«Рэйвы, тэксты і жывапіс». Гісторыя Сяргея Савіча
Інтэрв'ю, 05.02.2026
«Рэйвы, тэксты і жывапіс». Гісторыя Сяргея Савіча
Інтэрв'ю, 05.02.2026
Жыццё ў Жодзіне, менская тусоўка і першыя вулічныя працы — шлях Сяргея Савіча ў мастацтва ніколі не быў прамым і прадказальным. Ад юрыспрудэнцыі да жывапісу, ад рэйваў да выставы ў метро — яго гісторыя нагадвае пра тое, што мастацтва нараджаецца не ў акадэміях, а ў пошуку свабоды і сваёй мовы. Савіч спалучае іронію і панк, тэксты і вобразы, вулічную спантаннасць і асабісты досвед. У гэтым інтэрв'ю мы гаворым з ім пра дзяцінства ў невялікім горадзе, пра тое, як тусовачная культура паўплывала на яго стыль, і чаму для яго важней рызыкаваць і спрабаваць нешта новае, чым упісвацца ў сістэму галерэй і правілаў.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Жыццё ў невялікім горадзе
— Ты з Жодзіна. Што табе дало жыццё ў невялікім горадзе? Гэта загартоўка ці абмежаванне?
— Для мяне гэта нічога не дало. Проста жыццё, я не думаю, што моцна адрознівалася б, калі б я жыў у вялікім горадзе, таму што ўсё роўна ты там пад даглядам бацькоў абмежаваны ў асноўным сваім дваром, школай і нейкім такім вузкім колам людзей — сябры з двара, аднакласнікі. А калі расцеш, твой гарызонт пашыраецца і становіцца цесна.
З паступленнем у Мінск я ўжо стаў больш усяго даведвацца, бачыць. І паступова прыйшоў да мастацтва. У прынцыпе, дзяцінства, я не лічу, што моцна адрознівалася. Тым больш Жодзіна — гэта не тое каб прыгарад, але ў гадзіне язды ад Мінска. Мне здаецца, не было б вялікай розніцы, калі б я правёў дзяцінства ў менскім спальным раёне ці ў Жодзіне. Я, ва ўсякім выпадку, так не думаю.

Сяргей Савіч. Здымак з інтэрв'ю 34mag / 2020.
Ад юрыспрудэнцыі да мастацтва
— У цябе юрыдычная адукацыя. Як ты ад кодэксаў дайшоў да жывапісу?
— Гэта атрымалася так. Нейкі час у дзяцінстве наогул усім займаўся: ад спорту і тэхнічных секцый да мастацкай школы. Але ў мастацкай школе мне не зайшло, я пахадзіў, можа, месяцы тры. А ў цэлым я вучыўся ў фізмат-класе і пад канец школы зразумеў, што мне гэта не падабаецца. І паступаў туды, куды можна было паступіць, каб не было дакладных навук і не ісці ў войска. У выніку паступіў на гуманітарны.
Але пад канец вучобы я таксама разумеў, што мне сумна, гэта не зусім тое, чым я хацеў бы займацца ў далейшым ці нейкую значную частку свайго жыцця. Таму вырашыў заняцца творчасцю. Спачатку як захапленне, але паступова ў цэлым усё гэта перарасло ў тое, чым я зараз займаюся. Усё пачалося, напэўна, ужо пасля ўніверсітэта, калі я вызваліўся ад бацькоў, настаўнікаў і сам стаў выбіраць свой усвядомлены шлях.

