсію. Два з паловай гады я спрабавала зразумець правілы гульні ў еўрапейскіх універсітэтах і займалася працэсам культурна-навуковага, так мовіць, перакладу. І я думаю, што тут узнікае ўнутраны канфлікт у нашых навукоўцаў, калі падаецца, што мы «не дацягваем».
Не, проста навука ў Беларусі існуе па іншых стандартах, напрыклад, беларускія ВАКаўскія часопісы нічога не значаць для заходняга акадэмічнага кам’юніці, і наадварот.
Раней можна было балансаваць – выступаць на замежных канферэнцыях, але быць часткаю лакальнай навукі. Але цяпер ты павінна перабудаваць цалкам успрыняцце таго, як інстытуцыйна функцыянуе поле. Твой сімвалічны сацыяльны капітал абнуляецца, і трэба як бы спачатку пісаць сваё CV. Толькі на трэці год я стала адчуваць упэўненасць, нават у маўленні, у самім праве інтэпрэтаваць і гаварыць.
Кантракты ў нямецкіх універсітэтах кароткія, тры-чатыры гады. Пасля абароны дысертацыі даецца 10 год, каб выйсці на пазіцыю прафесаркі, іначай страціш навуковы статус. Калі ў такія жорстка канкурэнтныя ўмовы трапляе беларускі навуковец, зразумела, цяжка. А спецыяльных цэнтраў беларускіх даследванняў няма. Адначасова нашыя навукоўцы прызвычаіліся да камфортнай сітуацыі, калі можна дзесяцігоддзямі працаваць на адной пазіцыі (калі ўжо трапіў) і не вельмі клапаціцца пра кваліфікацыю ды адсочванне тэндэнцый.
Вядома, я не кажу пра ўсіх, але такіх многа. І раптам трэба бегчы дыстанцыю. Ды яшчэ і ў цяжкім псіхалагічным стане. Без спецыяльных праграм падтрымкі толькі адзінкам удасца застацца ў прафесіі. Наш досвед не ўнікальны, гэта выпрабаванні, праз якія праходзяць усе мігранты. Але трэба трымацца, верыць і працягваць працаваць. Кожны дзень.
Таня Арцімовіч — даследчыца і куратарка. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (спецыялізацыя - гісторыя тэатра) і атрымала ступень магістра сацыялогіі (культурныя даследаванні) у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня, Літва). Атрымала ступень доктаркі ва Ўніверсітэце Юстуса Лібіха ў Германіі. Займаецца гісторыя і тэорыяй мастацтва, гендарнымі даследаваннямі, жаночай гісторыяй.
Перадрук матэрыялу або фрагментаў матэрыялу магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Калі вы заўважылі памылку ці жадаеце прапанаваць дадатак да апублікаваных матэрыялаў, просім паведаміць нам.
Таня Арцімовіч — даследчыца і куратарка. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (спецыялізацыя - гісторыя тэатра) і атрымала ступень магістра сацыялогіі (культурныя даследаванні) у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня, Літва). Атрымала ступень доктаркі ва Ўніверсітэце Юстуса Лібіха ў Германіі. Займаецца гісторыя і тэорыяй мастацтва, гендарнымі даследаваннямі, жаночай гісторыяй.
Перадрук матэрыялу або фрагментаў матэрыялу магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Калі вы заўважылі памылку ці жадаеце прапанаваць дадатак да апублікаваных матэрыялаў, просім паведаміць нам.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Чытаць таксама: