«Не ўсе гісторыі павінны развівацца так, як мы чакаем». Стваральніца «Краіны Oz» пра мастацтва ў мінскім псіханеўралагічным пансіянаце
Інтэрв'ю, 19.03.2026
«Не ўсе гісторыі павінны развівацца так, як мы чакаем». Стваральніца «Краіны Oz» пра мастацтва ў мінскім псіханеўралагічным пансіянаце
Інтэрв'ю, 19.03.2026
Тры гады таму псіхалагіня і мастачка Кацярына Крахалева запусціла ў мінскім псіханеўралагічным інтэрнаце мастацкі праект «Краіна Оз». Яго ўдзельнікімі з’яўляюцца самі жыхары інтэрната, людзі без мастацкай адукацыі і з псіхіятрычнымі дыягназамі. За гэты час праект сабраў уласную калекцыю работ і правёў каля дзесяці выстаў, а яго аўтары ўпершыню ўбачылі свае карціны ў галерэйнай прасторы. Самой Кацярыне праца над праектам дапамагла выйсці з эмацыйнага крызиса. У размове з Chrysalis Mag творца распавядае пра кранальныя гісторыі ўдзельнікаў, шмат разважае пра мастацтва і дыягназ, а таксама расказвае пра муралы ўнутры інтэрната і выданне каталога «Краіны Оз».
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Стварэнне праекта
Яшчэ да працы ў інтэрнаце Кацярыну цікавіла наіўнае мастацтва і ар-брут. Яна кажа, што даўно шукала магчымасць злучыць сваю прафесію псіхолага з гэтым інтарэсам. Досвед працы з людзьмі з асаблівасцямі ў яе ўжо быў, таму ідэя праекта паступова склалася натуральна.
Ар-брют — гэта кірунак у мастацтве, які бярэ свой пачатак у 20-м стагоддзі. Звычайна, пад ім разумеюць творчасць людзей, што не маюць мастацкай адукацыі і не ўваходзяць у прафесійнае мастацкае асяроддзе. Часта гэта працы людзей з псіхіятрычных устаноў, ізаляваных супольнасцяў або тых, хто проста стварае творы па-за сістэмай.
У Беларусі ж ар-брут застаецца малараспаўсюджанай з’явай. Асобныя ініцыятывы з'яўляліся, але ўстойлівага поля, спецыялізаваных калекцый ці рэгулярных выставачных практык практычна няма. Аднам з самых пазнавальных праектаў у гэтай галене для беларускага гледача можа быць экспазіцыя «Бязмежнікі», якую курыравалі Ганна Карпенка і Сафія Садоўская ў галерэі «Ў» (2019) ці творы беларуса Міхаіла Сенкова (творчы псеўданім — А.Р.Ч).



Здымкі з выставы «Бязмежнікі. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва» / галерэя сучаснага мастацтва «Ў» / здымкі Яўгена Атцецкага / працы на здымках аўтарства пацыентаў «Навінак» і беларускіх дамоў-інтэрнатаў, падрабязней пра праект можна пачытаць на сайце 34mag / 2019.
Кацярына падкрэслівае, што, калі яна прыйшла працаваць у інтэрнат, ніякага выразнага плана ствараць мастацкі праект у яе не было. Яна проста пачала праводзіць заняткі з рабятамі, якія цікавіліся маляваннем, і паступова вакол гэтага пачала складвацца невялікая творчая супольнасць.
— Я наогул не ставіла перад сабой нейкіх вялікіх мэтаў, а проста ішла за сваім унутраным запытам, рабіла тое, што мне было цікава. Напэўна, адзінай «мэтай» было цікава жыць. Жыць такой жыццёвай логікай свайго ўнутранага запыту: знаходзіць у навакольнай прасторы нешта незвычайнае, цікавых людзей. І, уласна кажучы, я гэта і знайшла. Менавіта так і з’явілася «Краіна Оз».