Праца Сяргея Савіча «Мне здалося… ці гэта флірт???» / палатно 60х50см, акрыл / 2025.
Тусовачнае жыццё і творчасць
— У школе і ва ўніверсітэце ты займаўся рэйвамі, быў дыджэем і прамоўтэрам. Ці аказала тусовачнае жыццё ўплыў на тваё мастацтва?
— Ужо пазней, пасля школы, гэта было. У школе я на рэйвы не хадзіў. Хутчэй, гэта была такая панк-рок маладосць. Потым рэйвы прыйшлі ўжо, бліжэй да канца, да старэйшых курсаў універсітэта, да курса пятага. Калі я ўжо ў Мінску абгрунтаваўся. Праз нейкі час сам нешта спрабаваў рабіць ці дапамагаў хлопцам з рэйвамі, быў у арганізацыі. Было шмат знаёмых, разам спрабавалі. Хацелася кудысьці сябе прымяніць. І, напэўна, заўсёды больш цягнула да музыкі.
Усе мае сябры ці нейкае кола зносін былі звязаны з музыкай ці рэйвамі. Але вучыцца з нуля мне не вельмі хацелася, не хапала матывацыі, цярпення. Хацелася сябе неяк рэалізоўваць. І ўсё прыйшло да таго, што я пачаў маляваць. Таму нейкі ўплыў яно ўсё ж такі аказала. У цэлым, была адносная свабода. І, напэўна, гэта неяк перадалося на маю творчасць.
— Я вызначана бачу ў тваіх працах вельмі шмат субкультурнага і маладзёжнага кантэксту, адкуль ён узяўся?
— Гэта ўсё вельмі блізка, неяк гэта ўсё пераплятаецца. Дзесьці ўсвядомлена, дзесьці не, вельмі шмат прац назбіралася пра музыку розных стыляў і рэйвы. Магчыма, ёсць нешта падсвядомае. Я думаю, гэта ўсё звязана.

Праца Сяргея Савіча «Прывітанне!) Я з андэграўнда» / палатно 40х50см, смешаная тэхніка / 2025.
Усведамленне сябе мастаком
— Ці быў момант, калі ты ўпершыню падумаў: «Окей, я ўжо не проста малюю, а раблю мастацтва»?
— Можа, такога прамога моманту і не было, усё неяк плаўна. Я пачаў усвядомлена маляваць ужо пасля ўніверсітэта. Калі я яшчэ вучыўся, я кожны дзень ездзіў у Жодзіна, а калі атрымаў дыплом, то зняў кватэру з хлопцамі ў Мінску. І ўжо стаў неяк займацца творчасцю.
Напэўна, гэта не адразу прыйшло, але ў нейкі момант ты азіраешся назад, праходзіць год ці нейкі прамежак часу, і ты бачыш, што адбыліся нейкія змены. Нельга сказаць, што я адразу стаў мастаком ці зрабіў нешта значнае. Проста ты азіраешся назад і разумееш, што год таму гэта, магчыма, было яшчэ несур'ёзна, а зараз ужо крыху больш сур'ёзна. І так з часам, з часам. Праз некалькі гадоў, гадоў пяць дакладна пайшло на тое, каб усвядоміць сябе мастаком. А можа, нават больш.

Праца Сяргея Савіча «Народ, сёння ў музей бясплатны ўваход» / палатно 60х50см, акрыл / 2025.
Стыль і тэкст у працах
— У тваіх працах заўсёды ёсць іронія, крыху болю і панка. Як сам бы ты апісаў свой стыль?
— Так, іронія ёсць, нейкі гумар, дабрыня, нейкія гэтыя моманты. Не заўсёды, скажам, часта гэтыя элементы прысутнічаюць. Я не вучыўся, усё спасцігаў сам. Мне складана назваць нейкі канкрэтны стыль. Хутчэй, гэта проста аўтарскі стыль, такое скажам спалучэнне розных жанраў і стыляў са сваім адметным почыркам… ведаеш, як музыкі мульціінструментальныя ці мульціжанравыя кшталту Moby ў якіх пераплятаюцца стылі, але ты пазнаеш аўтара. Але мне складана пра гэта разважаць, напэўна, з боку гэта больш бачна.
— Ты часта выкарыстоўваеш тэксты ў малюнках. Чаму табе важна, каб гледача чапляла не толькі візуальна, але і словамі? Што значыць слова ў тваіх працах?
— Гэта як назва ці апісанне працы. Я памятаю, калі публікаваў свае працы, каб яны выглядалі як комікс ці мем, як прыкол з нейкім гумарам ці больш глыбокім сэнсам. І потым апісанні, якія я рабіў пад працамі, перайшлі на самі карціны. Не заўсёды, але калі ёсць тэкст. Гэта дапамагае іх трошкі раскрываць. Становіцца больш зразумела, які канцэпт яны адкрываюць. Людзі могуць паглядзець на малюнак, прачытаць тэкст, і ім стане больш ясна. Ну і выглядае гэта таксама стыльна

