Аўдыявізуальнае мастацтва Bazinato

Аўдыявізуальнае мастацтва Bazinato

Iнтэрв'ю  |  БЕЛАРУСЬ  |  СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА  |  8.05.2020

ChrysalisMag пагутарыў з беларускім аўдыявізуальным мастаком і даследчыкам Bazinato: пра адукацыю, стаўленне да крытыкі, натхненне, і праект “Artonist”.

 

21-cover

ПАДЗЯЛIЦЦА:

– Дзе і на каго ты вучыўся?

– У мяне дзве адукацыі. Першае гэта біялагічная, я біёлаг-валеолаг, выкладчык біялогіі, БДПУ ім. Максіма Танка; другое — ЕГУ ў Вільні, візуальны дызайн медыя.

– Як ты лічыш, для мастака важна класічная прафесійная адукацыя (БДУ, БДАМ)?

– Слухай, я там не вучыўся, у гэтых інстытуцыях. Але мяркуючы па тым, дзе вучыўся я, яно вучыць толькі вучыцца, дысцыпліне, выконваць заданні. Але асабіста я ўсе свае скілы атрымліваў сам — тэма цікавая, ты яе даследуеш. Усё гэта залежыць ад педагогаў, асабіста мне трапляліся прышпільныя выкладчыкі, але яны ўсё ў асноўным былі замежныя. Як напрыклад, выкладчык фатаграфіі з Каліфорніі — мы разам з ім малявалі, рабілі працы, у нас з ім сфармаваліся сяброўскія адносіны, усё было лайтова.

«Крыніца» / фестываль мастацкіх практык і крытычных ведаў «Багна», Беларусь / 2014

«Магчымасць знайсці грань разумення, дзе мяжа і рыса таго, што можа сабе дазволіць чалавек. Стварыць аб'екты, якія ніякім чынам не паўплываюць на асяроддзе і пры гэтым будуць мець кароткі жыццёвы цыкл. Я прыдумаў знаходзіць дзіўныя месцы, вывучаць іх, слухаць гукі, глядзець на траву, насякомых і камяні. Думаць аб тым, што я хацеў бы дадаць у гэта месца або, наадварот, нічога не дадаваць».

 

– А чаму ты выбраў біялогію, валеалогію?

– Таму што я заўсёды хацеў быць палеантолагам, але ў нас у Беларусі не было палеанталогіі. І мне заўсёды падабалася біялогія, з вобласці прыродазнаўства. Але і выбар на той момант быў асабліва невялікі.

– З чаго пачынаўся твой творчы шлях?

– Ён пачынаўся з графіці. Гэта быў такі вандалізм — налепкі, графіці, роспісы ў публічных месцах, увогуле, стрыт-арт.

13
14

«Я кокан» / EVAA project, Беларусь, Утрына / 2013

 

– Ты называеш сябе аўдыявізуальным мастаком і даследчыкам, чаму менавіта так?

– На самай справе, я вёў вельмі шмат работ, якiя былі сумежныя. Амаль увесь кантэнт, усё змесціва, альбо гукавое, трансляванае праз медыя, экраны, фільмы — у іх прысутнічаюць карцінка, гук. Плюс я займаюся музыкай, анімацыяй — то бок ёсць гук і візуальны складнік.

– Твая самая запамінальная праца?

– «Вялікая істота» — калі казаць аб агульным карыстанні. Яна стала шырока абмяркоўвацца, транслявацца. Кожны рэсурс пра гэта напісаў, гэта ўбачылi вялікая колькасць людзей.

У мяне быў анімацыйны фільм «Паўстанне цішыні». Ён пачынаўся з перформансу — мы з маёй мамай праводзілі выступленне, ішоў візуальны шэраг, зроблены з карцін, яны былі ажыўленыя анімацыяй, а потым ужо ішоў фільм. Ён паехаў па анімацыйных фестывалях, заваёўваў прызы.

У свой час я рабіў вялікую колькасць часопісаў, збіраў 15-20 мастакоў, ілюстратараў, кожны рабіў сваю старонку. Гэты часопіс ёсць вельмі шмат дзе ў свеце — музеях, калекцыях, ад Японіі да Амерыкі.

 

«Вялікая істота» / фестываль Vulica Brasil, Беларусь, Мiнск / 2017

 

– Якая ў цябе была рэакцыя, калі ты даведаўся, што ў «Iстоты» адарвалі рукі?

