Нябачная інфраструктура культуры: жанчыны, якія падтрымліваюць куратарскае поле ў краіне і эміграцыі

The Line  |  10.11.2025

Паразмаўлялі з беларускімі куратаркамі пра шлях у прафесію, працэсы за кулісамі, бар’еры і этыку клопату. Як знайсці баланс паміж адукацыяй і практыкай, паклапаціцца пра мастакоў і каманду, а разам з тым — як захаваць сябе? 

ПАДЗЯЛІЦЦА:

 «Бэк-офіс» культурных праектаў і адказнасць за працэсы

У беларускім мастацкім полі існуе вялікі пласт працы, які рэдка трапляе ў фокус публікі: куратарскія задачы, арганізацыя працэсаў, лагістыка, перамовы, пошук фінансавання, клопат пра мастакоў і каманды. Менавіта на гэтым «бэк-офісе» трымаюцца выставы і праекты, але ён застаецца нябачным.

Асабліва гэта датычыцца жанчын, калі ў інстытуцыях і ініцыятывах яны часта нясуць асноўны штодзённы цяжар — часам на валанцёрскіх пачатках або за сціплы ганарар, а сімвалічнае прызнанне адыходзяць іншым. 

Галасы гераінь сыходзяцца ў ключавым: бачнасць — гэта не толькі публічнасць, але перадусім доступ да працэдур і рэсурсаў, камандная каардынацыя і адказнасць за людзей і працэсы. Пры гэтым дыскусія не звужаецца да гендарнай оптыкі: вызначальнымі выступаюць прафесійныя і этычныя стандарты, якасць працэсаў і выніку, а поле ўсё больш мысліцца ў глабальнай логіцы супрацоўніцтва.

Валерыя Каляга

Валерыя Каляга. Варшава

 Незалежны куратар і калекцыянер Валерыя Каляга злучае арт-рынак з куратарскай практыкай. Яна працуе спецыялісткай па сучасным мастацтве ў аўкцыённым доме DESA Unicum, а паралельна збірае ўласную калекцыю маладога беларускага экспрэсіянізму і арганізуе выставы мастакоў.

Пра кантэкст у Беларусі, у якім Валерыя пачынала працу, яна кажа: «у нас не вучаць на куратара, шмат што даводзіцца намацваць самастойна». Паступова ад зацікаўленасці мастацтвам да захаплення калекцыяніраваннем, Каляга прыйшла да куратарства — пачала ладзіць выставачныя праекты ў Мінску, потым у Кракаве, дзе атрымлівала магістарскую ступень, а потым пераехала ў Варшаву.

Спачатку яе цікавіў прасторавы досвед, які глядач атрымлівае ў кантакце з аб’ектамі на выставе ў сімбіёзе з выставачнай прасторай, але цяпер да гэтага дадаецца культурна-адукацыйная місія: сегментацыя беларускага мастацтва і прасоўванне феномену калекцыяніравання.

Каляга лічыць, што незалежны куратар вымушаны спалучаць і творчы адбор, і працу са СМІ — у выніку шырокая публіка бачыць толькі фінал, а велізарны пласт падрыхтоўкі застаецца за кадрам. Пасля амаль году працы ў камерцыйным асяроддзі (аўкцыённым доме) беларуска пераасэнсавала свой падыход: замест таго каб «цягнуць усё самой», яна пачала дэлегаваць частку задач камандзе — тэхнічным спецыялістам па святле, мантажы і г.д. Так яна знайшла баланс і захавала сябе ад выгарання.

Дзяўчына звяртае ўвагу і на сістэмныя прабелы беларускага арт-поля. Ёй бракуе базавых каталогаў, архіва выстаў, зручных баз дадзеных — пакуль што інфармацыю пра сучасныя мастацкія праекты ўнутры Беларусі даводзіцца збіраць па крупінках. Перад куратарам у эміграцыі паўстаюць і свае выклікі: галоўны боль — недаступнасць інстытуцый у новай краіне. Папярэднія праекты ў Мінску за мяжой не залічваюцца, таму даводзіцца ізноў прабіваць шлях у галерэі і музеі.

Нягледзячы на гэта, беларуска рэалізавала ў Польшчы шэраг праектаў. Яна выкарыстоўвае альтэрнатыўныя пляцоўкі: камерныя тэатры, кватэры, майстэрні, андэграўдныя месцы — каб данесці да гледача мастацтва сваіх аўтараў.