Партрэт Кацярыны Крахалевай, намаляваны ўдзельнікам суполні «Краіна Оз» / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Пасля стварэння суполкі на практычным узроўні ўзнікалі і канкрэтныя задачы: дастаць фарбы і іншыя матэрыялы, знайсці рамы для работ і арганізаваць першую выставу. Так невялікая група людзей унутры закрытай установы паступова ператварылася ў мастацкі праект.

Праца Віталя Журавенка / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Унутры «Краіны Oz»
Галоўная асаблівасць падыходу, які Кацярына выкарыстоўвае ў праекце, — адсутнасць навязвання нейкіх мастацкіх правілаў або ўзораў. Мастачка свядома не паказвае ўдзельнікам суполкі карціны, пад якія трэба падстройвацца і не задае тэмы. Яе задача не вучыць і не выпраўляць чальцоў «Краіны Оз», а стварыць умовы для свабоднай творчасці.
— На занятках у нас няма ніякага сцэнара. Гэта заўсёды імправізацыя і інтуіцыя. Я проста даю рабятам магчымасць маляваць так, як яны хочуць. У гэтым і ёсць свабода: яны могуць быць такімі, якія яны ёсць, а я таксама магу быць сабой у гэтым працэсе.
У групе Кацярыны каля дзесяці чалавек пры тым, што ў інтэрнаце жыве каля 650-ці. Творца кажа, што свядома абрала невялікае кола тых, хто здольны на «творчы акт» і каго не трэба прымушаць. Чальцы «Краіны Оз» — дарослыя людзі з асаблівасцямі псіхічнага развіцця, у тым ліку з шызафрэніяй і інтэлектуальнымі парушэннямі. Па сутнасці гэта людзі, якія назаўсёды застануцца ў сценах псіханеўралагічнага інтэрната. І менавіта таму для іх важна не толькі сама творчасць, але і магчымасць быць убачанымі па-за межамі сваяго дыягназу.

Праца Эдуарда Кавалеца / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Кацярына не сцвярджае, што мастацтва кардынальна змяняе жыццё ўдзельнікаў, але адзначае самараскрыццё і рост самаацэнкі. Менавіта такім шляхам чалавек упершыню бачыць сябе не толькі як пацыента, але як мастака. І ў гэтым, магчыма, заключаецца галоўны сэнс «Краіны Оз»: стварыць прастору, дзе дыягназ не адмяняецца, але перастае быць адзінай гісторыяй пра чалавека.

Праца Паўла Гулякевіча / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Як працуе праект
Разважаючы пра ўнутраную працу праекта, Кацярына адзначыла, што раней заняткі прахадзілі кожны працоўны дзень па чатыры гадзіны: дзве гадзіны раніцай і дзве пасля абеду.
— Звычайна мы займаемся менавіта столькі, колькі трэба падапечнаму, каб скончыць працу. Вядома, калі ён ці яна хоча яе скончыць. Ад пачатку заняткі адказвалі патрэбам навучэнцаў і той вялікай хвалі натхнення на пачатку «Краіны Оз», — распавядае суразмоўца. — Потым інтэнсіўнасць пайшла на спад. Мы вымаляваліся. Таму цяпер нашы заняткі больш па запыце, я менш працую і займаюся новымі накірункамі праекта.

Праца Ўладзіміра Гардыка / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
За тры гады існавання «Краіны Оз» праект паспеў правесці дзесяць выстаў. Сярод іх былі, напрыклад, гучныя экспазіцыі ў музеі Азгура, галерэі DK і Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва. Але для Кацярыны на ўсіх мерапрыемствах асабліва важным была не значнасць і велічыня прасторы, а факт прысутнасці аўтараў карцін на вернісажах.
— Удзельнікаў праекта стараюцца прывозіць на выставы, каб яны маглі ўбачыць свае працы ў галерэйнай прасторы і непасрэдна сустрэцца з гледачамі. Такія сустрэчы становяцца рэдкай магчымасцю выйсці за межы звычайнага жыцця інтэрната. Гэтыя зносіны з гасцямі, увага, падарункіў любым выпадку пакідаюць след у чалавечай душы.

