Традыцыйнае мастацтва Беларусі: як яно захоўваецца і пераўтвараецца ў сучаснасць
Беларускае мастацтва: ад маляванак да NFT | БЕЛАРУСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ | СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА | 21.07.2022
Зараз мы жывем у стане падвоенасці, і гэты стан праяўляецца ва ўсіх сферах жыцця. У тым ліку і ў візуальным адлюстраванні традыцый у сучаснай Беларусі. Але калі мы вяртаемся да традыцыі, якая з'яўляецца архаічнай і больш аўтэнтычнай, то знаходзім, што шмат чаго да гэтага часу захавалася. Трэба проста ведаць, што ты шукаеш і куды глядзіш. Мы працягваем праект «Беларускае мастацства: ад маляванак да NFT» і ў гэты раз распавядзем пра беларускія традыцыі, якія з’яўляюцца і ў нашым жыцці праз мастацтва і працы нашых творцаў. У гэтым тэксце вы знойдзеце дзве вялікія часткі. У першай мы пагаворым пра працу музеяў і незалежных творцаў, а ў другой — пра тых, на каго абавязкова варта паглядзець, таму што гэта проста прыгожа і цікава.
ПАДЗЯЛІЦЦА:
Змест:
Як працуе захоўванне нашага мінулага?
Як працуюць музеі і чаму мы глядзім там менавіта на тое, што выстаўлена?
Пачаць трэба з таго, што кожны музей — гэта тытанічная праца, і ў музеі заўсёды знаходзяцца вельмі якасныя рэчы. Там можа быць не геніяльнае мастацтва, але ніколі не будзе халтуры. Адпаведна таму музеі ўжо самі па сабе — гэта пазл, а іх экспазіцыйныя прадметы — як кавалачак пазла пад назвай «лепшае з культуры, што мы змаглі захаваць». Пры гэтым захаванне і з'яўляецца першай задачай музея. За ёй ужо ідуць вывучэнне і дэманстрацыя. Логіка такая: калі мы нічога не захаваем, то не будзе чаго паказваць.
Яркі прыклад з пытаннем «чаму нам гэта не паказваюць» можна ўбачыць на прыкладзе Заслаўя з краязнаўчым музеем і будаваннем музея маляванак. Зараз у Заслаўі захоўваецца амаль 250 дываноў розных аўтараў, у тым ліку Алены Кіш, пра якую мы ўжо расказвалі ў тэксце пра жанчын беларускага мастацтва, і Язэпа Драздовіча. Але музея, які ўжо шмат разоў абяцалі адкрыць, усё яшчэ няма. Адказ на гэта наступны: працы мастакоў можна захаваць, а далей іх няма дзе паказаць. Але, як сцвярджае мастацтвазнаўца і аўтар канала «ОколоКультуры» Мікіта Моніч, час у музеях і вакол іх ідзе па-рознаму, таму музей рана ці позна адкрыецца. Адзінае непапраўнае, што можа адбыцца з музеем — яго могуць разрабаваць ці спаліць. Калі ні таго, ні іншага не адбудзецца, то рана ці позна музей пакажа нам свае экспанаты.
Язэп Драздовіч — Ліс з савою / Адна з маляванак.
Калі ж мы датычымся да музеяў, што ўжо існуюць, то і тут можа ўзнікаць мноства пытанняў, чаму менавіта гэтыя экспазіцыі мы бачым перад вачамі:
«Калі чалавек сам сабе адказвае на гэтыя пытанні, то першы варыянт, які ўзнікае — “Вось шо было, тое і паказваюць!”. А калі яшчэ сказаць, што музей валодае значна большым, чым дэманструе, а бачыць глядач 2-3% фонду, ён тым больш пытае: “Гэта прыгожа, гэта я разумею. А вось гэта што тут робіць? Што гэта за адстой такі? Хто гэта павесіў/паставіў?”. Адпаведна даводзіцца тлумачыць пра адбор. Кожны экспанат музея прайшоў свой Mortal Kombat, калі гэта не мікрамузей адзінага мастака, якога нарадзіла гэта зямля за апошнія 100 гадоў. Прадмет мастацтва быў народжаны ў сваю эпоху, яго чамусьці захавалі, потым яго адабралі да закупу ці да перадачы ў музей, ён быў вывучаны і абраны ў яшчэ адным вельмі цвёрдым адборы, каб апынуцца ў экспазіцыі», — расказвае Мікіта Моніч.
Фотаздымак з галоўнага корпусу Нацыянальнага мастацкага музея, які знаходзіцца ў Мінску па адрасе вул. Леніна, 20. Узята з інстаграм-старонкі музея @artmuseum.by
Калі мы кажам пра традыцыйнае мастацтва, то экспанат павінен яшчэ мець сувязь з традыцыяй тэрыторыі, з яе духоўнай культурай, часта, з ужо згубленымі практыкамі. То бок у выпадку з традыцыяй прадмет мастацтва з'яўляецца гіперспасылкай у цэлы фрагмент ужо часта няіснай рэальнасці, якую мы сімвалічна «прыўздымаем». Мы бяром частку натуральнага ці працоўнага свету нашага мінулага і прыўносім у яе нейкі дадатковы сэнс. Для нас менавіта гэта рэальнасць важная, і наша спадчына для нас звышкаштоўна. Пры гэтым, часам мы сакралізуем тое, што ў рамках самой традыцыйнай культуры дасканала не сакралізавалася. Як прыклад можна ўспомніць маляванкі і працы беларускага сучаснага мастака Максіма Осіпава, пра якога мы пагаворым далей.
Музеі традыцыйнай культуры і прадметы, якімі яны валодаюць, важныя для захавання сваёй традыцыі і разумення сябе. Пры гэтым, калі для сфармірванай нацыі музеі важныя, каб дзеці помнілі ці разумелі, што перад імі, калі яны прыязджаюць да бабулі ці прабабулі ў вёску, то для нацыі, якая толькі сябе ўсведамляе і фармуецца (як беларуская цяпер), гэта сапраўды вельмі лёгка можа абрасці рамантычным міфам пра згублены залаты век ці адметную прыроду беларуса.
Прыклад Бабіцкай ткацкай традыцыі — этнавызначальнай і семантычнай з’явы народнай культуры Гомельшчыны. Фотаздымакі узяты з інстаграм-старонкі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава @vetkamuseum
Прадметы мастацтва, што адносяцца да традыцыі, таксама маюць сваю асаблівасць захавання — калі штосьці з традыцыі ўсё яшчэ жыве, знаходзіцца ў карыстанні ў людзей, то каштоўнасць гэтага прадмета могуць недаацэньваць. Два яркія і незвычайныя прыклады падобнага Мікіта Моніч прывёў з гісторыі Кітая:
«Першая гісторыя пра тое, як некалі Кітаем займаўся вялікі рускі кітаіст Аляксееў. Ён першы пачаў збіраць народны малюнак — гэта лубок, які друкаваўся з драўляных дошак і часта размалёўваўся ўручную і выкарыстоўваўся на свяце вясны. І ніхто, апроч акадэміка Аляксеева, не ведаў, што гэта каштоўна. Спачатку ён збіраў сам, потым ён прызвычаіў да гэтага сваіх еўрапейскіх калегаў. Кітайцы тым часам круцілі пальцам у скроні і казалі “што за трызненне”. А праз нейкі час схамянуліся і пачалі збіраць самі.
“Матаем” трохі назад і глядзім на самы вядомы на Захадзе твор азіяцкага мастацтва — “Вялікую хвалю ў Канагаве” ад Кацусіка Хакусая. З феноменам японскай друкаванай графікі “ўкіё-э” (гравюры з драўлянай дошкі, якія былі папулярнымі ў XVIII-XIX стагоддзях у цяперашнім Токіа, заўв.рэд) заходні свет пазнаёміўся, у тым ліку таму што яе выкарысталі ў якасці абгортачнай паперы для керамікі пры адпраўленні ў Еўропу. Гандляры таго часу вельмі цешыліся, што кераміка даехала, а, разгарнуўшы яе, бачылі гравюры і захапляліся адменным мастацкім дасягненнем: “Х'юстан, код чырвоны – код чырвоны, клічце Манэ, клічце Дэга і Ван Гога, у нас тут мастацкая рэвалюцыя!”
Кацусіка Хакусай — «Вялікая хваля ў Канагаве» / гравюра па дрэву / 1823-1831
Вось тое ж адбывалася ў XIX і ХХ стагоддзях з нашай народнай, традыцыйнай культурай, калі ў сялянскіх побытавых саламяных вырабах убачылі эстэтыку».
Як працуюць сучасныя творцы з традыцыяй?
Акрамя культурных устаноў, якія займаюцца захаваннем і дэманстрацыяй беларускай традыцыі, існуе і шэраг сучасных незалежных дзеячаў, якія самастойна займаюцца даследаваннямі. Усе яны самастойна працуюць з розным матэрыялам, які мог бы дапамагчы знайсці нешта новае пра нашу спадчыну. Так, напраклад, самастойна шукае матэрыял беларуская мастачка і даследчыца Маша Мароз для сваіх прац і праектаў. Для свайго архіва беларускай традыцыі Past Perfect мастачка працуе з фотаздымкамі і знаходзіць іх паўсюль, куды можа дацягнуцца: у літаратуры, інтэрнэце і прыватных архівах, з якіх скануе інфармацыю, і праз гэта ўжо стварае сваю базу, свой архіў.
Палессе / Піншчына / 1936 год / здымак Генрыха Паддэмбскага з калекцыі Мячыслава Гловіча / Архіўны фотаздымак з праэкта Past Perfect мастачкі Машы Мароз
«З архіўнымі фатаграфіямі я працую па дастаткова простай схеме: існуе абмежаваны спіс літаратуры, якую можна вывучаць, і я яе даследую. У мяне ёсць вялікая бібліятэка, у якой я збіраю ўсё, што можа дапамагчы, усё, што датычыцца Палесся і іншых рэгіёнаў Беларусі.
Ёсць і інтэрнэт-крыніцы, фота музеяў, прыватныя архівы, з якімі, на шчасце, у мяне таксама трапляецца магчымасць папрацаваць непасрэдна ў экспедыцыях, людзі нешта паказваюць. Напрыклад, у апошняй экспедыцыі ў вёсцы Цераблічы я была абсалютна шчаслівая, таму што змагла адсканаваць прыватны архіў маёй ужо сяброўкі, цудоўнай жанчыны Кацярыны Петрушкевіч. Яшчэ больш за 10 год таму частку яе здымкаў я знайшла ў адной з суполак “Вконтакте”. Некаторыя выявы для мяне былі культавымі, бо яны не сустракаюцца ў аніякай літаратуры. А тут я ўбачыла іх нажывую! Для мяне гэта было, канешне, важна і кранальна. І вось цяпер у мяне ўжо ёсць гэтыя выявы ў добрай якасці. Здымкі, якія раскрываюць вельмі цікавы этнаграфічны пасляваенны пласт, дакладна ўжо не згубяцца».
Палессе / Дзяўчына ў вясельным строі / Брэсцкая вобласць / Піншчына / 1936 год / фотаздымак Зоф’і Хамянтоўскай / Архіўны фотаздымак з праэкта Past Perfect мастачкі Машы Мароз
Палессе / Дзяўчына ў вясельным строі / Брэсцкая вобласць / Піншчына / 1936 год / фотаздымак Зоф’і Хамянтоўскай / Архіўны фотаздымак з праэкта Past Perfect мастачкі Машы Мароз
Сучасныя дзеячы ладзяць і самастойныя экспедыцыі. Як кажа Маша Мароз, у тым, як адбываюцца гэтыя эспедыцыі, увогуле няма ніякага сакрэту:
«Я ўсім раю проста браць аўтамабіль, садзіцца, ехаць і яшчэ пажадана згубіць мапу і тады адразу наладзіцца сувязь. У мяне, канешне, заўсёды ёсць больш ці менш канкрэтныя пункты назначэння, таму што я дастаткова няблага арыентуюся ўжо ў сваім рэгіёне: ёсць больш цікавыя для мяне вёскі ці проста нейкія асаблівыя менавіта праз веды з архіваў. Я магу проста ведаць, што там сто год таму адбываўся такі вэрхал фантастычны, што немагчыма туды не заехаць. А так я складаю сабе самастойна маршрут з тым, што мяне цікавіць, што мне хочацца пабачыць», — кажа мастачка з усмешкай.
Фотаздымкі з экспедыцый мастачкі Машы Мароз / Палессе / Ізбійскі Бор / Брэсцкая вобласць / Ганцавіцкі раён / травень 2022 / Ізбійскі Бор — культавае ўрочышча, вядомае з сярэдзіны 18 ст., месца сыходжання Божай маці. З’яўляецца ўнікальнаю для Беларусі прастораю рытуальнага шанавання, яскрава спалучаючы ў сабе рысы хрысціянства і паганства. Кожны год сюды прыязджаюць сотні людзей, каб прасіць пра вылячэнне, дапамогу і заступніцтва.
Фотаздымкі з экспедыцый мастачкі Машы Мароз / Палессе / Ізбійскі Бор / Брэсцкая вобласць / Ганцавіцкі раён / травень 2022 / Ізбійскі Бор — культавае ўрочышча, вядомае з сярэдзіны 18 ст., месца сыходжання Божай маці. З’яўляецца ўнікальнаю для Беларусі прастораю рытуальнага шанавання, яскрава спалучаючы ў сабе рысы хрысціянства і паганства. Кожны год сюды прыязджаюць сотні людзей, каб прасіць пра вылячэнне, дапамогу і заступніцтва.
Калі губляеш мапу і пачынаеш размаўляць з мясцовымі, з табой пачынае ўзаемадзейнічаць і сама прастора. Гэта можа адбывацца абсалютна з кожным, проста трэба ехаць з вострым бачаннем і абавязкова нешта трапіцца. Важна памятаць, што вельмі проста паглыбляцца у гістарычную спадчыну праз жывы кантакт. Больш за тое, і трэба так рабіць, спрабаваць.
«Бывае такое, што проста пасярод вёскі спыняешся, і мясцовыя цікавяцца, што тут здымаюць, што адбываецца. Так і знаёмімся. У людзей жа па-іншаму ў вёсцы ідзе час. У маёй пазамінулай, здаецца, экспедыцыі было вельмі цікавае знаёмства: адна мясцовая жанчына запрасіла нас да сябе ў хату. Яна проста ішла па вёсцы і ўбачыла, што тут нейкія машыны. У выніку падарыла нам яек і хлеба, распавяла ўсю гісторыю свайго жыцця і пазнаёміла нас са сваімі дачкамі. Адна дачка нават была вымушана спець нам песню! — смяецца Маша, успамінаючы. — Пры гэтым у жанчыны ні тэлефона, нічога. Яна жыве ў вёсцы Іванаўская Слабада, гэта зусім блізенька да ўкраінскай мяжы. І там глухія месцы, сувязь адсутнічае».