На мантажы выставы Каляга паводзіць сябе як рэжысёр — апошняе слова застаецца за ёй, і куратар бярэ на сябе поўную адказнасць за вынік. Гэта, па яе словах, здымае магчымыя канфлікты і размыванне роляў у камандзе: калі ўсе ведаюць, што куратар — галоўны носьбіт візіі праекта, справу лягчэй давесці да ладу.

Алена Машчонак

 Алена Машчонак. Мінск

 Куратарка і арт-менеджарка Алена Машчонак мае досвед працы як з дзяржаўнымі інстытуцыямі, напрыклад, Нацыянальным мастацкім музеем, так і з незалежнымі пляцоўкамі як mooon+

Бачнасць куратарскай працы, паводле Машчонак, вызначаецца не тыпам установы, а пазіцыяй спецыялісткі: адны свядома застаюцца за кулісамі, другія мэтанакіравана працуюць на публічнасць — праз сацсеткі, інтэрв’ю, карэктную атрыбуцыю на афішах.

«Вярнуць бачнасць дапамагае асабістая пазіцыя і канкрэтныя дзеянні», — заўважае яна.

Цяпер у Беларусі трэба ўзгадняць кожнае культурнае мерапрыемства, кажа куратарка. Дэфіцыт кадраў нараджае скажэнні прафесіі: людзі «пасля пары кніг» называюць сябе куратарамі або пазіцыянуюць гэтак, маючы дапаможную ролю. Быць «сам сабе куратарам» таксама прымушаюць сітуацыі, калі прафесіяналы не гатовыя ўзяць адказнасць за канкрэтную выставу.

Са свайго досведу Машчонак адзначае, што атрымлівала прызнанне як ад мастакоў, так і ад інстытуцый. Крытэрый прафесіяналізму — не назва ролі, а партфоліа і ацэнка супольнасці; маркер прызнання — калі «цябе запрашаюць курыраваць і гатовыя чакаць».

Асноўная ўмова якасці — каманда: «каманда, каманда і яшчэ раз каманда». Яснае дзяленне роляў здымае з куратара дакументацыю, лагістыку, захаванасць, камунікацыі і маркетынг, пакідаючы час на канцэпцыю і працу з аўтарамі. Мінімізаваць бюракратыю і мець высокую аплату ідэальна, але рэалістычна — сабраць прафесійную каманду розных спецыяльнасцяў.

Вера Залуцкая

Вера Залуцкая. Варшава

Куратарка, даследчыца і рэдактарка

Вера Залуцкая выбудавала кар’еру паміж Беларуссю і Польшчай. Беларуска працавала ў кракаўскай галерэі Bunkier Sztuki, у розных фондах і нават у тэатры. З 2021 да 2024 года яна з’яўлялася сурэдактаркай BLOK Magazine, у 2024 годзе — стала сузаснавальніцай англамоўнага MOST Magazine.

Цяпер у Варшаве Залуцкая кіруе двума спецыяльнымі фондамі пры галерэях задачай якіх з’яўляецца падтрымка даследчыкаў і музеяў. 

Спецыялістка не згодная з распаўсюджаным міфам пра нібыта «моц у руках куратара». На яе думку, куратар часта апынаецца паміж інстытуцыяй і мастаком: «Бачу сваёй задачай апеку і клопат, празрыстасць і справядлівае ўзнагароджанне», — кажа яна.

Яшчэ ў 2015 годзе спецыялістка атрымала персанальную адказнасць за вялікую выставу ў сваёй краіне, але ў Польшчы сутыкнулася з зачыненымі дзвярыма ў інстытуцыях, дзе давялося даказваць кампетэнтнасць нанова. Залуцкая пераадольвае гэтыя бар’еры праз уласныя пляцоўкі і шырокія калабарацыі.

Ганна Чыстасердава

Ганна Чыстасердава. Берлін

Куратарка і галерыстка

Арт-куратарка і галерыстка Ганна Чыстасердава адзначае, што ў беларускім мастацкім кантэксце цяжка аддзяліць менеджмент, куратарства і адміністраванне. Большасць практык адбываецца на стыку і такая шматфункцыянальнасць узмацняе кампетэнцыі, але і павышае рызыку выгарання.

Пры гэтым яна не зводзіць праблему да гендару: жаночая праца часта недаацэненая, але корань — у нестабільнасці інстытуцый, дэфіцыце падтрымкі і кадраў; адсюль перанапружанне каманд і падхопліванне ўсіх функцый.