Здымак з выставы Эдуарда Кавалеца ў Музеі ім. Азгура / здымак музея ўзяты з сацыяльных сетак установы / 2025.
Па словах Кацярыны, падзеі «Краіны Оз» важныя не толькі для саміх аўтараў, але і для людзей, якія прыходзяць на выставы. Мастакі і гледачы часта здзіўляюцца ступені свабоды ў работах суполкі.
— Гэта заўсёды вельмі жывое ўзаемадзеянне. Калі рабяты прыязджаюць на адкрыцці, яны могуць размаўляць з гасцямі, бачыць рэакцыю людзей на свае працы. І гэта сапраўды выраз рэспекту і здзіўлення: што так можна маляваць, што можна быць такім вольным, такім незалежным ад грамадства, ад гледача і нават ад уласнага ўнутранага крытыка. Людзі падыходзяць, размаўляюць, дзякуюць, часам прыносяць падарункі, і безумоўна гэтая ўвага вельмі важная.

Здымак з выставы Эдуарда Кавалеца ў Музеі ім. Азгура / здымак музея ўзяты з сацыяльных сетак установы / 2025.
У снежні мінулага году ў «Краіны Оз» выйшаў допіс, у якім было напісана, што выстаў праекта больш не будзе. На пытанне, чаму прынялі такое рашэнне, Кацярына адказала: прыйшоў момант зрабіць паўзу.
— На дадзены момант выстаў было вельмі шмат, і я стамілася ад гэтага. Усё, што хацела паказаць, я ўжо паказала, значыць трэба рабіць паўзу. Як і любому мастаку пасля вялікага творцача ўсплёску, трэба крышку адысці ад працы, назапасіць новую энергію на новыя здзяйсненні.

Скрыншот допіса, аб якім ідзе гаворка / 2026.
Цяпер мастацтва на сценах інтэрната. Новы валантэрскі праект «След»
Менавіта пасля рашэння зрабіць паўзу з выставамі з’явілася ідэя новага праекта — «След». Яго сутнасць у тым, каб распісаць сцены самога інтэрната і зрабіць памяшканні псіханеўралагічнага інтэрната больш жывымі. Спачатку планавалася, што ствараць муралы ў калідорах і пакоях будуць самі ўдзельнікі «Краіны Оз», але хутка стала зразумела, што гэта не зусім рэалістычна. Таму праект паступова ператварыўся ў калабарацыю паміж прафісійнымі мінскімі мастакамі і жыхарамі інтэрнату.
— На пачатку цікавасць да ініцыятывы была вялікая. Пасля публікацый у нашых сацыяльных сетках адгукнулася шмат мастакоў, якія хацелі далучыцца да роспісу сцен. А пасля вашага рэпоста адбыўся сапраўдны ажыятаж, але ў выніку да працы далучыліся толькі некаторыя, — кажа суразмоўца. — Як гэта часта бывае з падобнымі праектамі, далёка не ўсе, хто адгукаецца, у выніку прыходзяць працаваць. Я ведаю гэтую тэндэнцыю, але, тым не менш, праект працягвае шукаць новых удзельнікаў.

Здымак роспіса сцяны ў псіханеўралагічным інтэрнаце / аўтарка малюнка Наста Ткачова / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Цяпер праект вельмі чакае новых мастакоў. Для роспісу ўжо ёсць шмат фарбаў і іншых матэрыялаў — не хапае толькі людзей, якія гатовыя прыйсці і маляваць. Яна падкрэслівае, што мастакі могуць працаваць у любы зручны для сябе час. Далучыцца да ініцыятывы можна проста напісаўшы Кацярыне на старонку праекта.