Палесская хатка ў в. Стахава, што на старажытнай Піншчыне / Малюнак і фотаздымак праэктаў @woodenberg_inst i @shukannie_
Палесская хатка ў в. Стахава, што на старажытнай Піншчыне / Малюнак і фотаздымак праэктаў @woodenberg_inst i @shukannie_
Акрамя такіх спантанных сустрэч ёсць, канешне, і варыянт шукаць патрэбныя кантакты загадзя. Зрабіць гэта праз знаёмых ці сацыяльныя сеткі. Пра такія выпадкі Маша Мароз таксама распавядае:
«А бывае так, што праз знаёмых я ведаю, што хтосьці гатовы выйсці на кантакт. Так, у Цераблічах я пазнаёмілася з Кацярынай Петрушкевіч, пра якую распавяла раней. Дзякуючы архіву Past Perfect, спачатку мы засябравалі анлайн з сяброўкай Кацярыны. Яна запрасіла нас у Цераблічы да Кацярыны і сказала, што там нас чакаюць пампушкі. Сяброўка Кацярыны перадала кантакт, і мяне сапраўды вельмі-вельмі гасцінна і шчыра сустрэлі ў Цераблічах. Гэта быў адзін з самых асаблівых дзён майго жыцця, таму што насамрэч Кацярына проста як лепшых сяброў нас прыняла. Я здзіўляюся адкрытасці людзей. Канешне, спачатку яны крыху могуць не падпускаць і ўспрымаюць цябе як чужынца, але літаральна праз некалькі фразаў, калі ўжо разумеюць, з якім намерам чалавек перад імі, людзі змяняюцца. Яны проста з адкрытым сэрцам гатовы ўсё-ўсё табе паведаміць. Адчуваецца, наколькі яны любяць месцы, дзе жывуць, і наколькі ім важна перадаць інфармацыю. З якім захапленнем яны гэта робяць, з якой любоўю… гэта вельмі натхняе».
Фотаздымак з экспедыцый мастачкі Машы Мароз / Палессе / Прыдарожны абракальны крыж, упрыгожаны кветкамі / Брэсцкая вобласць / Камянецкі раён / вёска Навіцкавічы / здымак з экспедыцыі ў студзені 2021
Фотаздымак з экспедыцый мастачкі Машы Мароз / Палессе / Прыдарожны абракальны крыж, упрыгожаны кветкамі / Брэсцкая вобласць / Камянецкі раён / вёска Навіцкавічы / здымак з экспедыцыі ў студзені 2021
Таксама творца раіць пачытаць якой-небудзь тэорыі пра мясцовасць, каб проста падумаць, чаму хочацца менавіта туды, бо ўся тэрыторыя Беларусі надзвычай цікавая. У кожнай другой вёсцы ёсць касцёл, сядзіба, царква ўнікальная, ці замчышча, ці нешта яшчэ.
На што і дзе глядзець? Традыцыі ў сучаснасці праз мастацтва
Справы з захоўваннем традыцый у Беларусі абстаяць па-рознаму, і гэта пытанне можна разглядаць з розных бакоў. Шмат матэрыялу было накоплена, ды і ў нас заўсёды былі асобы, якія працуюць з захаваннем. Але адначасова з гэтым ёсць вялікая праблема з тым, што рабіць далей з інфармацыяй, як яе папулярызаваць. Час патрабуе дзеячаў культуры шукаць эстэтычныя формы, якія будуць зразумелымі і цікавымі для сучасных гледачоў, каб традыцыя не толькі захавалася, а яшчэ жыла далей. Таму што, калі мы толькі спыняемся на захаванні, то атрымаем мёртвы кавалак сваёй гісторыі. Далей мы распавядзем вам пра месцы, анлайн-праекты і творцаў, якіх варта глядзець у першую чаргу, пачынаючы знаёмства з нашай тэмай.
Ідзем у музей. Які?
Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава (Instagram)
Шмат хто, з кім мы гаварылі для падрыхтоўкі тэксту, апісвалі Веткаўскі музей як неверагоднае адкрыццё і месца, якое абавязкова трэба наведаць. Сам ён знаходзіцца ў горадзе Ветка (Гомельская вобласць, 279 км ад Мінска ці 25 км ад Гомеля), а яго філіял у самім абласным цэнтры. Абедзве кропкі адназначна варта ўбачыць на свае вочы, нават калі вы ўжо былі на выставах «Веткі», якія прыязджалі ў Мінск.