– Нармальна, я стаю на тым, што працы павінны мяняцца, і не ператварацца ў штодзённасць: «Пабыла, зрабіла нейкі эфект і знікла». Гэта нармальна. Наогул, гэта было выдатна — я планаваў больш этапнасці ўзаемадзеяння з ёй, больш магчымасцяў яе змяняць, дапаўняць: адарвалі рукі — з'явіліся новыя, такім чынам, адбываецца ўзаемадзеянне з асяроддзем: скульптура, з аднаго боку статычная, з другога — пастаянна мяняецца. 

«Блізкасць» / фестываль Slavutich 86, Украіна, Славутич / 2017

 

– Ці было хваляванне наконт таго, як гэтыя працы будуць успрымацца публікай?

– Не, ніякага хвалявання не было. Тая ж «Вялікая істота» — першапачаткова я нават не мог падумаць, што першасная асацыяцыя будзе з вагінай, я нават не думаў пра гэта. У мяне пыталіся, спецыяльна ці я гэта зрабіў, так задзірліва.

З іншага боку, ёсць мурал на Кастрычніцкай, толькі тады хваляванне было, калі малюеш, і думаеш, ці патрапіш ты ў памер.

Наконт таго, як гэта ўспрымаецца аўдыторыяй — хвалявання няма, я заўсёды ведаў, што кожны чалавек успрымае па-свойму.

«Апошняя чароўная краіна» / фестываль Vulica Brasil, Беларусь, Мiнск / 2016

 

– Якія былі самыя запамінальныя фідбэкі ад гледачоў?

– Іх на самай справе вельмі шмат. Да прыкладу, з рэзідэнцыяй «Кантакт» была пацешная штука — мы аднаўлялі стары абрад «Каравайніцы», яго ўжо ніхто не робіць: дзве дзяўчыны апранаюць народныя касцюмы і склікаюць усіх на вяселле. А мы таксама пераапраналіся і склікалі ўсіх на наш фестываль Дзвіж, рэзідэнцыя была на працягу тыдня, і заканчвацца яна павінна была фестывалем. У нас быў канфлікт з лакальнай адміністрацыяй — адзін з аўтобусаў мы вырашылі зрабіць публічным месцам, зрабіць з яго лабараторыю, і мы размалявалі яго ў вясёлку. Нас абвінавацілі ў прапагандзе ЛГБТ, не пусцілі на месца правядзення фестывалю. Было шмат наездаў з нагоды таго, што я рабіў роспісы без дазволу старшыні сельсавета. Любая праца ў публічным месцы мае пэўную рэакцыю, у дадзеным месцы гэта было так.

Было і такое, што я маляваў працу ў публічным месцы, да мяне падышоў святар (я маляваў насупраць царквы). Ён вельмі доўга стаяў, глядзеў на гэта ўсё, я ў яго спытаў: «Што вы думаеце?». А ён мне ў адказ: «Хай будзе». І сышоў.

Калі я размалёўваў мурал «Апошняя чароўная краіна», я маляваў ката, і тут да мяне падыходзіць мужык, і кажа: «Чувак, што ты тут чарцей малюеш?». Мяне гэта ўсміхнула.

Наогул, ёсць чат, дзе даецца анонс, накшталт «BAZINATO збіраецца рабіць нейкую працу», і карыстальнік з Украіны піша: «Ого, базы NATO ў Беларусі?». Такіх смешных гісторый хапае.

«Пнi» / Беларусь, Вілейшчына / 2018-2019

 

– Ці бываюць негатыўныя водгукі?

– Так, і даволі часта. Да прыкладу, у рамках Vulica Brazil ў мяне была праца — я намаляваў малпачак за кратамі, і падпісаў: «Нам усім трэба мяняцца». Гэтая праца выстаўлялася на Плошчы Якуба Коласа. Была куча негатыўных каментароў на Onliner, маўляў, якое лайно, хто дазволіў гэтым укуркам што-небудзь выстаўляць у цэнтры горада, і да таго падобнае. Часцей за ўсё не звяртаю на гэта ўвагу — не хочацца мець справу з чалавекам, які чымсьці незадаволены.

У Віцебску я рабіў роспіс боку трохпавярховага дома, у рамках фестывалю «Атмасфера». Там у мяне закахалася адна бабулька, яна стала маёй суперфанаткай. Яна сама доктар медыцынскіх навук, вельмі прыкольна выглядае. Яна прыводзіла ўсіх сваіх сяброў, жыхароў дома — паказвала, распавядала. Яна мне да гэтага часу шле нейкія карцінкі, віншаванні. Усю прылеглую да гэтай сцяны тэрыторыю яна зрабіла газонам, будавала нейкія масткі. Тых, хто дрэнна адгукаўся: «Вось, навошта тут гэта маляваць, лепш бы мне пад'езд пафарбавалі», яна да іх падбягала, хапала за шкіркі: «Ды ты што, гэта ж мастацтва, ты нічога не разумееш». Прыкольная жанчына, такіх бы пабольш.