Праца Сяргея Савіча «Імя Ібрагім вам аб чым небудзь гаворыць?🐸✨» / палатно 40х50см, акрыл / 2025.
Месцы для прац і выстава ў метро
— Як ты выбіраеш месцы для сваіх прац? Гэта заўсёды ідэі ці часам проста інтуіцыя? Як нарадзілася ідэя выставы ў метро, і як яна праходзіла?
— Не тое каб я выбіраў месцы, мне іх у асноўным прапануюць. Сам я асабліва нікуды не пішу і не падаюся. Калі казаць пра выставы, звычайна нейкія знаёмыя ці калязнаёмыя пішуць, сазвоньваемся. Калі ў мяне ёсць магчымасць выставіць працы, то дамаўляемся. Калі стрыт-арт, то, хутчэй, проста дзе дазваляюць месцы. Таксама глядзіш, выбіраеш але самастойна.
А выстава ў метро была ў канцы 2018 года. Мы проста на адным мерапрыемстве пагаварылі з хлопцамі з «Бассоты» і яны прапанавалі зрабіць нешта незвычайнае — выставіць карціны ў незвычайным месцы. Выбралі метро. Сабралі хлопцаў, я прывёз карціны, і мы праехалі па метро. Было цікава і незвычайна. Гэта не галерэйная выстава, а выпадковае грамадскае месца. Было цікава паназіраць за рэакцыяй навакольных, ці яе адсутнасцю. І проста такі элемент павесяліцца, сабрацца з хлопцамі і добра правесці час.
— Якая рэакцыя гледачоў на гэтай выставе была найбольш частай?
— Час прайшоў, ужо гадоў сем. Думаю, рэакцыя была такой: хтосьці з цікавасцю глядзеў, хтосьці падыходзіў, пытаўся, што адбываецца. Але большасць былі ў сваіх думках. Напэўна, ехалі па сваіх справах, сядзелі ў тэлефонах. Можа, мімаходзь глядзелі, што нешта адбываецца, але ў цэлым стараліся не адцягвацца. Канечне, усё роўна людзі заходзілі і бачылі, што адбываецца.

Здымак выставы Сяргея Савіча ў метро / 2018.
Беларускае мастацтва і рынак
— Як ты думаеш, беларускае сучаснае мастацтва існуе, ці гэта клуб па інтарэсах для сваіх?
— Ёсць саюзы мастакоў, ёсць акадэміі, дзе вучацца людзі. Нейкае сучаснае мастацтва па-любому ёсць. Проста мне складана пра гэта меркаваць, таму што я не моцна пагружаны ў гэты кантэкст. Я сам пачаў усё гэта рабіць для сябе першапачаткова. Маё мастацтва, хутчэй, аўтэнтычнае. Я не пагружаны ў тое, што адбываецца вакол.
А за апошнія гады вельмі шмат прадстаўнікоў сучаснага мастацтва з Мінска з'ехала. Мне здаецца, значнага і актуальнага, не так ужо і шмат, трэба чакаць новага пакаленьня маладых мастакоў. Зараз жа нейкія выставы праходзяць, але гэта хутчэй дзеля выстаў, за такім я не вельмі сачу. Тут трэба пытаць ў спецыяльна дасведчаных людзей, куратараў выстаў
— Ты сам бліжэй да вулічнай культуры. Як ты бачыш розніцу паміж галерэйным мастацтвам і тым, што нараджаецца на вуліцах?
— У галерэйнага мастацтва ёсць свае абмежаванні і правілы, за якія можна панесці адказнасць. Ты ўсё роўна будзеш глядзець, што рабіць. Мне здаецца, вуліца больш свабодная. Там мастацтва больш жывое. Сёння намаляваў, а заўтра могуць зафарбаваць. З іншага боку, табе асабліва дамаўляцца не трэба, ты можаш гэта рабіць сам. Вядома, можна дамаўляцца з камунальнымі службамі, але, мне здаецца, самому прасцей.
Прабіцца мастаку праз галерэю нашмат складаней. Прасцей, калі ты прыйшоў з вуліцы, то і заявіць пра сябе менавіта з вуліцы, чым праз галерэю, ды і галерэй у Мінску ў прынцыпе не вельмі шмат. Плюс там ёсць нейкі адбор, яны працуюць з пэўнымі мастакамі.

