«Пагроза французскаму грамадству»: мастаку-акцыяністу Аляксею Кузьмічу адмовілі ў прытулку ў Францыі
Навіна, 14.03.2026
«Пагроза французскаму грамадству»: мастаку-акцыяністу Аляксею Кузьмічу адмовілі ў прытулку ў Францыі
Навіна, 14.03.2026
Французскі офіс па абароне бежанцаў і апатрыдаў (OFPRA) адмовіў беларускаму мастаку-акцыяністу Аляксею Кузьмічу ў наданні статусу бежанца.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
У дакуменце ад 24 лютага 2026 года яго прысутнасць у Францыі названа «сур’ёзнай пагрозай грамадскаму парадку, бяспецы і французскаму грамадству».
Рашэнне OFPRA грунтуецца на заключэнні службы нацыянальнай бяспекі (SNEAS) ад 14 красавіка 2025 года. Улады спаслаліся на артыкул L.511-7 Кодэкса CESEDA — норму, якая звычайна прымяняецца да асоб, падазраваных у тэрарызме, шпіянажы або ваенных злачынствах. На гэтай падставе ведамства афіцыйна пастанавіла адмовіць Кузьмічу ў прытулку.

Скан адказа французскіх уладаў Аляксею Кузьмічу / здымак з сацсетак мастака / 2026.
У дакуменце пералічваюцца некалькі акцый мастака, якія французскія ўлады расцэньваюць як парушэнні. Сярод іх:
— Гісторыя 2021 года з сцэнаром адпраўкі кактэйлю Молатава да Елісейскага палаца. Пасля акцыі мастак атрымаў афіцыйны «напамін пра закон».
— Таксама згадваецца акцыя 29 ліпеня 2024 года каля магілы Вінцэнта ван Гога, калі Кузьміч спрабаваў «ажывіць» мастака, выкапаўшы яму. Суд прызнаў гэта «парушэннем спакою пахавання» і прызначыў адзін месяц умоўнага зняволення і штраф у 3000 еўра.
— Яшчэ адзін эпізод — акцыя 20 верасня 2024 года на Вандомскай плошчы ў Парыжы, калі мастак размаляваў калону з дапамогай вогнетушыцеляў з фарбай. За гэты інцыдэнт яму можа пагражаць да сямі гадоў пазбаўлення волі і штраф да 100 тысяч еўра.

Аляксей Кузьміч — «Имитация» / акцыя / Парыж, Францыя / 1 красавіка, 2021.
Французскія ўлады таксама адзначылі, што мастак «не праяўляе раскаяння» і працягвае называць свае дзеянні мастацтвам, што, на іх думку, сведчыць пра рызыку паўтарэння падобных акцый.
Сам Кузьміч пракаментаваў рашэнне ў сацыяльных сетках, заявіўшы, што фактычна апынуўся ў статусе «выключэння» — без дакументаў і магчымасці легальнага жыцця ў краіне. Паводле мастака, гэта азначае немагчымасць афіцыйна працаваць, арандаваць жыллё або карыстацца банкаўскімі і медыцынскімі паслугамі.

Аляксей Кузьміч. Здымак з сацыяльных сетак / 2026.

Аляксей Кузьміч (малодшы) — мастак і акцыяніст з Беларусі, аўтар кніг, тэкстаў, лекцый, фільмаў. Працуе ў сваёй аўтарскай сістэме SLAG art (slag — шлак; Self, Live, Action, Game art), заснаванай на ператварэнні штодзённасці і жыццёвых абставін у гульню.
Яго творы існуюць у форме дзеяння — несанкцыянаваных інтэрвенцый у грамадскія, палітычныя і культурныя прасторы, якія ён называе «гульнямі» або «тэр-артамі».
Жыве ў Парыжы.
Падобныя матэрыялы