У нас быў таксама роспіс у Маладзечна, са школьнікамі ў рамках адукацыйнага курса «Мастацтва як сацыяльная практыка і працэс даследавання свету». Многія спачатку былі незадаволеныя — калі ты прыўносіш што-небудзь новае ў асяроддзе, нязвыклае, гэта выклікае збянтэжанасць, сарамлівасць, незадаволенасць. Былі і тыя, хто гэта абаранялі, уступалі ў палеміку, але я ў такіх дыскусіях не ўдзельнічаю, звычайна яны самі ва ўсім разбіраюцца.

«Вертыкальныя прадметы паляпшаюць настрой» / арт-рэзідэнцыя SPRAVA, Беларусь, Белая Царква / 2018

 

– Што для цябе натхненне, чым ты натхняешся?

– Вядома ж, гэта музыка. Для мяне важны гук, у прынцыпе, гукі самі па сабе, слыхавае асяроддзе. Вельмі часта гэта з'яўляецца прыродным складнікам: нейкія з'явы, пэўныя месцы, якія становяцца натхняльнікамі. Пэўны момант, пахі, вядома ж гэта людзі, узаемадзеянне з якімі накшталт напою. Гэта і кантэнт іншых мастакоў, людзей, дызайнераў, з навукі, кіно.

– Ты часта робіш працы, звязаныя з эка-тэматыкай, чаму менавіта гэтая сфера?

– Я не думаю што гэта дакладна звязана з эка-тэматыкай. Я з'яўляюся членам экалагічнай арганізацыі, «Багна». Там першая павестка тэмы — абарона дзікай прыроды, абарона балот. Я на гэты конт маю сваё пэўнае бачанне, як трэба ставіцца да прыроды, я быў заўсёды за тое, каб спачатку паглядзець, пачакаць, а потым ўкараняцца.

Але ўсё ж, я не магу сказаць, што я таплю за экалогію, ёсць шмат спрэчных момантаў, ці правільна мы паступаем, ці не. Я працую над тэмай межаў — ты можаш дазволіць сабе перайсці на той ці іншы бок, уздзейнiчаць на асяроддзе.

«Левітацыя — лунанне ў паветры» / арт-рэзідэнцыя Кантэкст, Расія, Байкал / 2018

 

– Серыю праектаў, якія мы ўбачылі на тваёй лекцыі, можна вызначыць як лясны art. Што стала адпраўной кропкай для таго, каб ты стаў гэтым займацца?

– Зноў жа так: даступнасць, прастата ўваходу ў асяроддзе, яе камфортнасць, дзе няма ні куратараў, ні дырэктараў — нікога, хто б сказаў табе «так» ці «не». Пры гэтым, ёсць унутранае меркаванне, якое дазваляе табе гэта зрабіць. Плюс яшчэ, тут ёсць асабістыя моманты — у дзяцінстве я праводзіў шмат часу на прыродзе, у лясах. Гэта асяроддзе, якое не выклікае ніякага адрыньвання, з'яўляецца адкрытым для эксперыментаў. Многія працы, якія я не заўсёды паказваю, яны як раз пра такую інтымную пяшчоту, інтымны дыялог паміж мной і тым жа лесам, прыродай.

Ёсць такія тэмы, з пэўным запытам, на экалагічную тэматыку, да прыкладу «Прырода гуку», як можна даследаваць сам гук: як чалавечы фактар, уплыў гуку, яго экалагічная прырода, як ён уплывае на жывёл. Тут ужо ідуць адсылкі да даследаванняў — практыкі не заўсёды дазваляюць праз тэхнікі мастацтва атрымліваць адказы, навуковыя дадзеныя.

– Friday For Future — што ты думаеш пра гэты рух?

– Я думаю гэта вельмі класная думка — не хадзіць у пятніцу ў школу, што там наогул рабіць. Проста тады ўзнікае пытанне, чым дзеці будуць займацца, для чаго ўся гэта масавасць.

Я думаю, гэта выдатны спосаб выказацца, прыцягнуць увагу. Дзеці, школьнікі, наогул многія людзі, прыходзяць у рэальнасць, у якой існуюць правілы, прыдуманыя за іх, прыходзіцца ў іх убудоўвацца. А гэтыя людзі спрабуюць выйсці за гэтыя рамкі, паламаць структуру, узяць адказнасць на сябе. У цэлым, стаўлюся да гэтага станоўча.