Мурал Сяргея Савіча для мінскага Burgerlab / 2024.
— Ёсць адчуванне, што ў беларускіх мастакоў часта працы сыходзяць у нікуды. Гэта перашкаджае ці, наадварот, дае больш свабоды?
— Не ведаю, у кожнага па-рознаму. У цэлым, мне здаецца, гэта ўскладняе. Людзям прыходзіцца прабівацца. Складана чалавеку прабіцца ў свет мастацтва і там замацавацца. Таму многія працуюць вельмі доўга, ці проста для сябе, альбо пераходзяць у нейкія сумежныя творчыя прафесіі, дзе можна прымяніць творчасць, але пры гэтым забяспечваць сябе і сям'ю.
— Ты калі-небудзь хацеў стаць галерэйным мастаком?
— У мяне няма такога імкнення. Час пакажа. Пакуль што няма магчымасці для гэтага. Трэба ствараць і сабраць пэўную колькасць прац, каб выстаўляцца, а гэта таксама бывае складана, таму што частка прац прадаецца, каб выжываць, а некаторыя не падыходзяць да канцэпцыі каб выставіць. Для таго каб ладзіць выставы ў галерэях, трэба шмат матэрыялу, а яго не заўсёды хапае.

Праца Сяргея Савіча «Вакол толькі цемра. Але ў мяне ёсць ліхтарык» / палатно 40х50см., акрыл / 2024.
Асоба і мастацтва
— Што ў сучасным мастацтве табе самому бліжэй: форма, эстэтыка, сэнс, гульня з кантэкстам?
— Мне сучаснае мастацтва шмат у чым не вельмі зразумелае. Я неяк больш засяроджаны на сваёй творчай дзейнасці. Не вельмі пагружаны ў сучаснае мастацтва.
— Што для цябе важней: сам працэс ці момант, калі людзі бачаць вынік?
— Мне падабаецца працэс. Ты настройваешся, практычна кожны дзень нешта робіш. Калі ты пачынаеш з белага палатна і да завяршэння працы, працэс цябе захоплівае. Ты практычна не адцягваешся, можаш не есці, не піць, проста нешта рабіць, рабіць, рабіць у захапленні не адчуваючы стомы. Потым ты разумееш, што патрэбны вынік. Вынік таксама вельмі важны, гэта тое да чаго ты ідзеш.
Творчая дзейнасць прыносіць задавальненне ад працэсу. А вынік — гэта прыемны фінал тваёй працы. Нават калі на вуліцы нешта робіш, часам ідзеш маляваць, думаеш, каб ніхто не падышоў, не адцягваў, выбіраеш месцы спакайнейшыя. Але калі пачынаецца працэс, ты проста выключаешся. Не сочыш ні за кім, цалкам пагружаешся ў сам працэс.
— У цябе быў досвед мяняць карціны на ежу. Гэта літаральна мастацтва роўна жыццю. Як ты глядзіш на гэта цяпер?