Фотаздымак з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава / узята з інстаграм-старонкі @vetkamuseum.
Сёння Веткаўскі музей — навукова-даследчы і асветніцкі цэнтр рэгіёна ў галіне традыцыйнай культуры. У яго фондах налічваецца больш за 13 тысяч музейных прадметаў. Навукова-даследчая праца музея прысвечана вывучэнню стараабрадніцкай культуры і культуры беларускай вёскі. Усе праекты «Веткі» — вынік асабістых распрацовак калектыва музея. Дзякуючы творчым дасягненням сваіх супрацоўнікаў Веткаўскі музей застаецца «жывым» і цікавым. Больш за тое, «Ветка» — гэта музей, якому цесна, які хацелася б раскінуць у восем разоў больш, чым ёсць зараз.
Фотаздымак з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава / узята з інстаграм-старонкі @vetkamuseum.
Калі ж магчымасці завітаць у сам музей няма, вельмі раім паглядзець тое, што робіць Веткаўскі музей у сваіх сацыяльных сетках. Напрыклад, у сваім інстаграм яны выкладаюць фота і відэа з экспазіцый, экскурсій, лекцый ды іншых мерапрыемстваў.
Веткаўскі музей працуе па адрасе: г. Ветка, Красная плошча, 5 Рэжым працы: штодзённа з 9:00 да 18:00 (уваход на экспазіцыю да 17:30)
Яго філіял працуе па адрасе: г. Гомель, Плошча Леніна, 4 Рэжым працы: штодзённа з 9:30 да 18:00 (уваход у залы да 17:30)
«Музей беларускага народнага мастацтва» філіял Нацыянальнага мастацкага музея (Instagram)
Паглядзець на беларускае народнае мастацтва можна і ў Раўбічах. Там у былым Крэстагорскім касцёле размешчаны філіял Нацыянальнага мастацкага музея — «Музей беларускага народнага мастацтва».
Фотаздымак Музея беларускага народнага мастацтва з іх інстаграм-старонкі @musejraubichy1979
Да моманту стварэння музея Крэстагорскі касцёл, пабудаваны ў псеўдагатычным стылі, быў моцна разбураны. А пасля рэстаўрацыі яго пераўтварылі ў музей неверагоднай прыгажосці.
Першае знаёмства наведвальнікаў з народным мастацтвам у музеі пачынаецца ўжо на лесвіцы, якая вядзе да пастаянай экспазіцыі. На дзвюх пляцоўках лесвіцы абсталяваны своеасаблівыя бар’еры-вітрыны, у якіх прадстаўлены лялькі з ільновалакна ў нацыянальнай вопратцы і драўляныя куфэркі, інкруставаныя саломкай. З лесвіцы гледачы трапляюць ва ўводную залу, дзе стаяць драўляныя ўслоны, доўгі стол. У гэтым памяшканні праходзяць заняткі школьнага гуртка, працуюць майстры народнага мастацтва. Адтуль глядач трапляе да пастаянай экспазіцыі. Экспазіцыя знаёміць з традыцыйным сялянскім мастацтвам ХVI – пачатку XX стагоддзя і з творамі сучасных майстроў, якія працуюць у найбольш распаўсюджаных відах народнага мастацтва – ткацтве, ганчарстве, разьбярстве і роспісе па дрэве, пляценні з саломы і лазы.
Фотаздымак Музея беларускага народнага мастацтва з іх інстаграм-старонкі @musejraubichy1979
Музей знаходзіцца побач са спартыўнымі будынкамі па біятлоне «Раўбічы» ў 24 кіламетрах ад Мінска. Знайсці яго можна па адрасе: Мінскі раён, Астрашыцкі Гарадок, ск «Раўбічы». Рэжым працы: серада – нядзеля 10:00 – 17:00 (панядзелак і аўторак выходныя).