Яна дадае, што ў свеце паступова ўзмацняецца жаночае лідарства — куратаркі і дырэктаркі буйных інстытуцый становяцца прыкметней. Але ў Беларусі кіраўнічыя пазіцыі ў дзяржсектары часцей займаюць мужчыны. Таму практыкі клопату, празрыстасці і гнуткіх сувязяў — не «раз і назаўсёды», а штодзённая задача. 

Ганна прапануе будаваць “жывыя інстытуты” клопату і салідарнасці, а не жорсткія структуры. У тым ліку таму на междысцыплінарнасці працуе Ambasada Kultury і шэраг іншых ініцыятыў — Open Muzej, Antiwarcoalition.art, PerspAktiv, Razam e.V.

Галина Васильева — «Кариатиды» / перформанс / 2022

Лизавета Сцяцко

 Лізавета Сцяцко. Познань

куратарка, арт-менеджэрка і камунікацыйная мэнэджэрка

Лізавета Сцяцко пачала сваю дзейнасць у Польшчы, працуючы з беларускім і ўкраінскім сучасным мастацтвам.

У 2022 разам з сябр:оўкамі яна стварыла калектыў, што пазней аформіўся ў фонд STUS — як адказ на вайну і імкненне дапамагаць людзям праз культуру. Арганізацыя ладзіць выставы, канцэрты, майстэрні, спрыяе інтэграцыі людзей з досведам міграцыі і дае ім прастору для свайго голасу. Каб сістэматызаваць веды, Сцяцко атрымала ступень магістар:кі па куратарстве і тэорыі мастацтва (Універсітэт ім. М. Абакановіч у Познані). Аднак яна перакананая, што дыплом — не панацэя:

«Адукацыя сама па сабе не заўсёды неабходная, значна важней — асабістая зацікаўленасць і досвед працы з маста:чкамі». 

Практыка спецыялісткі прасякнутая ідэаламі свабоды, справядлівасці і клопату. Яна надае вялікую ўвагу роўнасці і пераразмеркаванню ўлады ў арт-прасторы, этыцы клопату, чуллівасці да кантэксту і падтрымцы ўсіх удзельнікаў працэсу. Сцяцко сфакусіраваная на тым, каб прадстаўляць беларускае мастацтва за мяжой, і актыўна пашырае супрацоўніцтва з украінскімі маста:чкамі.

У 2023 годзе яна курыравала праект KURS TUHA — пра тугу як крыніцу ўнутранай энергіі, а таксама выставу Na pamiežžach — пра памежжа як прастору ціску, дзе салідарнасць становіцца ўмовай выжывання. Гэтыя праекты крытычна асэнсоўваюць апошнія пяць гадоў для Беларусі і суседзяў, упісваючы наш досвед у глабальны кантэкст.

Лізавету натхняе, што на сцэну выходзіць усё больш маладых жанчын і квір-персон, гатовых гучна заявіць пра сябе. Яна імкнецца будаваць гнуткія сеткавыя формы ўзаемадзеяння — і даказвае, што новае пакаленне можа гучна заявіць пра сябе праз салідарнасць і смеласць у выказванні сваіх ідэй.

Ганна Карпенка

Ганна Карпенка. Берлін

куратарка

Ганна Карпенка прапануе глядзець на нябачнасць шырэй за гендар: «нябачнымі і недаацэненымі аказваюцца любыя групы, якія не маюць доступу да ўлады і фінансаў».  Канфігурацыю поля яна апісвае як «вертыкальную мадэль, дзе сімвалічныя рашэнні часта прымаюцца па-за ўласна мастацкімі крытэрыямі. (...) Хто мае рэсурсы, працэдуры і сеткі — той становіцца бачным». 

«На ўмоўным Захадзе прафесія куратара інстытуцыялізаваная: ёсць зразумелыя прыступкі — адукацыя, стажыроўкі, конкурсныя працэдуры; у нас доўгі час трэба было тлумачыць, чаму ты маеш права быць куратарам».

Спецыялістка таксама заўважае, што ў Беларусі куратара часта ўспрымаюць як “менеджара на падхваце і абслуговы персанал для мастакоў і музеяў». 

“Можна скончыць бясконцую колькасць акадэмій і нават атрымаць дыплом куратара ў Bard College — іх там штогод выдаюць сотнямі; плаці 60 000 долараў або шукай стыпендыю — і нават рабіць выставы, і выкладаць фатаграфіі гэтых выстаў у Instagram. І ўсё дзеля таго, каб цябе распазналі як куратара. А далей што?”

Для Ганны Карпенка куратарства — праца, якая дазваляе сябе ўтрымліваць, не шукаючы пры гэтым прызнання.

