Фатапраект пра інтэр’еры беларускіх хат рыхтуе да выхаду першую кнігу — «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы». Дзелімся падрабязнасцямі і спасылкай на перадзамову
Навіна, 16.03.2026
Фатапраект пра інтэр’еры беларускіх хат рыхтуе да выхаду першую кнігу — «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы». Дзелімся падрабязнасцямі і спасылкай на перадзамову
Навіна, 16.03.2026
Беларускі фатограф Андрэй Лянкевіч анансаваў выхад першай кнігі свайго праекта пра інтэр’еры беларускіх хат. «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы» будзе прысвечана традыцыйным вясковым інтэр’ерам і людзям, якія ў іх жывуць. Выданне плануюць выпусціць пасля года працы над матэрыяламі і зараз збіраюць перадзамовы на першы наклад. Расказваем што ўвайшло ў кнігу, як яе замовіць і колькі каштуе такі скарб
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Кніга аб’ядноўвае фатаграфіі вясковых дамоў, партрэты іх жыхароў, а таксама здымкі посцілак, ручнікоў, «святых кутоў» і вышыўкі. Акрамя візуальнай часткі, у ёй змешчаныя жыццёвыя гісторыі дзевяці людзей розных пакаленняў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Кніга «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы», якая рыхтуецца да выхаду / здымак з сацсетак праекта / 2026.
Сярод герояў кнігі: 80-гадовы дзед Касмач з ваколіц Валожына, які, паводле ягоных успамінаў, вылечыўся ад хваробы святой вадой і малітвамі, калі рэлігія была забароненая, Кацярына Панчэня, вядомая як Баба Каця з вёскі Пагост, чый дом-музей стаў вядомым у свеце і важным цэнтрам захавання традыцыйнай культуры, маладая сям’я Шацёр, якая ў вясковай хаце пад Маладзечна сабрала адну з самых вялікіх калекцый посцілак і вышавання і іншыя.

Кніга «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы», якая рыхтуецца да выхаду / здымак з сацсетак праекта / 2026.
У выданне ўвайшлі таксама тэксты куратара Ганны Карпенкі пра фатапраект «Traditional Interior» і фалькларысткі Таццяны Валодзінай пра асаблівасці беларускага традыцыйнага інтэр’еру.
Кніга будзе мець 272 старонкі на беларускай і англійскай мовах і каляровае афармленне. Яе кошт плануецца каля 60 еўра (прыкладна 200 беларускіх рублёў). Цяпер каманда збірае папярэднія заказы, каб вызначыць наклад. Зрабіць замову можна па спасылцы.
Выхад кнігі «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы» чакаецца праз 6–8 тыдняў.

Андрэй Лянкевіч — беларускі фатограф, нарадзіўся ў 1981 годзе ў Гродне. У 2005–2010 гадах ён супрацоўнічаў з European Pressphoto Agency (EPA), а ў 2007–2012 гадах працаваў з Anzenberger Agency. У 2008 годзе Андрэй далучыўся да калектыву маладых фатографаў SPUTNIK Photos. Яго працы публікаваліся ў міжнародных СМІ, такіх як The New York Times, Le Figaro, Newsweek, Die Zeit, Der Spiegel, GEO Magazine, Vanity Fair, Reader's Digest і International Herald Tribune.
Андрэй Лянкевіч прадставіў свае фотапраекты больш чым на 60 выставах у Еўропе, Азіі і ЗША; у тым ліку на калектыўных выставах. Напрыклад, выстава «She has female name» была прадстаўлена ў Museum of Modern Art Vienna (Вена, Аўстрыя) і ў Zachęta National Gallery of Art у Варшаве (Польшча). Таксама ён прадставіў фотапраект «Unknown Country» у межах European Month of Photography Berlin у Uferhallen.
У 2020 годзе Андрэй стаў пераможцам конкурсу Gender Photography Award (Лондан) з фатаграфіяй з праекта «Traditional interiors».
Фатаграфіі Андрэя знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Польшчы, Швейцарыі і Літве.
Андрэй Лянкевіч жыве і працуе ў Мінску (Беларусь).
Падобныя матэрыялы