Здымкі з працэсу стварэння муралаў / у слайдах: мастачка Алена Катоўская, з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Паводле слоў Кацярыны, роспіс сцен у інтэрнаце гэта не толькі пра мастацтва, але і пра саму прастору, у якой жывуць людзі.
— Калі ж на сцяне з’яўляецца малюнак, пакой пачынае ўспрымацца інакш. Нібыта з’яўляецца яшчэ адно вымярэнне.
Мастачка прызнаецца, што ўжо зараз бачны прамежкавыя вынікі муралаў праекта «След». Роспісы пачалі змяняць не толькі саму прастору інтэрната, але і тое, як у ім адбываецца жыццё. Калі мастакі прыходзяць працаваць, вакол іх часта збіраюцца жыхары інтэрната. Яны назіраюць за працэсам, размаўляюць, дапамагаюць: трымаюць фарбы, падаюць пэндзлі або проста стаяць побач. Так у калідорах інтэрнату з’яўляецца нейкі рух і жывое ўзаемадзеянне.
— Спачатку я спрабавала нашых мастакоў прывесці ў госці ў вонкавы свет, а цяпер мы чакаем гэты свет у госці да нас. Само па сабе гэта каштоўна як дзеянне, як акт. Быццам мы адпраўляем нейкі сігнал у космас, што мы ўсе розныя, але ўсё роўна разам: мы адзінае цэлае,адзіны арганізм. Увогуле ўсе імкнёмся да любові і да злучэння. І, напэўна, менавіта пра гэта і ёсць увесьпраект «След» — пра любоў і пра надзею.

Здымак роспіса сцяны ў псіханеўралагічным інтэрнаце / аўтар малюнка ... / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Для мастакоў, якія прыходзяць звонку, праца ў інтэрнаце таксама становіцца важным досведам. Па назіраннях суразмоўцы, многія з творцаў адзначаюць, што жыхары інтэрната вельмі адкрытыя і гатовыя ўключацца ў працэс.
— Вось мастак распісвае сцяну, а вакол яго збіраюцца нашы рабяты. Яны могуць удзельнічаць у роспісе, могуць проста трымаць фарбы, але ўвесь час адбываецца жывое ўзаемадзеянне. І мастакі, якія прыходзяць, часта кажуць: «яны такія добрыя, такія класныя». Для мастака звонку гэта таксама вельмі важны досвед — сустрэцца з імі. Чалавеку патрэбныя новыя ўражанні, не толькі ад прыгожай вопраткі ці чагосьці лёгкага, але і ад такіх складаных рэчаў, якія насамрэч аказваюцца вельмі простымі.



Здымкі з працэсу стварэння муралаў / у слайдах: мастачка Наста Бярозавік, Polina Svirschouva, ... / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Пытанне дыягназаў і пры чым тут Пікаса
Сярод удзельнікаў праекта ёсць гісторыі, якія асабліва ўразілі Кацярыну. Адна з такіх пра Таццяну. Яе малюнкі Кацярына знайшла выпадкова падчас рамонту ў інтэрнаце. Работы Таццяны ляжалі сярод іншых рэчаў, і па іх якасці адразу было відаць, што гэта нешта незвычайнае: складаная пластыка ліній, выразная кампазіцыя, інтуітыўнае адчуванне формы. Было цяжка паверыць, што гэтыя малюнкі належаць чалавеку, які ніколі раней не займаўся мастацтвам. Кацярына пачала шукаць аўтара работ і ўрэшце даведалася, што яны належаць жыхарцы інтэрната з вельмі няпростым лёсам
— Яна проста жыла сваё звычайнае сямейнае жыццё, але, мабыць, адчувальнасць натуры плюс стрэсагенныя фактары ў жыцці прывялі яе да шматлікіх шпіталізацый, пасля да інваліднасці і траплення ў наш інтэрнат.