Глядзім анлайн-праекты, дзе распавядаюць пра беларускія традыцыі
Маларыцкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі / Бытаваў у 19 – сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на поўдні Кобрынскага раёнаў / Фотаздымкі праэкта «Tradycyja»
«Tradycyja» таксама выпускае першую анлайн-энцыклапедыю народных касцюмаў Беларусі ў фармаце відэа і фота. На традыцыйныя беларускія строі з разных куткоў краіны можна паглядзець як на YouTube «Tradycyja», так і на асобнай старонцы ў Instagram «Традыцыйны строй».
«šukańnie» (Instagram)
Зусім новы праект, створаны мінулым летам, пра нізавую этнаграфію, практыкі вясковага побыту і вандроўкі па Беларусі. У своеасаблівай манеры праект даследуе культуру і побыт і распавядае пра беларускія вёскі так, каб чытачы самі захацелі больш даведацца пра свае карані і беларускую культуру.
Фотаздымак з экспедыцый праэкта «šukańnie»
Як адзначаюць самі аўтары праекта, šukańnie — гэта нязменны пошук забытага, але такога блізкага нам, беларусам, мінулага, пра якое важна памятаць.
І, канешне, шукаем традыцыі ў працах творцаў
Максім Осіпаў (Instagram)
Расказваючы пра маляванкі ў нашым спецпраекце, немагчыма выпусціць з-пад увагі сучаснага беларускага мастака Максіма Осіпава. Працы Максіма лёгка пазнаюцца сярод іншых аўтараў.
Максім Осіпаў — «Мы, блячь, не коцiки» ці «Аблудная пагоня» ці «Цырк на дроце» ці «Сонная лощина»
Мастак робіць сучасныя маляванкі, для якіх чэрпае натхненне як з традыцыйнага жывапісу і нашай гісторыі, так і з сучаснай масавай культуры. У працах Максіма нібыта сутыкаецца наша мінулае і сучаснае (і сучасная поп-культура), а да сваіх дываноў мастак дадае тлумачэнні, час ад часу нават некалькі да адной працы. Маляванкі Максіма — гэта амаль цэлы свет, у якім вельмі цікава разбірацца.
Дар’я Цемра (Instagram)
Па словах Цемры, у пэўны перыяд свайго жыцця яна зразумела, што хадзіць па людзях з пачуццём пытання цяжка і ёсць патрэба шукаць шляхі выразу сваіх думак — так яна пачала рабіць карціны. Цяпер мастачка стварае вялікія, складаныя працы, якія ярка раскрываюць праблемы сучаснага грамадства, у тым ліку праз традыцыйную культуру.
Цемра — Беларусачка / Belarusian / 120x100 см / Беларусачка — аўтапартрэт у беларускім жалобным вэлюму (як вобраз). Пераасэнсаванне беларускіх сімвалаў якія гістарычна былі толькі чырвонага колеру ў чорны арнамент жалобнага вэлюму.
Творчы псеўданім Цемры сугучны з сутнасцю яе прац, што асэнсоўваюць вострыя сацыяльныя праблемы. Сярод іх вы знойдзеце шмат разважанняў пра беларускую культуру і ідэнтычнасць. Акрамя таго, ад Цемры вы ўбачыце нават працы на тэму вайны, экалогіі ці сацыяльных стандартаў.
Маша Мароз (Instagram)
Мастачка Маша Мароз адразу разглядала даследванне традыцый як частку пазнання сябе. Праз свае працы яна распавядае пра беларускія традыцыі і дапамагае самой сабе і іншым беларусам любіць сябе і даведацца больш пра нашу гісторыю, спадчыну. Апошняй з прац мастачкі на сённяшні дзень стала інсталяцыя пра архаічны абрад «Ваджэння куста» (куста — націск на «у», заў.рэд.).