“Прызнанне ад каго і навошта? (...) «Выставы і публікацыі — самыя хуткарастваральныя формы мастацкага выказвання: назвы і імёны імгненна забываюцца», — кажа яна.

Замест гэтага яна акцэнтуе працэдуры, каманду і адказнасць перад людзьмі: прафесіяналізм для яе — гэта ўзгодненая пазіцыя, празрыстыя правілы і здольнасць сабраць працэс.

Паводле яе назіранняў, у беларускім кантэксце куратарам сябе называе літаральна хто заўгодна: менеджары культуры, галерысты, даследчыкі. Карпенка не мае нічога супраць, бо куратарства ў беларускім полі — статус з размытымі межамі. 

На пытанне пра гендарны аспект прафесіі адказвае:

 «Я сапраўды лічу, што канцэнтрацыя на гендарнай праблематыцы — вельмі абмежаваная. Мы жывём у свеце, дзе жанчыны працуюць з недаплатай, і гэта ўсім вядома; у той жа час у Газе, Судане, Конга, Украіне, Іране, Афганістане і па ўсім свеце людзі гінуць сотнямі тысяч ад генацыду, войнаў і канфліктаў, якія фінансуюцца праз тых, хто потым адкрывае прыгожыя выставы ва ўтульных заходніх інстытуцыях— і дзе тут шукаць гендарны баланс?». 

Валянцина Киселёва

Валянціна Кісялёва. Берлін

 куратарка і арт-менеджарка, сузаснавальніца “Падземкі” і галерэі сучаснага мастацтва «Ў»

У галерэі «Падземка », якую яны з камандай пачыналі ў 2004, спачатку дзейнічала мадэль «жывой лабараторыі». Так Валянціна апісвае сістэму, калі планавыя паказы суседнічалі са спантаннымі, а замежныя мастакі, якія заязджалі ў горад, маглі стаць часткай кароткатэрміновай выставы.

«Слова “куратарка” яшчэ не было ў агульным ужытку, часцей казалі “арганізатарка”», — згадвае яна.

З адкрыццём «Ў» дзейнасць беларускі стала больш сістэмнай — Валянціна цалкам кіравала ўсімі этапамі праграмнага і праектнага развіцця, у тым ліку калектыўным курыраваннем, калі трэба было аб’ядноўваць людзей для стварэння супольнага выказвання. Таксама яна займалася ініцыятывай «Баланс», дзе ўсе супрацоўнікі галерэі прадставілі сваю працу ў форме мастацкага праекта.

Па словах Валянціны, у тыя часы прафесіяналаў у сферы сучаснага мастацтва было не так шмат, таму нават дзейнасць «Ў» некаторыя называлі непрафесійнай. Але куратарка падкрэслівае: 

«“Падземка” (існавала з 2004 па 2009 гады — рэд.) плюс “Ў” (існавала з 2009 па 2020 гады — рэд.) — самы працяглы перыяд бесперапыннай працы ў гісторыі сучаснага мастацтва Беларусі. 16 гадоў працаваць і развівацца разам з супольнасцю — гэта само па сабе пацвярджэнне прафесіяналізму».

Цяпер Валянціна працуе ў Еўропе ў тандэме з Ганнай Чыстасердавай у праекце Ambasada Kultury. На дадзены момант ініцыятыва падтрымлівае і развівае сувязі ўнутры і па-за межамі беларускай культурнай супольнасці, спрыяючы супрацоўніцтву і калабарацыі мастакоў і актывістаў з розных галін культуры.

Для Валянціны куратарства — і пра канцэпцыі, і пра адказнасць. «Ствараць гнуткія сувязі, падтрымліваць празрыстасць і сумленную аплату, збіраць працэсы» — тлумачыць яна свой падыход.

«Дзіўна было сутыкнуцца ў Еўропе з меркаваннем некаторых беларускіх куратараў і даследчыкаў, што тыя, хто ініцыюе і вядзе праекты, але бярэ на сябе менеджмент, — гэта “абслугоўваючы персанал”. Нібыта яны цягнуць патэрн з “непрафесійнага” мінулага, адкідваючы іншы, свабодны досвед, не прывязаны да дыпломаў».