Праца Таццяны Гушчанка / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Калі тэрапеўтка пазнаёмілася з Таццянай, жанчына была вельмі закрытая і дэпрэсіўная, «нібыта ў капсуле». Каб наладзіць хоць нейкі кантакт, спатрэбілася некалькі месяцаў.
— Мне здаецца, я проста ўсталявала з ёй жывую сувязь. Мы працавалі з Таццянай практычна кожны дзень на працягу двух гадоў. Увесь гэты час я была ў захапленні ад таго, якую колькасць карцін яна вырабляе, — дзеліцца тэрапеўтка. — Здавалася, што мастацкая гісторыя Таццяны ўвесь час развіваецца: з’явіліся выставы, работы пачалі паказваць публіцы. Але праз некаторы час жанчына зноў замкнулася ў сабе і перастала маляваць. Для мяне гэта драма, але, магчыма, ёй проста патрэбны адпачынак. У працы з такімі людзьмі важна прыняць адну рэч: не ўсе гісторыі павінны развівацца так, як мы чакаем.






Працы Таццяны Гушчанка / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Разважаючы пра творы іншых ўдзельнікаў праекта, Кацярына не сумняваецца, што іх таксама можна лічыць сапраўдным мастацтвам. Пры гэтым ёй цяжка карыстацца звыклымі крытэрыямі, якімі ў мастацтве вымяраюць якасць працы. Для мастачкі значна важнейшае ўражанне ад самога малюнка — тое, што ўзнікае, калі на яго глядзіш.
— Я проста бачу нетрывіяльную, класную кампазіцыю, адчуванне гармоніі, якое не прывіта настаўнікамі. Гэта вельмі інтуітыўная рэч. Мне здаецца, што таму ўкарцінах шмат працы несвядомага, больш глыбокага чалавечага ўзроўню.
На яе думку, менавіта з гэтага глыбокага пласта і могуць з’яўляцца вобразы, якія потым ператвараюцца ў малюнкі. Таму часам гэтыя працы выглядаюць так, нібыта яны прыйшлі «з іншага свету»: у іх можа быць адчуванне трывогі, холаду або асаблівай, цяжка тлумачальнай атмасферы. Але разам з гэтым у малюнках «Краіны Оз» ёсць нешта вельмі жывое і непасрэднае.

Малюнак Пабла Пікаса — Untitled / холст, алей / 93х73 см / выява ўзята з wikiart.org / 1939.
— Часта ўзнікае пытанне: ці варта казаць, што гэта чалавек з дыягназам? Ну, гэта ж чалавек з дыягназам, па факце так. Давайце тады саромецца і не казаць, назавём гэта этыкай. Але ў чым тут этыка? Пэўную працу намаляваў чалавек з пэўным сіндромам, і, магчыма, менавіта гэты сіндром даў яму магчымасць гэта намаляваць. У гэтай непасрэднасці і ёсць асаблівая каштоўнасць работ суполкі. Яны не падпарадкоўваюцца правілам мастацкай школы, не арыентуюцца на меркаванне гледача і не праходзяць праз унутраную цэнзуру, якая звычайна з’яўляецца ў прафесійных мастакоў. Таму ў іх захоўваецца нешта вельмі простае і першаснае.
Кацярына актыўна заклікае і гледачоў не сароміцца дыягназаў творцаў.
— Няхай людзі бачаць, што хочуць. Наша задача ў тым, што мы проста здзяйсняем акт творчасці, а тое, што бачаць асобны чалавек, гэта ўсё рассеецца, як дым. Ёсць вечнае, ёсць волевыяўленне. Я лічу, што любая карцінка — гэта персанальнае волевыяўленне.
У пацверджанне сваіх думак Кацярына прыводзіць цытату Пікаса: «Я пражыў усё жыццё, каб урэшце рэшт маляваць як дзіця». На яе думку, у гэтым выказванні ёсць важная думка: мастак часта ўсё жыццё імкнецца вярнуцца да той самай чыстай, непасрэднай энергіі, якая ў дзіцячым малюнку з’яўляецца натуральна. Менавіта таму ў работах удзельнікаў «Краіны Оз» яна бачыць не толькі асабістыя гісторыі, але і нешта больш універсальнае.