Маша Мароз — «Смага: Акумуляцыя жадання» / інсталяцыя / фотаздымкі: Brigita Kasperaite
Сам абрад заключаецца ў тым, што з вёскі бяруць нейкую дзяўчыну ці жанчыну. Жаночым колам яе адводзяць у лес, дзе цалкам з галавой апранаюць у галлё і лісце. Так яна ператвараецца ў падабенства істоты-расліны. Але слова «куста» не мае ніякіх адносінаў да расліны, нават няглядзячы на падабенства знешняга выгляду дзяўчыны ў абрадзе. Куста абазначае род, суполку аднародных прадметаў, сям'ю, групу. І вось жаночым гуртом дзяўчыну праводзяць па ўсіх дварах вёскі. Падчас дзеяння яна захоўвае ананімнасць і цішыню, не прамаўляе ні слова, таму што ў момант абрада яна ўяўляе сабою істоту, якая прыйшла з іншага свету і нясе энергію дабрабыту, жыцця, плёну ад продкаў да людзей. Гаспадары сустракаюць куста, даруюць ежу, напоі, грошы ці іншыя прадметы. Жанчыны ў гэты час спяваюць песні, і адбываецца абмен энергіяй. Калі куста абыходзіць усю вёску, усе збіраюцца разам і святкуюць сканчэнне рытуалу калектыўным застоллем. Адбываецца такі акт салідарызацыі паміж людзьмі, абмену энергіяй і зараджэння новага цыклу жыцця, бо абрад здзяйсняецца акурат перад святам Троіцы. І ўсё гэта абсалютна жывая дагэтуль гісторыя.
Зараз інсталяцыя знаходзіцца ў Ляйпцыгу на выставе «Калі сонца нізка, цені доўгія».
KANVA (Instagram)
KANVA — гэта добры прыклад, як традыцыя можа пераўтварацца ў сучаснасць праз прадметы, якія складаюцца з даволі архаічных рэчаў і сучаснага дызайна, прыгожай візуалізацыі. У беларускага фолк-брэнда знойдзеце традыцыі саламяных «павукоў» — загадкавых талісманаў, з якім звязана мноства легенд і паданняў беларусаў. Па традыцыі саламяных павукоў вешалі пад столлю на самым ганаровым месцы — у чырвоным куце сялянскай хаты. Іх падвешвалі і над галавамі маладых падчас вяселля, і над калыскай немаўляці. Гэтыя абярэгі плялі з залацістай саломкі, збіраючы з мноства фігур у выглядзе пірамід або ромбаў. Лёгкі ажурны выраб засцерагаў, прыносіў дастатак, здароўе і ў той жа час упрыгожваў дом. На працягу года павук «аберагаў» гаспадароў дома, а ў яго павуціне «заблытваліся» ўсе няшчасці і хваробы.
З правага боку: KANVA — Завушніцы «павукі» Злева: Зверху традыцыйныя саламяныя павўкі / з экспазіцыі мастацка-этнаграфічнага музея Язэпа Драздовіча ў вёсцы Гарадзец Віцебскай вобласці / Здымак з суполкі аднадумцаў “Спадчына Вёскі”, аўтарства невядомае / Архіўны фотаздымак з праэкта Past Perfect мастачкі Машы Мароз
Злева: Зверху традыцыйныя саламяныя павўкі / з экспазіцыі мастацка-этнаграфічнага музея Язэпа Драздовіча ў вёсцы Гарадзец Віцебскай вобласці / Здымак з суполкі аднадумцаў “Спадчына Вёскі”, аўтарства невядомае / Архіўны фотаздымак з праэкта Past Perfect мастачкі Машы Мароз З правага боку: KANVA — Завушніцы «павукі»
Таксама ў KANVA знойдзіце і саламяныя вырабы, і нават прадметы аддзення з матывамі беларускага мінулага.
Падобныя матэрыялы