Ад імя рэдакцыі:

Безумоўна, суразмоўцы гэтага інтэрв'ю гэта далёка не ўсе жанчыны, якія робяць вялікую працу для беларускай арт-супольнасці. Мы таксама хацелі бы вылучыць:

Дзіну Даніловіч, якая стварае адны з лепшых сучасных выстаў у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў; Кацярыну Янкоўскую, без якой немагчыма прадставіць Восеньскі салон і Арт-Мінск; усіх лектарак, мастацтвазнаўцаў, даследчыц праекта «Арт Повод» Юлію Лісай, Кацярыну Ізафатаву, Ірыну Скварцову і менеджарку праекта Алену Бубенчыкаву; арт-менеджарку Вольгу Жук; мастацтвазнаўцу Алену Бохан; мастацтвазнаўцу Ксенію Жукоўскую; арт-менеджерку і куратарку Майю Кацнельсон; галерыстку Надзею Наўроцкую; куратарку і мастацтвазнаўцу Ірыну Кандраценка; даследчыцу і мастачку Мар’яну Карповіч; арт-менеджарку цэнтра «Кайрос» Марыну Казак; галерыстку «Арт-Фабрыкі» Дар’ю Аўчыннікаву; куратарку і даследчыцу Сафію Садоўскую; куратарку Лізавету Міхальчук; арт-менеджарку Ірыну Кандраценка; куратарку і даследчыцу Антаніну Сцебур; арт-менеджарку Іру Лукашэнка; даследчыц Сашу Рэйзар, Анастасію Трафімчык, Вольгу Скварцову, Кацярыну Каленкевіч, Вольгу Архіпаву, Камілу Аруцюнян і Таню Арцімовіч; куратарку Лену Прэнц; су-заснавальніцу праекта Revolution Дашу Брыян; куратарку, мастацтвазнаўцу і су-заснавальніцу курса «Школа Колекционера» Дар’ю Пушко; заснавальніцу праекта ArtYard Вольгу Кавальскую; заснавальніцу OffMuseum і дызайнерку Алену Ярашэвіч; галерыстку DK галерэі Кацярыну Давыдаву-Высоцке; галерыстку A&V галерэі Марыю Абдо; арт-менеджарак Вольгу Мжэльскую і Вольгу Кліп.

І нават зараз, пералічыўшы больш за 30 імёнаў, трэба дадаць, што гэта далёка не ўсе асобы нашай арт-сферы. Штогод мы дадаем у асабісты спіс новыя імёны жанчын, якія робяць вельмі важную, але не заўсёды бачную працу для беларускага мастацтва.

Размаўляла з куратаркамі, менеджаркамі і даследчыцамі: арт-менеджарка Ліза Мас.

На вокладцы выкарыстан фотаздымак з выставы «Дом Ясека для ўяўных сяброў» у студыі Яна Мажджынскага, частка праекта «Мастацкае, калектыўнае, метрапалітэнскае. Варшаўскія мастацкія студыі як мікраінстытуцыі», куратары Вера Залуцкая і Луцыя Сташкевіч, 2023, фота: Lena Pierga.

Фота Валерыя Каляга з асабістака архіва;
Фота Алены Машчонак з асабістага архіву;
Фота Веры Залуцкай аўтарства Karolina Januzemis;
Фота Ганны Чыстасердавай з асабістага архіву;
Фота Лізаветы Сцяцко аўтарства Vlad Petrushkevich;
Фота Ганны Карпенка з асабістага архіву;
Фота Валянціны Кісялёвай з асабістага архіву.

ПАДЗЯЛIЦЦА:

Падобныя матэрыялы

Жаночая цішыня ў беларускім музеі. Як мастачкі (не)прысутнічаюць у вялікіх культурных інстытуцыях
The Line | Аналітыка, 06.11.2025
У Нацыянальнага мастацкага музея новая кіраўніца. Цяпер пасаду генеральнай дырэктаркі займае Ірына Мацяс
Навіна, 08.11.2025
Паслухаць лекцыі мастацтвазнаўцы Дзмітрыя Салодкага цяпер можна бясплатна і анлайн! На YouTube адчынілі асобны канал з жывымі эфірамі ад знакамітага даследчыка
Навіна, 07.11.2025

 

 

КАНТАКТЫ

 

САЧЫЦЕ ЗА НАМI

INSTAGRAM       TELEGRAM       TIKTOK       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2026
Выкарыстанне матэрыялаў або фрагментаў матэрыялаў
магчыма толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. 

 

 

 

 

 

 

 

КОНТАКТЫ

 

СЛЕДИТЕ ЗА НАМИ

INSTAGRAM       TELEGRAM       TIKTOK       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2024
Использование материалов или фрагментов материалов
возможно только с письменного разрешения редакции.