— Быў такі праект «Карціны за ежу і драбязу». Я маляваў працы невялікага фармату на картоне ад каробак з пад бытавых рэчаў, прадаваў ці мяняў іх на ежу, альбо за нейкую сімвалічную плату. Гэта была падтрымка для мяне. Можна сказаць, што і зараз памянялася не многа, бо і зараз карціны мяняю, умоўна, на грошы, якія ідуць на жыццё: на ежу, на фарбы. Не скажу, што я занадта шмат зарабляю і заўсёды на ўсё хапае. Але тады гэта была падтрымка, таму што я толькі пачаў забяспечваць сваё жыццё сваім мастацтвам. І гэта было не заўсёды стабільна, практычна нестабільна. Таму і ўзнікалі такія праекты, каб не галадаць. Я хацеў паспрабаваць не ісці на працу кудысьці, а займацца менавіта мастацтвам. У прынцыпе, так і атрымалася.
— Ты часта кажаш, што грошы не галоўнае. Як мастаку наогул выжыць, калі не думаць пра продажы?
— Я думаю, вельмі мала мастакоў — не толькі ў нас, але і ў свеце ў цэлым — могуць сябе забяспечваць выключна мастацтвам. Можа, у лепшым выпадку да 10%. Зразумела, што ты не адразу станеш мастаком, які зможа сябе забяспечваць. Магчыма, ніколі не станеш. Таму па-любому патрэбна нейкая падтрымка: бацькоў, сям'і, спонсара. Калі падтрымкі не хапае, то трэба забяспечваць сябе самому, і нічога ў гэтым няма калі нейкі час прыдзецца спалучаць іншую працу і мастацтва. Таму хачу шчыра падзякаваць тым людзям, хто маюць магчымасць дапамагаць і дапамагаюць людзям, для каго творчасць — гэта асноўная дзейнасць.

Праца Сяргея Савіча «Што будзе замаўляць містэр птушка з фальшывай дзюбай? Кар кар картопля фры…» / палатно 30х40см., акрыл / 2024.
— Што перашкаджае мастаку стаць самаакупным і рэалізаваным? Гэта канкурэнцыя, немагчымасць трапіць у пэўнае кола ці перанасычанасць інфармацыі?
— Я думаю, так, нейкая канкурэнцыя ёсць. Найбольш паспяховыя мастакі, як і ў спорце, і ў любой сферы, выходзяць у топ. Астатнія — хтосьці выжывае, хтосьці не выжывае, і сыходзіць ў іншую сферу дзейнасці. Яшчэ не ўсюды ёсць запатрабаванасць. Можна жыць у вялікім горадзе, дзе высокая канкурэнцыя, а можна ў якой-небудзь глыбінцы, дзе, па сутнасці, мастацтва наогул не запатрабавана. Розныя могуць узнікаць складанасці.
— Як ты думаеш, у Беларусі рэальна жыць мастацтвам?
— Можна, так. Усё залежыць ад твайго стану. Можна быць забяспечаным чалавекам і наогул не здраджваць сваім ідэалам, жыць і тварыць. Я спрабую так рабіць. Я раблю толькі тое, што хачу. Не ведаю, як атрымліваецца. Магло б і лепш, магло б і горш, ў нечым сябе абмяжоўваеш, ў нечым наадварот адчуваеш сябе больш вольным, але ў цэлым быццам пакуль атрымліваецца жыць мастацтвам. Думаю, прыкладаў такіх дастаткова.

Праца Сяргея Савіча «Зямляне прывітанне 🕺🪩» / палатно 60х50см, акрыл / 2024.

Сяргей Савіч — мастак з Жодзіна. Стварае пераважна жывапісныя працы, часам займаецца стрыт-артам.
Здымак мастака аўтарства 34mag.
Працы мастака ўзяты з яго асабістай старонкі ў Instagram.
Instagram.
Аўтар тэкста: Генадзь Смаляк
Падобныя матэрыялы