«Вартавы Пушчы» / рэзідэнцыя Кантакт, Белавежская Пушча, Новы Двор

41-1

«Каравайніцы» / рэзідэнцыя Кантакт, Белавежская Пушча, Новы Двор

 

– Ты быў куратарам фестывалю «Кантакт», які праходзіў у Белавежскай пушчы, раскажы пра яго.

– Гэта была вялікая арганізацыя, з арганізацыяй «Дзекабрысты», з Берліна. Мы прыдумалі зрабіць рэзідэнцыю на Байкале, і ў Белавежскай пушчы. З рознымі лакацыямі, рознымі тэмамі, куратарамі.

Чаму Белавежская пушча? Гэта такі архаічны лес, досыць нязменны, у натуральных прыродных умовах, з яго сімваламі (зубр), легендамі. Мяне прыцягнула яго міфалогія, месца, магчымасць папрацаваць з прыродным кантэкстам, на мяжы з чалавечым асяроддзем — паглядзець, як узаемадзейнічае чалавек і прырода, як яна ўплывае на людзей, якія жывуць побач, як яны глядзяць на гэта. Глядзяць досыць банальна — «Ну і што, што гэта зубры, жывуць сабе і дохнуць».

«Вiтраж — запаўнення праёму» / арт-рэзідэнцыя Кантэкст, Расія, Байкал / 2018

 

– Не так даўно ты з Вольгай Мжэльскай і Ірынай Лукашэнка запусцілі праект "Artonist". Што гэта за праект?

– Мы ўжо вельмі даўно займаемся калякультурнымі адукацыйнымі праектамі. Мы ўжо зрабілі тры кнігі па беларускаму мастацтву, для дзяцей, з гульнямі, на беларускай мове. Плюс, мы займаемся воркшопамі, экскурсіямі, фестывалямі, выставамі. У асноўным гэта было з дзецьмі, потым з падлеткамі, больш старэйшага ўзросту. То бок, гэта ў асноўным асветніцкія гісторыі, накіраваныя на тое, каб пашыраць поле спажыўцоў мастацтва, залучаць у яго ўсё больш і больш людзей.

Спачатку мы супрацоўнічалі з «Галерэяй Ў», але потым мы перайшлі больш у самастойнае плаванне, для таго, каб не было гэтага інстытуцыйнага ціску, ды і ў прынцыпе ў «Галерэі» свая палітыка, яна накладвае пэўныя рамкі. А цяпер мы можам рабіць усё, што нам цікава — гэта і сустрэчы з мастакамі, выязныя рэзідэнцыі, наведвання майстэрняў, школы, майстар-класы. Больш непасрэдны чалавечы кантакт з мастацтвам, людзьмі, якія яго ствараюць.

«Адчуй маё лясное» / EVAA project, Беларусь, Балдук / 2014

«Паўстанне цішыні» / кадры з фільма

«Вопыт сінэстэзіі» / Лэнд арт фестываль, Польшча / 2015

Photo1-24

Бiяграфiя:
Bazinato (Базыль Стахіевіч) — беларускі аўдыявізуальны мастак і даследчык з Маладзечна.

Bazinato працуе з практыкамі ўзаемадзеяння і ўспрымання. Праз даследаванне свету, яго макра- і мікраструктуру, ён прапануе ўздзейнічаць на асяроддзе, прастору і час, ужываючы ў сваіх эксперыментах усе даступныя практыкі мастацтва і навуковыя веды.

Адукацыя:
1999-2004

 — біёлаг-валеолаг, выкладчык біялогіі, БДПУ ім. Максіма Танка; 

2007-2011 — ЕГУ ў Вільні, візуальны дызайн i медыя.

Кантакты:
Site
Instagram
Facebook

 

 

 
Усе выявы ўзятыя з з асабістага архіва мастака.

Перадрук матэрыяла цi фрагментаў магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.



 

ПАДЗЯЛIЦЦА:

 

 

КАНТАКТЫ

 

САЧЫЦЕ ЗА НАМI

INSTAGRAM       TELEGRAM       TIKTOK       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2025
Выкарыстанне матэрыялаў або фрагментаў матэрыялаў
магчыма толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. 

 

 

 

 

 

 

 

КОНТАКТЫ

 

СЛЕДИТЕ ЗА НАМИ

INSTAGRAM       TELEGRAM       TIKTOK       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2024
Использование материалов или фрагментов материалов
возможно только с письменного разрешения редакции.