Праца Сяргея Рубанава / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Куды далей? Архіў, калекцыя і ўплыў на людзей
Калі гаварыць пра поспех праекта, то для самой Кацярыны ён ніколі не вымяраўся колькасцю выстаў або медыйнай увагай. І на пачатку, і зараз усё значна прасцей: галоўнай радасцю з’яўляюцца новыя малюнкі удзельнікаў «Краіны Оз».
— Калі я пачынала, і ніхто наогул не звяртаў увагі на «Краіну Оз», я не ведала, ці ўдасца мне зрабіць хоць адну выставу. Для мяне поспехам ужо было тое, што на занятку з’яўляліся новыя, класныя малюнкі, а я сама была ў добрым настроі. Тады ў мяне проста эйфарыя была, бо вельмі люблю жывое мастацтва. Яно мяне сілкавала.

Здымак з выставы Эдуарда Кавалеца ў Музеі ім. Азгура / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
Сёння праект паступова пераходзіць у новую фазу. Кацярына працуе над архівам калекцыі і плануе стварыць сайт, дзе будуць сабраныя працы ўдзельнікаў. Таксама мастачка хоча эксперыментаваць з тэкстамі, прапанаваць удзельнікам пісаць кароткія гісторыі або фразы, якія пазней могуць стаць часткай невялікага каталога разам з іх малюнкамі. Разважаючы пра асабісты досвед, яна таксама прызнаецца, што праект сапраўды моцна паўплываў на яе жыццё.
— Я выйшла з эмацыйнага крызіса і зразумела, што магу быць карыснай. Што магу рабіць рэчы, якія, здаецца, немагчыма зрабіць, але яны ўсё роўна робяцца. Гэты досвед шмат што змяніў у маім уласным успрыманні працы і жыцця. Цяпер я лічу, што творчая энергія павінна расходавацца, інакш яна забівае чалавека. Трэба рабіць, рухацца. Трэба працягваць свой урок. Яшчэ вельмі неверагодны досвед, вядома ж, знаёмствы з гэтым іншым бокам, рабятамі інтэрната. Больш за тое, мне заўсёды здавалася, што мы на адной хвалі з імі.

Праца Паўла Гулякевіча / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.
На пытанне, ці можна лічыць мастацтва ў праекце формай тэрапіі для ўдзельнікаў суполкі, яна адказвае асцярожна. Хаця творчы працэс сапраўды можа мець тэрапеўтычны эфект, для яе гэта перадусім пра свабоднае мастацтва.
— Я не ўяўляю сабе майстэрства, якое б не было тэрапіяй. Гэта значыць, калі ты малюеш, ты як быццам ляціш у Парыж. Гэта, безумоўна, тэрапеўтычна. Калі я малюю, усе праблемы быццам памяншаюцца або я выдаляюся ад зямлі, лячу. Як быццам ты робіш цікавыя падарожжы асабліва, калі імправізуеш. Але для «Краіны Оз» гэта ўсё ж не класічная арт-тэрапія, а проста свабодная творчасць.
Як адзначае суразмоўца, для «Краіны Оз» значна важней сам працэс творчасці і тое, што адбываецца з людзьмі ўнутры праекта.
— Я проста рада, што ўсё атрымліваецца і ў працах ёсць эмоцыі і энергія.

Праца Эдуарда Кавалеца / з асабістага архіву суразмоўцы / 2025.

Кацярына Крахалева — мастачка і псіхалагіня. Прафесійны шлях пачынала з мастацкага каледжа і філасофскага факультэта БДУ. Некаторы час выкладала малюнак у мастацкай студыі для дарослых і дзяцей. Імкненне да больш глыбокага разумення асобы прывяло да змены прафесійнага вектара: атрымала адукацыю на факультэце псіхалогіі. Займалася прыватнай практыкай.
На дадзены момант працуе ў псіханеўралагічным інтэрнаце ў Мінску, дзе паспяхова інтэгруе мастацкія методыкі ў псіхалагічную працу. З'яўляецца арганізатарам выставачных праектаў і ініцыятарам праграм інклюзіўнага ўзаемадзеяння.
Жыве і працуе ў Мінску (Беларусь).
Падобныя матэрыялы