Памёр мастацтвазнаўца Юрый Абдурахманаў. Менавіта ён быў ініцыятарам стварэння музея Хаіма Суціна ў Смілавічах
Навіна, 16.03.2026
Памёр мастацтвазнаўца Юрый Абдурахманаў. Менавіта ён быў ініцыятарам стварэння музея Хаіма Суціна ў Смілавічах
Навіна, 16.03.2026
Пайшоў з жыцця мастацтвазнаўца, даследчык Парыжскай школы і ініцыятар стварэння музея Хаіма Суціна ў Смілавічах Юрый Абдурахманаў. Пра яго смерць паведаміла ў Facebook культуролаг Юлія Чарняўская.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Юрый Абдурахманаў нарадзіўся ў 1959 годзе. У 1984-м ён скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага інстытута замежных моў. Пэўны час жыў і працаваў за мяжой — у Францыі, Бельгіі і Алжыры.
Ён быў заснавальнікам і кіраўніком прыватнай культурнай установы «Спадчына і час» у гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна. Абдурахманаў уваходзіў у апякунскую раду музея «Прастора Хаіма Суціна» і выступіў ініцыятарам стварэння ў ім асобнай залы, прысвечанай мастаку Шраге Царфіну.

Мастацтвазнаўца Юрый Абдурахманаў каля карціны Фабіш Шрагі Царфіна / аўтарства здымка Яўгеній Колчаў / фота ўзята з асабістай старонкі мастацтвазнаўцы.
Даследчык займаўся вывучэннем мастакоў Парыжскай школы, быў аўтарам кніг і шматлікіх публікацый на гэтую тэму. У 2016–2017 гадах ён чытаў лекцыі пра Парыжскую школу на радыё «Культура».
Абдурахманаў таксама курыраваў выставы сучасных беларускіх мастакоў у Беларусі, Літве і Францыі. У 2019–2020 гадах ён стаў галоўным куратарам выставы «Шрага Царфін. Вядучы да святла» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Акрамя таго, ён быў адным з заснавальнікаў міжнароднай канферэнцыі «Суцінскія чытанні». Яму належыць ідэя дакументальнага фільма «Блукаючая зорка са Смілавічаў», прысвечанага мастаку Шраге Царфіну: Абдурахманаў выступіў сцэнарыстам і прадзюсарам гэтай стужкі.
Мастацтвазнаўца быў членам ICFA — Міжнароднага камітэта музеяў і калекцый выяўленчага мастацтва.
Падобныя матэрыялы