Топ 8 кніг пра беларускую культуру і мастацтва
Падборка | БЕЛАРУСЬ | 10.11.2021
Топ 8 кніг пра беларускую культуру і мастацтва
Наша новая падборка для аматараў прыгожых і цікавых кніг. Прапануем вам паглядзець топ 8 кніг, які варта пагартаць і прачытаць кожнаму. Выбар рэдакцыі часопіса!
ПАДЗЯЛIЦЦА:
1. «Беларускiя посцiлкi i дываны. Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы»
Вольга Лабачэўская / 2021
Як гаворыць сама аўтарка, «кніга пра антрапалогію і мастацтва посцілкі — шматслойны тэкст, які змяшчае ўсебаковы аналіз рэчы як феномена культуры». Гэта кніга-аповед аб лёсе беларускага народнага мастацтва праз посцілкі і дываны, створаныя ў вёсцы канца ХІХ–ХХ ст. У ёй апублікавана шмат фотаздымкаў посцілак з розных музеяў краіны ад Нацыянальнага мастацкага да Іванецкага музея традыцыйнай культуры, а таксама выкарыстаны архіўныя фотаздымкі беларусаў на фоне посцілак сярэдзіны ХХ ст., сабраныя НКА VEHA.
Дзе набыць: у мінскай «Акадэмкнізе» (пр. Незалежнасці, 72 альбо вул. Багдановіча, 46). Наяўнасць і кошт можна ўдакладніць па тэлефоне.
2. «Айчына: маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi»
Уладзімір Арлоў, Павел Татарнікаў / 2016
Кніга з ілюстраванымі апавяданнямі адрасавана найперш дзецям і падлеткам, але прачытаць і паглядзець яе будзе карысна і дарослым. У ёй пасля кожнай часткі можна знайсці цікавыя, вясёлыя і сур’ёзныя пытанні, напрыклад: колькі катоў ахоўвалі дакументы ВКЛ? Выходзіць кніга ў дзвюх частках. Першая ахоплівае час ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя.
Дзе набыць: напрыклад, на сайце выдавецтва «Янушкевіч». Там яе можна знайсці за 45 руб.
3. «Веткаўскі музей народнай творчасці», кніга-альбом
3-яе выданне / Мінск, «Беларусь», 2001
Непадалёк ад Гомеля знаходзіцца невялікі гарадок Ветка, у якім захаваўся ўнікальны музей з старадаўнімі народнымі традыцыямі і своеасаблівым мастацтвам. У яго фондах — калекцыі стараабрадніцкіх абразоў, рукапісных і старадрукаваных кніг XVI-XIX ст., калекцыі ткацтва, археалогіі. У нашым топе мы прапануем вам звярнуць увагу на альбом з іх калекцыяй.
Дзе набыць: знайшлі гэту кнігу толькі на Ay.by за 15 руб.
4. «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак»
Мастак — В.П. Славук / 2-е выд. Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010
Дзе, калі не ў гэтай кнізе, шукаць казачных персанажаў і вобразы нашай міфалогіі? Тут апісваюцца незвычайныя істоты і пачвары, якія захаваліся ў духоўнай спадчыне беларусаў і сустракаюцца ў розных сферах нашага жыцця. Выданне багата ілюстравана (мастак — знакамiты Валерый Славук!) і нават было надрукавана па-англійску.
Дзе набыць: знайшлі гэту кнігу таксама толькі на Ay.by і на англійскай мове за 130 руб.
5. «Кіч у мастацкай культуры сучаснай Беларусі»
Д. Ю. Бунеева / «Беларуская навука» / Мінск, 2021
У выданні разглядаецца феномен кічу і яго праяўленні ў творчасці сучасных беларускіх аўтараў — як самадзейных майстроў, так і вядомых жывапісцаў, скульптараў, графікаў. Аўтарка робіць спробу асэнсаваць гэту культурную з’яву, дае вызначэнне асноўных стылёвых рыс кічу і тлумачыць гэта чытачу.
Дзе набыць: у мінскай «Акадэмкнізе» (пр. Незалежнасці, 72 альбо вул. Багдановіча, 46). Наяўнасць і кошт можна ўдакладніць па тэлефоне.
6. The Belarus Book
Кася Сырамалот / 2020
Візуальны аповед пра Беларусь ад фатографкі Касі Паласаткі. Гэта кніга — яе праца апошніх 10 год. На больш за 200 старонках кнігі можна знайсці каля 170 фотаздымкаў з розных куткоў Беларусі і роднага для Касі Мінска, а таксама эсэ ад людзей, якія ствараюць сучасную культуру нашай краіны.
Дзе набыць: кнігу можна знайсці ў анлайн-магазінах (напрыклад, на Oz.by за 110 руб.) альбо афлайн паглядзець і набыць (напрыклад у кнігарне-кавярне MARKS на вул. Карла Маркса, 11 таксама за 110 руб).
7. «Гэта Беларусь, дзетка!»
Марта Чарнова, Марыя Чаракова / 2019
З дапамогай жартаўлівых ілюстрацый кніга даследуе аспекты штодзённага жыцця беларусаў, даючы грунтоўныя, але пры гэтым гумарыстычныя тлумачэнні з'явам, якія шакуюць замежнікаў і падаюцца ім нелагічнымі.
Дзе набыць: купіць кнігу можна анлайн на Oz.by за 17,46 руб. альбо афлайн знайсці ў кнігарнях «Белкніга».
8. «Краiна Беларусь»
Уладзімер Арлоў, Зьміцер Герасімовіч / 2013
Дзе набыць: у мінскай «Акадэмкнізе» (пр. Незалежнасці, 72 альбо вул. Багдановіча, 46). Наяўнасць і кошт можна ўдакладніць па тэлефоне.
Калі вы хацелі б дадаць цікавыя выданнi ў падборку — пішыце нам, калі ласка!
На вокладцы: ілюстрацыя беларускага мастака Паўла Татарнікава з кнігі «Айчына: маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi»
Перадрукоўка матэрыялу або фрагментаў матэрыялу магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Калі вы заўважылі памылку або хочаце прапанаваць дадатак да апублікаваных матэрыялах, просім паведаміць нам.
Падобныя матэрыялы